Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хутка», «смачна»? Замяніць на нармальны язык!


Сумарная колькасьць актыўных носьбітаў беларускае мовы паводле перапісу 2009 году
Сумарная колькасьць актыўных носьбітаў беларускае мовы паводле перапісу 2009 году

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што слова «хуткасны» не зразумелае палове беларускага народу, і загадаў памяняць беларускія дарожныя надпісы на «нармальныя» расейскія. Але абсалютная бальшыня жыхароў Беларусі беларускую мову прынамсі разумее. А слова «хуткі» — адно зь любімых у рэклямістаў.

Ёсьць такі дзяржаўны дакумэнт — вынікі перапісу 2009 году. Паводле Закону аб перапісе насельніцтва, ягоныя зьвесткі служаць асновай для праграмаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця дзяржавы.

У анкеце 2009 году, акрамя пытаньняў пра родную мову (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве) і мову, на якой рэспандэнт звычайна размаўляе дома, было і пытаньне №12:

Іншая(-ыя) мова(ы), якой(-імі) Вы свабодна валодаеце.

Яно дазваляе прыблізна ацаніць сумарную колькасьць людзей, якія актыўна валодаюць беларускай мовай. Лічым.
Сярод 9 503 807 жыхароў Беларусі ў 2009 годзе беларускую палічылі роднаю моваю 5 058 334 чалавекі.

А тых, хто назваў яе другой мовай, якою вольна валодае, 1 281 720 чалавек.

Першых і другіх разам 6 340 054, або 66,71%. Г. зн. пераважная бальшыня беларусаў актыўна валодае беларускаю моваю.

А пасіўна (г. зн. на ўзроўні разуменьня)?

Сярод дарослага насельніцтва ў 2012 годзе 99,6% былі пісьменнымі, 90% мелі вышэйшую, сярэднюю ці базавую адукацыю. Г. зн. 90% вывучалі беларускую мову (ці прынамсі беларускую літаратуру — маю на ўвазе так званых «вызваленых ад беларускае мовы» дзяцей вайскоўцаў у 1970-я гады) як школьны прадмет і здавалі па ёй экзамэны.

Значыць, ня менш як 90% нашых дарослых грамадзянаў валодаюць беларускай мовай прынамсі пасіўна. І сьмею заявіць, што выраз «хутка-смачна» ведае ня менш беларусаў, а нават гасьцей нашай краіны.

А яшчэ ёсьць гастранамічная сетка «​Хутка-зручна»​, таксі «​Хутка будзе»​, банкаўскія праграма «​Хутка на картку»​ і «​Хуткі грош»​... Слова «​хуткі»​ ня проста агульнавядомае ў Беларусі, але і прывабнае для кліентаў, інакш яго б не выбіралі ў якасьці брэнду.

Слова «хуткасны»​ празрыстае, утворана ад «хуткасьць»​ і сваёй будовай дакладна адпавядае расейскаму «скоростной»​ (ад «скорость»​). У гарадах Беларусі ёсьць хуткасныя маршруты аўтобусаў, таму слова «хуткасны»​ бачым у візуальнай інфармацыі і на сайтах дзяржаўных прадпрыемстваў транспарту.

Але той, хто не карыстаецца грамадзкім харчаваньнем і грамадзкім транспартам ужо больш як два дзесяцігодзьдзі, хто жыве па-за беларускім народам, яго інтарэсамі і каштоўнасьцямі, гэтага ўсяго проста ня ведае. А хто патрабуе замяніць беларускія словы на нашых вуліцах і дарогах «нормальными»​, засьведчвае да мовы гэтага народу сваю глыбокую непавагу.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG