Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хапун у Бабруйску: мітынг замест плошчы прайшоў у пастарунку


Аўтазакі ў Бабруйску на Дзень Волі
Аўтазакі ў Бабруйску на Дзень Волі

У Бабруйску, дзе 26 сакавіка плянавалася чарговая акцыя, супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі ня толькі актывістаў, патэнцыйных пратэстоўцаў ці журналістаў, але і звычайных мінакоў.

Вакол абедзьвюх гарадзкіх плошчаў стаялі аўтазакі, асабліва пільна сачылі за плошчай Перамогі. На амаль пустой плошчы й на падыходах да яе пачалі з затрыманьняў журналістаў. Каго на лаўцы, каго — пры фатаграфаваньні помніка бабру, каго — проста на выхадзе з рэдакцыі газэты «Вечерний Бобруйск» (яна якраз на плошчы). Глядзелі журналісцкія пасьведчаньні — і праводзілі ў аўтазак.

Потым пачалі браць усіх спрэс. Міліцыянты ў звычайнай форме выбіралі каго-небудзь з купак мінакоў ці тых, хто проста спыняўся на плошчы.

Бралі маладых і старых, жанчын і дзяўчат, бралі тых, хто здымаў затрыманьні.

Адной дзяўчыне разьбілі тэлефон. Жанчыну цягнулі так, што парвалі абодва рукавы курткі. Потым, відаць, пайшла каманда паскорыць працэс — і атрады ў чорным кінуліся забіраць нават наведнікаў прылеглых кавярняў і крамаў.

Віктар з жонкай куплялі сабе курткі ў краме на рагу плошчы Перамогі. Жонка за сваю ўжо заплаціла, муж выбраў і зьбіраўся прымерыць. АМАП заляцеў у краму й пацягнуў абаіх, і яшчэ мужчыну, што купляў дзіцяці пампэрсы. Віктара некалькі разоў моцна ўдарылі тарцамі дубінак у бакі — потым у ГУУС яму выклікалі хуткую.

Жанчына з сынам працавалі ў іншай краме. Пакуль на плошчы было ціха, сын пайшоў у аптэку. Убачыў, як міліцыя цягне пэнсіянэра, прагаварыў сабе пад нос: «Во, нават дзядоў забіраюць...» Са сьпіны падышлі амапаўцы і са словамі «Надта шмат размаўляеш» схапілі яго. Пакупніца зайшла ў краму, сказала: «Там нейкага хлопца затрымалі». Маці зірнула ў вакно — а гэта сын. Выскачыла да яго — узялі й яе. Пакуль не забралі тэлефон, пазваніла дачцэ Марыне, што сядзела дома з малым дзіцем:

«Нас з братам забрала міліцыя! Падбяжы правер, ці зачыніла я краму!»

Дачка жыла непадалёк, прыбегла, спытала ў міліцыянтаў: «Дзе мая мама?» — «Падыдзіце вунь да тых машын». У выніку затрымалі ўсю сям’ю. У хаце засталося адно пяцігадовае дзіця.

У аўтазаку ў Марыны пачалася натуральная гістэрыка, яна плакала і крычала: «Што адбываецца? За што мяне затрымалі? У мяне сын адзін у хаце застаўся!» Пазваніла мужу, каб прыбег забраць ключы ад хаты: «Багдан дома адзін, я ў жалезнай машыне, мяне зараз саджаюць у нейкую клетку!» Міліцыянты-ахоўнікі тут жа папрасілі выключыць і адкласьці тэлефон. На крыкі дзяўчыны: «Дайце перадаць ключы, і я вярнуся ў клетку!» адказвалі: «Ніхто яшчэ па вас не прыйшоў».

«А як ён даведаецца, у якой машыне я?» — на гэта міліцыянты нічога не адказалі.

Журналісты, якія былі ў тым жа аўтазаку і ў якіх яшчэ не адабралі тэлефоны, хацелі пазваніць мужу дзяўчыны — «Схавайце тэлефоны, а то будзем вымушаныя забраць».

Потым паспрабавалі ўсё ж зьвязацца з кіраўніцтвам, але відавочна атрымалі адмову.

Усіх прывезьлі ў ГУУС, дзе аказалася каля 40 затрыманых — 8 журналістаў, старыя мужчыны й жанчыны, студэнты. Марына «ўзьядналася» зь сям’ёй. Празь нейкі час туды прыехаў муж, гразіўся закідаць міліцыю скаргамі — яму далі ўбачыцца з жонкай і забраць ключы ад хаты.

Затрыманых разьмясьцілі ў прасторнай актавай залі, пачалі вадзіць па адным, па два на допыты. Прыехала хуткая, забрала дваіх, у тым ліку пэнсіянэра. На Віктара ўжо не засталося месца, яму аказалі першую дапамогу й выклікалі іншую брыгаду. Сказалі міліцыянтам, каб жонку абавязкова адпусьцілі яго суправаджаць. Аднак міліцэйскае кіраўніцтва адмовілася яе выпусьціць, а Віктар адмовіўся ехаць адзін, застаўся сядзець у залі з жонкай.

Адной жанчыне сталага веку памералі ціск — 240 на 140. Засталася сядзець.

Затрыманы студэнт менскай ВНУ расказаў, што ім на вучобе сказалі перад 25 сакавіка: «Вымятайцеся з інтэрнатаў на выходныя дадому». Заля легла ад сьмеху — зьехаў ад праблем, называецца.

Людзі ў залі расказвалі адзін аднаму свае гісторыі, абураліся, што хапаюць усіх без разбору і што ўвогуле людзям не даюць спакойна сабрацца й абгаварыць праблемы. Кпілі з плякатаў на сьценах: «Служым Закону, народу, Айчыне».

Дзяўчына, якая спачатку плакала і казала, што не разумее, што адбываецца й дзе мы жывем, не пабачыўшы сярод затрыманых ніякіх яўных мітынгоўцаў, а тым больш арганізатараў, сказала: «Запішыце мяне ў арганізатары».

У выніку бабруйскі мітынг замест гарадзкой плошчы прайшоў у гарадзкім упраўленьні ўнутраных спраў. У ім удзельнічалі ў пераважнай большасьці людзі, якія дагэтуль амаль не цікавіліся палітыкай.

Пацягаўшы ўсіх на допыты-тлумачэньні па два, а некаторых і тры разы, пад вечар сталі выпускаць. Спачатку журналістаў гарадзкіх газэт, потым незалежную прэсу, сьледам усіх астатніх. Супрацоўнікі міліцыі ўзялі толькі тлумачэньні ды забралі журналісцкую відэатэхніку «на дасьледаваньне», абвінавачаньняў нікому не выстаўлялі.

Пад вартай да суду застаўся толькі Аляксей Данілейка. У ягоным тэлефоне знайшлі фатаздымак зь мітынгу 12 сакавіка, і ў панядзелак судзьдзя Ермашэвіч аштрафавала яго за ўдзел у тым мітынгу на 5 базавых велічынь. Цяпер ён на волі.

Перад журналістамі гарадзкіх газэт намесьнік начальніка УУС — начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Андрэй Малахаў нават выбачыўся за нязручнасьці і параіў пазначаць сябе бэджамі ды камізэлькамі. Пасьведчаньні, аднак, былі і так ува ўсіх, у многіх — вялізныя бэджы на грудзях, у фатакора «Вячоркі» яшчэ і камізэлька. Чаму, нягледзячы на ўсё гэта, журналістаў затрымалі й доўга не адпускалі, падпалкоўнік Малахаў не сказаў.

Error rendering VK.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG