Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму няслушныя аргумэнты прафэсара Ёфэ


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсытэту (ЗША) Грыгоры Ёфэ летась апублікаваў кнігу «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксьце», у якой вельмі станоўча ацэньвае дзейнасьць беларускага лідэра. Днямі ён прэзэнтаваў сваю працу ў Менску. Таксама прафэсар сустрэўся з сваім галоўным героем — Лукашэнкам, выступіў у Акадэміі кіраваньня, даў інтэрвію беларускім мэдыям.

Падзея сапраўды незвычайная. Дасюль мы прызвычаіліся, што ў замежжы ўслаўленьнем Лукашэнкі займаліся расейскія аўтары, кшталту Роя Мядзьведзева. Тое, што за апалягетыку кіраўніка Беларусі і створанай ім сацыяльнай мадэлі, палітычнага рэжыму ўзяўся амэрыканскі дасьледчык, — гэта пэўная экзотыка. Яшчэ больш цікава, што прафэсар Ёфэ, як можна зразумець, — шчыры прыхільнік Лукашэнкі.

Галоўны аргумэнт, які вылучае сп. Ёфэ, ствараючы станоўчы вобраз беларускага лідэра, палягае ў тым, што кіраўнік Беларусі адлюстроўвае памкненьні, настроі, жаданьні, думкі свайго грамадзтва. А ў гэтым, маўляў, і ёсьць сэнс дэмакратыі. Бо іншай палітыкі ён і ня мог праводзіць. І калі ў нечым і памыляецца, то разам з народам.

Аргумэнт ня новы. Што тут можна адказаць?

Па-першае, гэта ня ёсьць гістарычным апраўданьнем. Мы ведаем шмат прыкладаў, калі дыктатары, якія прыводзілі свае народы да трагедыі, былі дэмакратычна выбраныя і шмат гадоў мелі шырокую падтрымку насельніцтва.

Па-другое, ці адлюстроўвае лідэр інтарэсы народа — гэта можна вызначыць толькі ва ўмовах дэмакратыі, свабоднай канкурэнцыі ідэй і палітычных сіл. Гэтага ў Беларусі даўно няма. Затое ёсьць расколатае грамадзтва.

Сацыёлягі фіксуюць, што большасьць беларусаў падзяляе асноўныя кірункі палітыкі Лукашэнкі. Але сацыялёгія ў несвабодным грамадзтве ў значнай ступені адлюстроўвае карціну сьвету, навязаную афіцыйнай прапагандай.

Хацеў бы я ведаць, які ўзровень падтрымкі Лукашэнкі сёньня, пасьля дэвальвацыі

Да таго ж гэтая большасьць вельмі хісткая. Пасьля крызісу 2011 году Лукашэнка страціў падтрымку асноўнай масы грамадзтва. У нейкі момант кіраўнік Беларусі меў рэйтынг каля 20%. Хацеў бы я ведаць, які ўзровень падтрымкі Лукашэнкі сёньня, пасьля дэвальвацыі. Чамусьці здаецца, што ні пра якую большасьць цяпер казаць не выпадае.

Па-трэцяе, лідэр нацыі, асабліва той, які кіруе краінай больш за 20 гадоў і ўжо адным гэтым фактам прэтэндуе на адметнае месца ў гісторыі сваёй краіны, павінен мець больш шырокі гарызонт, пэрспэктыўнае бачаньне будучыні соцыюму. Ён павінен быць хоць бы ледзь-ледзь разумнейшы за сярэднестатыстычнага грамадзяніна, умець вызначаць дамінуючую грамадзкую тэндэнцыю, пралічваць сытуацыю хаця б на адзін ход наперад, бачыць карэнныя, доўгатэрміновыя, а ня толькі імгненныя інтарэсы дзяржавы і грамадзтва. Калі палітык па прастаце душэўнай літаральна паўтарае тое, што думае шараговы абывацель, падкрэсьліваючы пры гэтым, што ён гаворыць ад імя народа, — то гора таму народу. Дорага нам абыходзіцца ленінская ідэя пра кухарку, здольную кіраваць дзяржавай.

І тут трэба заўважыць, што прафэсар Ёфэ прыехаў у Менск прэзэнтаваць сваю апалягетычную кнігу ў няўдалы час. Больш неспрыяльны момант цяжка ўявіць. Крызіс беларускай сацыяльнай мадэлі відавочны. Атрымалася, што лідэр, няхай сабе і абапіраючыся на большасьць насельніцтва, прывёў краіну ў гістарычны тупік. Патрэбныя кардынальныя рэформы, якім Лукашэнка ўсяляк супраціўляецца.

Нямецкі гісторык Леапольд фон Ранке, дасьледуючы біяграфію Нікала Макіявэлі, пісаў, што той меў дастаткова мужнасьці, каб прапісаць сваёй бацькаўшчыне яд. Дык вось сапраўдны лідэр, дзяржаўны дзеяч, у адрозьненьне ад палітыка-папуліста, павінен мець дастаткова мужнасьці, каб прапісаць сваёй краіне балючыя рэформы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG