Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наша апошняя гутарка з Барысам Кітом зацягнулася на тры гадзіны: спачатку я запісаў інтэрвію зь ім на відэа, а потым яшчэ на дыктафон — ягоныя ўспаміны пра тое, як 100 гадоў таму ён памарозіў ногі на Лютаўскай рэвалюцыі ў Петраградзе, ягоныя пажаданьні маладым пакаленьням беларусаў.

Я бачыў, што Барыс Кіт ужо стаміўся гутарыць, і казаў яму, што хіба ўжо пайду, як толькі ён скажа. Але разьвітвацца яму не хацелася — мы даўно, з 1995 году, сябравалі, я тэлефанаваў яму, пісаў лісты, мы сустракаліся ў Франкфурце-на-Майне, а адзін раз у Варшаве. Перад гэтай сустрэчай мы ўжо даўно ня бачыліся — пасьля таго як ён зламаў шыйку сьцягна і перажыў складаную апэрацыю, перасеў на інвалідзкі вазок. А галоўнае, што нам невядома было, калі яшчэ пабачымся... Толькі пад самы вечар Барыс Кіт сказаў, што трэба ўсё ж адпачыць. Мы абняліся, я яму пацалаваў рукі і сказаў: «Мы вас любім, Барыс Уладзімеравіч! Ставім мэту — дажыць да 110!»

Калі я выходзіў з пакоя, Барыс Уладзімеравіч праводзіў мяне доўгім позіркам і сказаў яшчэ раз: «Бывайце!»

У доме для састарэлых людзей у Франкфурце-на-Майне, пабудаваным для габрэяў, якія перажылі Галакост, яму было добра, утульна, ён меў вялікі пакой, вокны на ўсю сьцяну. Заслужаны годны адпачынак у канцы доўгага, плённага і складанага жыцьця, як ва ўсіх, хто пражыў бурлівае XX стагодзьдзе. Кіт любіў актыўнае жыцьцё і быў сапраўды актыўны да 100 гадоў, пакуль не зламаў шыйку сьцягна.

Даўгалецьце Барыса Ўладзімеравіча спалучалася з добрай памяцьцю, цікавасьцю да жыцьця. Але ў апошнюю сустрэчу я з сумам заўважыў, што ён ужо кепска чуў, кепска бачыў, ужо мала ведаў пра падзеі ў сьвеце і Беларусі, больш гаварыў пра сваю сям’ю, пра першага сына Ўладзімера, які заўчасна памёр у ЗША.

Калі інтэрвію выйшла на сайце Свабоды, я патэлефанаваў Барысу Кіту і расказаў, што да публікацыі ёсьць вялікая цікавасьць, зачытаў яму цёплыя камэнтары і пажаданьні ад чытачоў, а таксама распавёў, што нам у рэдакцыі ўдалося высьветліць, што ён самы стары беларус, бо мужчын, старэйшых за яго, у Беларусі няма. Барыс Кіт шчыра парадаваўся гэтаму свайму новаму званьню.

Яшчэ я яго называў сваім самым старым сябрам.

Першая мая сустрэча з Барысам Кітом адбылася ў 1995 годзе, нас пазнаёміла пісьменьніца Лідзія Савік, якая пра яго напісала кнігу. Неяк мы адразу адчулі сымпатыю і пасябравалі, а сяброў у Барыса Кіта было вельмі шмат, бо ён меў надзвычай прыязны і адкрыты характар.

У тыя гады я часта наведваў Франкфурт-на-Майне — Беларусь мела статус спэцыяльна запрошанага ў Радзе Эўропы, і я як журналіст асьвятляў працу сэсій Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Перасадку паміж Менскам і Страсбурам я рабіў у Франкфурце. І гэта было вельмі дарэчы — у той час не было інтэрнэту, і нехта павінен быў дастаўляць Барысу Кіту на вычытку разьдзелы кнігі Лідзіі Савік «Космас беларуса», над якой яна працавала ў той час. Барыс Кіт папрасіў мяне дапамагчы з выданьнем гэтай кнігі, якая фактычна вярнула імя слаўнага земляка беларусам.

Яму было за 80, калі ён канчаткова сышоў на пэнсію. Але мне, маладому чалавеку, цяжка было пасьпяваць за ім

Калі мы пазнаёміліся, Барыс Кіт якраз спыніў выкладчыцкую працу, бо праблемы са зрокам перашкодзілі здабыць даведку на кіраваньне машынай і езьдзіць ва ўнівэрсытэт у горад Вісбадэн. Яму было за 80, калі ён канчаткова сышоў на пэнсію. Але мне, маладому чалавеку, цяжка было пасьпяваць за ім. Ён рухаўся, здаецца, увесь час. Дзень пачынаў з таго, што ішоў на чыгуначны вакзал і купляў там тры газэты — «International Herald Tribune», «Известия» і «Gazeta Wyborcza». Там ён шукаў найперш артыкулы пра падзеі ў Беларусі, напісаныя ўласнымі карэспандэнтамі гэтых выданьняў.

Ён цікавіўся падзеямі ва ўсім нашым рэгіёне, любіў сучасную гісторыю, тым больш што сьведкам шмат якіх падзеяў сам і быў. Шмат якіх дзеячоў палітыкі, культуры, якія даўно сышлі ў лепшы сьвет, Кіт ведаў асабіста і гадзінамі мог расказваць пра стасункі зь імі, нефармальныя адносіны паміж гэтымі людзьмі. «Капэла імя Шырмы? Я сядзеў зь ім у турме!», — мог сказаць ён.

Барыс Кіт ня толькі любіў гісторыю і сам быў хадзячай гісторыяй. Ён прызнаўся, што ягонай марай і было паступіць на гістарычны факультэт і стаць гісторыкам, але калі прывёз дакумэнты на паступленьне, то збаяўся — на гістарычны факультэт стаяла вялікая чарга з абітурыентаў. А на фізыка-матэматычны нікога не было. Так ён і зрабіў свой вырашальны выбар, які дазволіў потым у Амэрыцы стаць вядомым навукоўцам, забясьпечаным чалавекам, бо эмігранты-гуманітарыі ў ЗША часьцяком мылі посуд.

Барыс Кіт заставаўся рухавіком беларускіх спраў, не шкадуючы на іх сваіх сіл і сродкаў. Ён фундаваў выхад кніг, стварыў прэмію за ўнёсак у беларуска-нямецкія адносіны, якой узнагароджваў выбітных беларусаў, дапамагаў Наваградзкаму гістарычнаму музэю, у тым ліку з экспанатамі. Вялікім шчасьцем для яго было адкрыцьцё ў 2008 годзе невялікага музэйнага пакоя ў наваградзкай сярэдняй школе нумар адзін — былой беларускай гімназіі, дырэктарам якой ён быў у 1939 годзе.

Сьветлы чалавек, якога будзе не хапаць. Ягоная гісторыя скончылася, памяць засталася.

Памёр самы стары беларус сьвету, асьветнік і навуковец Барыс Кіт

Вянок памяці. Барыс Кіта ўспамінаюць Ірына Быкава, Лідзія Савік і Радзім Гарэцкі

Памарозіў ногі на Лютаўскай рэвалюцыі, галадаў пасьля Кастрычніцкай, — Барыс Кіт пра падзеі 100 гадоў таму

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG