Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Барыс Кіт


Барыс Кіт, лістапад 2017-га
Барыс Кіт, лістапад 2017-га

1 лютага ў Франкфурце-на-Майне памёр найстарэйшы беларус сьвету, вядомы беларускі дзяяч замежжа, выбітны навуковец-астрафізык Барыс Кіт. Ён не дажыў 2 месяцы да 108 гадоў.

Ірына Быкава: «У наш шмат у чым непрыстойны час Кіт быў самым прыстойным беларусам»

Ірына Міхайлаўна Быкава, удава народнага пісьменьніка Васіля Быкава, кожную суботу размаўляла з Барысам Уладзімеравічам па тэлефоне:

«Якраз заўтра зьбіралася званіць. А ўжо слова ня скажаш і яго не пачуеш. У мяне каля тэлефона стаіць ягоная фатакартка, якую ён мне цёпла падпісаў, на фота ён так прыемна ўсьміхаецца... І калі мы перагаворваліся, я заўсёды казала, што мы сустракаемся позіркамі.

Барыс Кіт мяне падтрымліваў у самыя цяжкія часы. Калі Васіль хварэў, ён кожную раніцу тэлефанаваў мне ў Прагу, пытаўся, як справы, перадаваў Васілю добрыя словы.

Васіль Уладзімеравіч зь ім сябраваў, ён запісаў вялікае інтэрвію, якое публікавалася ў адной кнізе пра Кіта. А ў мяне ёсьць шмат дыктафонных касэт — Васіль запісаў шмат аповедаў Барыса Кіта. Мне і Васіля голас вельмі дарагі, і Барыса. А там унікальныя ўспаміны, якія трэба захаваць...

Барыс Уладзімеравіч Кіт у наш шмат у чым непрыстойны час, мабыць, быў самым прыстойным, ветлівым, вялікім, добрым беларусам і самым чалавечным чалавекам».

Лідзія Савік: «Ён заўсёды марыў пра незалежную Беларусь і лічыў сябе беларусам»

Літаратуразнаўца, аўтарка шматлікіх кніг і альбомаў — «Космас беларуса», «Грамадзянін Сьвету», «Зорны шлях» — Лідзія Савік паўстагодзьдзя сябравала з Кітом:

«Дзед Барыса Кіта жыў да 110 гадоў, і мне здавалася, што ён таксама дажыве да 110. Я тры дні таму зь ім размаўляла, і не было ніякага намёку, што так раптоўна ён адыдзе, мне здавалася, што ён будзе вечны. Не дажыў два месяцы да 108 гадоў.

Барыс Кіт застанецца вечным у гісторыі. Калі яго пыталіся пра сакрэты даўгалецьця, ён казаў: „Я столькі дабра людзям і чалавецтву зрабіў, што Бог мяне трымае так доўга на зямлі“. У першую чаргу ён быў настаўнікам, асьветнікам, пэдагогам, і гэтым заўсёды ганарыўся, што вучыў людзей.

Кіт быў выбітным навукоўцам: фізыкам, хімікам і матэматыкам, аб’ехаў увесь сьвет, калі выдаў кнігу пра касьмічнае паліва. Калі мы адзначалі 90-годзьдзе Кіта, амэрыканскі амбасадар казаў, што ЗША ганарацца Барысам Кітом — амэрыканцам беларускага паходжаньня, дзякуючы якому астранаўты змаглі зьлятаць на Месяц.

Ён быў паліглётам: дасканала ведаў ангельскую, францускую, нямецкую, польскую мовы і, вядома, беларускую. Ён заўсёды марыў пра незалежную Беларусь і лічыў сябе беларусам. Вечная яму памяць».

Радзім Гарэцкі: «Гэта быў сьветлы і выдатны, унікальны чалавек»

Радзім Гарэцкі кажа, што добра ведаў Барыса Кіта. Узгадвае як той прыяжджаў у Беларусь, як яго хацелі зрабіць ганаровым сябрам Акадэміі навук.

«Але гэта не атрымалася. Гэта ж ня толькі ад нас залежала. Гэта ўжо быў такі час, што павінен быў быць дазвол ці падтрымка ад нашых высокіх уладаў. Але гэта не атрымалася, яго не падтрымалі».

Паводле Радзіма Гарэцкага, Барыс Кіт застанецца вялікім прыкладам для ўсіх беларусаў.

«Гэта быў сьветлы і выдатны, унікальны чалавек. У яго такая моцная беларускасьць, ён быў адданы, верны сваёй Бацькаўшчыне. Гэта вельмі важная рыса многіх нашых эмігрантаў таго часу. А яго асабліва.

Мы яго зрабілі ганаровым сябрам Акадэміі навук Эўразіі. Ён для нас самы выдатны беларус. Ён быў вядомы чалавек на ўвесь сьвет, беларус сьвету.

Я яму заўсёды тэлефанаваў на розныя сьвяты, на яго дзень нараджэньня. Мяне дзівіла, што, нягледзячы на ўзрост, у яго такія былі чыстыя думкі і ён вельмі добра ўсё памятаў.

Вельмі шкада, што ён нас пакінуў. Будзем раўняцца на яго і будзьма. Сьветлая памяць пра яго будзе вечна на Беларусі».

Памёр самы стары беларус сьвету, асьветнік і навуковец Барыс Кіт

Барыс Кіт: «Я самы стары беларус у сьвеце»

Барыс Кіт расказвае, як дажыць да 100 гадоў

Кіт: «Чыстае сумленьне спрыяе даўгалецьцю»

Барыс Кіт: «Маё пажаданьне адзінае: каб Беларусь была свабоднай»

«Грамадзянін сьвету» Барыс Кіт заўсёды застаецца грамадзянінам Беларусі

Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG