Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны аўтасэрвіс тры месяцы шукае работнікаў на добры заробак. Ахвотных няма


Добры заробак, «сацыяльны пакет» і арэнднае жыльлё не прыцягваюць беспрацоўных беларусаў.

Так пракамэнтавалі відэа пра беспрацоўе на старонцы Радыё Свабода ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук уладальнікі аўтасэрвісу, муж і жонка — Сяргей Дзягілеў і Яўгенія Дзятлава. Бізнэсоўцы пагадзіліся спаткацца з карэспандэнткай Свабоды, каб «на месцы» прадэманстраваць праблему з вакансіямі.

Яўгенія Дзятлава — заснавальніца прыватнай кампаніі аўтасэрвісу
Яўгенія Дзятлава — заснавальніца прыватнай кампаніі аўтасэрвісу

​Вуліца Бабушкіна ў Калядзічах — як Зыбіцкая ў Менску

Яўгенія Дзятлава сустракае на вуліцы Бабушкіна ў прамысловай зоне «Калядзічы». Шумны паток грузавікоў тут бясконцы:

«Вуліца Бабушкіна ў Калядзічах для грузавікоў — як Зыбіцкая для багемы ў Менску», — сьмяецца Яўгенія.

«Ільвіная колькасьць станцыяў аўтасэрвісу знаходзіцца менавіта на гэтай вуліцы. Яе ведаюць усе аўтаўладальнікі — асабліва грузавога транспарту».

Праходзім празь агромністыя ангары, дзе над рамонтнымі ямінамі стаяць некалькі гэткіх жа агромністых турыстычных аўтобусаў. У двары яшчэ некалькі аўтобусаў чакаюць сваёй чаргі. Тут сустракае Сяргей Дзягілеў — у працоўным сінім камбінэзоне, шчодра перамазаным мазутам. «Вось дырэктар нашай кампаніі, ён жа сьлесар — усё ў адной асобе», — прадстаўляе свайго мужа Яўгенія Дзятлава.

Дырэктар аўтасэрвісу Сяргей Дзягілеў, ён жа аўтасьлесар
Дырэктар аўтасэрвісу Сяргей Дзягілеў, ён жа аўтасьлесар

Працую дырэктарам, бухгальтарам, юрыстам, прыбіральшчыцай, кухарам і псыхолягам

Сяргей і Яўгенія кажуць, што ўтрох — разам з кампаньёнам — яны заснавальнікі і кіраўнікі станцыі аўтасэрвісу аўтобусаў замежнай вытворчасьці. На гэтым рынку больш за дваццаць гадоў.

Маюць добрую рэпутацыю, «кліентурную сетку» і... дэфіцыт працаўнікоў:

«Я ўвогуле працую юрыстам, а на практыцы — і дырэктарам, і бухгальтарам, і юрыстам, і прыбіральшчыцай, і кухарам, і псыхіятрам. Вядома, гэта эканомія, але галоўнае — цяжка знайсьці людзей, якія будуць ставіцца да справы гэтак жа, як і ты сам», — эмацыйна задае тон размове Яўгенія.

Так рамантуюць турыстычныя аўтобусы
Так рамантуюць турыстычныя аўтобусы

«Вось сёньня прыбіральшчыца зноў ня выйшла — „забухала“, пэўна. Ну што — узяла анучу і сама папрыбірала, — кажа Яўгенія. — Бо я не магу спакойна глядзець, калі нешта недароблена або зроблена дрэнна».

Зарабіў 1200–1400 рублёў — і больш ня трэба

«Сьлесары грузавога транспарту — гэта фактычна эліта ў аўтасэрвісе. Яны гэта ведаюць і таму не трымаюцца за працу, бо могуць спакойна пераходзіць з адной фірмы ў іншую», — працягвае Яўгенія. «Рамонт вось гэтага аўтобуса будзе каштаваць 1400 рублёў. 30% ад гэтай сумы атрымлівае працаўнік.

Яны падлічваюць, да прыкладу, напрыканцы месяца: „Ага, зароблена ўжо 1200–1400 рублёў“ — і... не выходзяць на працу. Ты дзе быў? — пытаюся. Ат, кажуць, мне больш ня трэба, я лепш зь сям’ёй пабуду. І звольніць я іх не магу — ямы рамонтныя будуць пуставаць, а гэта грошай каштуе. І кліенту ты двойчы адмовіш — ён больш да цябе ніколі ў жыцьці не прыедзе. І ты страціш кліента — усё».

За паўтара месяца пошуку працаўнікоў — не адгукнуўся ніводны

Тым часам рамонт працягваецца: на некалькіх рамонтных ямінах — па аўтобусу, на кожным аўтобусе — па два сьлесары. Працаўнікі перамазаныя мазутам з галавы да ног, сьціпла ўсьміхаюцца і мала размаўляюць.

Адзін з працоўных, Вячаслаў, не адмовіўся папазіраваць перад камэрай: на працу не паскардзіўся, але «сакрэтаў фірмы» наконт заробку таксама ня выдаў. Толькі заўважыў, што «можна было б і лепш».

Тым часам дырэктар Сяргей Дзягілеў расказвае пра выгоды працы ў іхнім прыватным бізнэсе:

«Спэцвопратка, душавыя, інтэрнат для іншагародніх. Але за паўтара месяца абвестак — ніводнага тэлефанаваньня. Адзін сьлесар прыйшоў, два тыдні адпрацаваў — і вось ужо трэці дзень яго няма і на тэлефанаваньні не адказвае».

Свайго мужа і кампаньёна ў бізнэсе падтрымлівае і Яўгенія Дзятлава:

«Запрашаем: прыяжджайце брыгадамі, мы ноймем вам кватэру, заплацім камунальныя — нам гэта выгадна. Бо як вы будзеце добра працаваць, добра зарабляць, то і мы будзем мець грошы і разьвіваць свой бізнэс.

Яўгенія Дзятлава
Яўгенія Дзятлава

Я нават у адно ПТВ зьвярнулася — ня буду яго называць — і прашу: дайце мне выпускніка, які ня тое што ўмеў бы — хацеў бы навучыцца працаваць і зарабляць адпаведна. А мне адказалі: сёлета ніводнага такога не дамо. Хіба мо на наступны год...»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG