Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва на касьцях як сымптом нацыянальнай небясьпекі


Забудова Савецкай вуліцы ў Нясьвіжы дала нечаканы тэставы эфэкт на здольнасьць гарадзкіх службаў дбаць пра гістарычнае мінулае.

Тыдні тры таму стала вядома пра раскапаныя ў часе будаўніцтва парэшткі масавых пахаваньняў на нечапаным пагорку паўночна-заходняй часткі гораду, куды і прасьцерлася адгалінаваньне вуліцы Савецкай — адной з цэнтральных у Нясьвіжы. Тут досыць актыўна забудоўваюць сучаснымі катэджамі так званы Паўночна-Заходні пасёлак.

Пагорак, каб даць ход забудове, належала прыбраць. Але нечакана экскаватар пачаў выбіраць зямлю з чалавечымі косткамі... Далей — міліцыя, ваенкамат, Сьледчы камітэт, адмысловае вайсковае падразьдзяленьне, якое і па сёньня выконвае «палявыя пошукавыя работы», вядзе раскопкі. На пачатак чэрвеня колькасьць ахвяраў сягнула паўтысячы — меркавана гэта палонныя чырвонаармейцы, мірныя жыхары, сярод іх старыя, жанчыны і дзеці. Мясцовая ўлада плянуе ўшанаваць месца трагедыі мэмарыяльным знакам.

Прыкладна ў такой вэрсіі я дазнаўся пра падзею — рэха апошняй вайны — з крыніц, пераважна афіцыйных, праўладна-дзяржаўных.

Спрабую самастойна трапіць на раскапаную пяшчаную горку, праўда, ня з боку новага пасёлку, а з боку цяперашняга аўтадрому і вуліцы Сноўскай (сноўска-баранавіцкі напрамак), адкуль маглі весьці і везьці пакутнікаў на расстрэл. Поўдзень, сьпёка. Спыняюся, каб агледзецца. Месца выдае на пустку. Плошчай за добры гектар, зарослае высокай някошанай травой, поле падаецца некранутым. Мо ня так сабе, думаю. Мо людзі ведалі, што гэта месца расстрэлаў, і не ішлі сюды...

Там, на даляглядзе, за радком немаладых бярозаў — пяшчаны карʼер з раскапанымі пахаваньнямі. 8 чэрвеня 2018
Там, на даляглядзе, за радком немаладых бярозаў — пяшчаны карʼер з раскапанымі пахаваньнямі. 8 чэрвеня 2018
Гнёзды ластавак-беражанак сьведчаць, што працы тут вяліся і раней. 8 чэрвеня 2018
Гнёзды ластавак-беражанак сьведчаць, што працы тут вяліся і раней. 8 чэрвеня 2018
Панарама з боку вуліцы Савецкай. Адначасна з раскопкамі ідуць і вытворчыя працы: самазвалы грузяць і адвозяць пясок. 8 чэрвеня 2018
Панарама з боку вуліцы Савецкай. Адначасна з раскопкамі ідуць і вытворчыя працы: самазвалы грузяць і адвозяць пясок. 8 чэрвеня 2018
Пашчанку з устаўнымі зубамі я падняў літаральна ў сябе з-пад ног. 8 чэрвеня 2018
Пашчанку з устаўнымі зубамі я падняў літаральна ў сябе з-пад ног. 8 чэрвеня 2018

У мяне застаюцца пытаньні, якія ніводная з тых крыніц не задала ні сабе, ні мне, ні ўсім нам: чаму ж пахаваньне (масавае!) дагэтуль заставалася як «невядомае» (слова з рапартаў-тэкстаў)? «Невядомае», удакладню, — з часу апошняй вайны, калі яшчэ і сёньня сьведак жывых знайсьці можна! А пяць ці дзесяць гадоў таму?.. Школы — традыцыйныя асяродкі навукова-дасьледчага і ваенна-патрыятычнага пошуку — не зачыняліся, гісторыка-краязнаўчы музэй працуе, ідэалягічная вэртыкаль на месцы, ваенкамат і Сьледчы камітэт з усімі кампэтэнтнымі органамі, калі на тое, таксама ніхто не распускаў — маглі ж пацікавіцца, у нас «ніхто не забыты»!

Пытаньне і ў тым, чаму гарадзкія будаўнічыя службы працуюць без археалягічнай карты. Ня толькі таму, што гэта Нясьвіж, горад своеасаблівай гістарычна-культурнай спадчыны, а таму, што гэтага патрабуе мараль і сумленьне, адказнасьць перад нашчадкамі. Дзіву дацца, як улада, адмяраючы зямлю пад катэджную забудову, магла ня ведаць пра месца масавых расстрэлаў і жудасную магілу з сотнямі загінулых жыхароў у раёне пэрспэктывы Савецкай і аўтадрома. Кніга «Памяць. Нясвіжскі раён» (Менск, 2001, ст. 242) дае падрабязныя зьвесткі пра масавае зьнішчэньне габрэяў, жыхароў гораду, і досыць выразна акрэсьлівае гэтае месца сьмерці:

«...на дарозе Нясьвіж — Сноў — Баранавічы (у раёне аўтадрома) былі па-зьверску забіты яшчэ 1200 чалавек».

Няўжо навігатар памяці ў адным месцы спрацаваў, а ў другім — не?

Рэдкія жыхары, якія згадзіліся паразмаўляць на тэму раскапаных «магіл» за сваімі падворкамі, міжволі зьвяртаюць увагу на дзіўную да амаральнасьці нерашучасьць мясцовай улады ў адносінах да надзвычайнага здарэньня.

— Днямі тут была кіназдымка. Стаяў вялікі аўтобус, здаецца, прывозіў людзей. Каторы дзень ідуць раскопкі. А вытворчыя работы не спыняюцца — працуе экскаватар з пагрузчыкам, самазвалы як вазілі пясок, так і возяць. Неяк гэта дзіўна сумяшчаецца, — сказаў адзін з забудоўшчыкаў, спадар гадоў 60. Маладзейшы дадаў:

«Салдат прыслалі на раскопкі. Абгарадзілі стужкамі квадратаў пятнаццаць. А кругом цяжкая тэхніка, землярыйныя будаўнічыя працы — сваё малоцяць. На выходныя ніякай аховы. На мой погляд, варту абʼекта трэба ставіць з павагі да ахвяр, да забітых. Там ня косткі, там людзі. І будоўлю лепш было спыніць неадкладна. Раскопкі, і нічога больш».

Ад людзей я таксама пачуў, што чалавечыя парэшткі ўжо знаходзіліся і летась падчас аналягічных землярыйных работ. Ці зьбянтэжыла гэта начальства?

Я адшукаў рабочага, які пацьвердзіў гэты факт. Чаму не падалі голас, не паклікалі адпаведныя адказныя службы, пытаюся. «Адкуль жа мне ведаць, я не начальства», — адказаў рабочы.

Але месца больш не чапалі, пайшлі капаць вышэй, пасьведчыў мужчына.

Са слоў маіх суразмоўцаў, у гэтым карʼеры ўжо знаходзілі чалавечыя косьці. 8 чэрвеня 2018
Са слоў маіх суразмоўцаў, у гэтым карʼеры ўжо знаходзілі чалавечыя косьці. 8 чэрвеня 2018

«Тое самае было б і цяпер, шыта-крыта, — кажа мне іншы рабочы, які працуе непадалёк на прыватным абʼекце. — Каб не адзін чалавек... Ён тут робіць прабежкі з сабакам. Убачыў чалавечыя косткі, заявіў у міліцыю. Так і стала вядома... — Мужчына прыкметна хвалюецца, але ўпэўнена дадае: — А не заявіў бы, ніхто б нічога ня ведаў і сёньня».

Цяжка цяпер сказаць, наколькі ёсьць праўдай пачутыя словы. Калі гэта ня чуткі, а праўда, ці не праглядаецца ў стаўленьні гарадзкіх інстанцый жаданьне ўтаіць крывавы сьлед гісторыі (бадай, хрэстаматыйна вядомы), пераступіць праз косткі і тло і не рабіць сабе праблемы? Бо рэзанансны прэцэдэнт на пяшчанай гары — гэта ў лепшым выпадку пэрспэктыва мэмарыялу, а ня вуліцы Савецкай у плянаваным катэджным варыянце...

Калі мы чуем сёньня ў Курапатах ад аматараў смачна паесьці, што «ўся Беларусь на касьцях» і ня варта пераймацца этычнымі абмежаваньнямі, гэта ня проста чарговы выклік грамадзкай маралі (баюся, цалкам правакацыйны!), але сымптом нацыянальнай небясьпекі, пагроза ўваліцца ў яму бяспамяцтва і цынізму, куды і скіроўваюць нас манкурты пры ўладзе.

Від на месца раскопак з панарамай вуліцы Савецкай. 8 чэрвеня 2018
Від на месца раскопак з панарамай вуліцы Савецкай. 8 чэрвеня 2018
Пры канцы працоўнага тыдня. На месцы раскопак пакінуты мяшкі з парэшткамі. 8 чэрвеня 2018
Пры канцы працоўнага тыдня. На месцы раскопак пакінуты мяшкі з парэшткамі. 8 чэрвеня 2018
Мяшок з сабранымі парэшткамі. 8 чэрвеня 2018
Мяшок з сабранымі парэшткамі. 8 чэрвеня 2018
Замест варты ахоўная таблічка. 9 чэрвеня 2018
Замест варты ахоўная таблічка. 9 чэрвеня 2018
Пяшчаная горка асабліва прывабная для дзяцей. Раніца 9 чэрвеня 2018
Пяшчаная горка асабліва прывабная для дзяцей. Раніца 9 чэрвеня 2018

Валер Дранчук. Фота аўтара

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Дажыць да «трэцяй мэліярацыі». Хроніка зьнішчэньня адной ракі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG