Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біятляніст Б’ёрндален заявіў, што паедзе на Алімпіяду са зборнай Беларусі


Біятляніст Уле-Эйнар Б’ёрндален. Фота: Vow via Wikimedia, CC BY-SA 3.0, 2007

Самы тытуляваны спартовец зімовых алімпіядаў, 43-гадовы нарвэскі біятляніст Уле-Эйнар Б’ёрндален заявіў нарвэскаму часопісу VG, што паедзе на Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане ў складзе зборнай Беларусі.

Пацьверджаньняў гэтаму з боку беларускіх Нацыянальнага алімпійскага камітэту і Фэдэрацыі біятлёну пакуль не было. Пра тое, што Б’ёрндален атрымліваў беларускае грамадзянства, зьвестак таксама не паступала.

Абноўлена: Прэс-сакратарка Беларускай фэдэрацыі біятлёну Вікторыя Тарасевіч паведаміла «Нашай Ніве», што прынятае рашэньне ўключыць Б’ёрндалена ў трэнэрскі штаб зборнай Беларусі у біятлёне. Беларускі бок чакае згоды ад Міжнароднага алімпійскага камітэту.

Раней Б’ёрндален паказваў вынікі, якія ў Нарвэгіі палічылі недастатковымі для адбору ў нацыянальную зборную. Адмысловае запрашэньне «за папярэднія заслугі» з боку арганізатараў Гульняў яму не далі праз адсутнасьць такой практыкі.

Спартовец заявіў, што яму «няпроста прыняць той факт», што Алімпіяда пройдзе безь яго, але дапамагла справіцца з расчараваньнем жонка — беларуская біятляністка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, зь якой яны плянавалі разам трэнавацца.

За 25 сэзонаў Б’ёрндален 8 разоў станавіўся алімпійскім чэмпіёнам у біятлёне, 20 разоў чэмпіёнам сьвету, выйграваў 6 Кубкаў сьвету, агулам мае 13 алімпійскіх мэдалёў (у тым ліку два залатыя за Сочы-2014).

Раней Б’ёрндален абяцаў пераехаць у Беларусь з Домрачавай і вучыць зь дзіцем расейскую мову.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG