Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пройдзе велапрабег у падтрымку людзей з разумовай інваліднасьцю


Васьмідзённы велапрабег «Думка мае значэньне» ў падтрымку людзей з разумовай інваліднасьцю пройдзе па тэрыторыі Гарадзенскай і Менскай абласьцей.

Валянтэрскі праект ініцыяваны Праграмай разьвіцьця ААН у Беларусі і партнэрамі з ураду, грамадзкіх арганізацый, прыватнага сэктару, міжнароднай і дыпляматычнай супольнасьцяў.

За тыдзень удзельнікі праедуць маршрут агульнай працягласьцю 400 кілямэтраў, возьмуць удзел у дыскусіях аб псыхічным здароўі зь мясцовымі жыхарамі, а таксама наведаюць гістарычныя і культурныя славутасьці рэгіёнаў.

Як паведаміла Свабодзе памочніца спэцыяліста па сувязях з грамадзкасьцю Ганна Любецкая, праект рэалізуецца ў падтрымку «Мэтаў устойлівага разьвіцьця» і ў працяг штогадовай акцыі Bike4SDGs. Старт яму будзе дадзены на Аўгустоўскім канале пад Горадняй:

«Велапрабег Bike4SDGs пачынаецца 26 жніўня. Аналягічнае мерапрыемства праводзілася ўжо летась, таму, з аднаго боку, яно будзе не ўпершыню. Зь іншага боку, сёлета лягічным працягам прабегу стане ініцыятыва „Думка мае значэньне“, якая напоўніць яго новым зьместам».

Паводле суразмоўніцы, асноўная мэта ініцыятывы «Думка мае значэньне» — падвысіць абазнанасьць грамадзтва ў справах людзей, якія жывуць з разумовай інваліднасьцю. А сярод іншага, кажа Ганна Любецкая, — заахвоціць здаровы лад жыцьця ды паспрыяць пашырэньню ў Беларусі «ўстойлівага турызму»:

«Ёсьць „Мэты ўстойлівага разьвіцьця“, якія мы намагаемся прасоўваць — у тым ліку пры дапамозе імпрэзы Bike4SDGs, яна стартуе ўжо ў суботу. Летась у нас праходзіла кампанія „Інклюзіўная Беларусь“, падчас якой мы канцэнтраваліся на мэце № 10 — зьмяншэньне няроўнасьці. Тады засяродзіліся на ўразьлівых групах насельніцтва, сярод якіх былі і людзі з інваліднасьцю. Гэтым разам, працягваючы ўжо пачатае летась у „Інклюзіўнай Беларусі“, вырашылі акцэнтавацца на мэнтальнай інваліднасьці, разумовай».

Паводле арганізатараў, рэалізацыя ідэі будзе праходзіць праз адкрыты дыялёг зь людзьмі з разумовай інваліднасьцю, а таксама з тымі, хто зацікаўлены дапамагчы палепшыць сытуацыю і зьмяніць стаўленьне грамадзтва да псыхічных захворваньняў.

Тым самым велапрабег «Думка мае значэньне», падсумоўвае Ганна Любецкая, спрыяе зьяўленьню дзейсных варыянтаў таго, як можна перамагчы грамадзкія стэрэатыпы, сфармаваныя вакол пытаньняў разумовай інваліднасьці.

Прабег пройдзе па Гарадзенскай і Менскай абласьцях. На шляху ўдзельнікаў будзе Горадня, Новая Руда, Скідзель, Шчучын, Ліда, Іўе, Валожын, Заслаўе. Завершыцца маратон 3 верасьня ў Лошыцкім парку ў Менску.

Арганізатары запрашаюць жыхароў гарадоў і вёсак далучыцца да ініцыятывы ў пунктах прыпынку ўдзельнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG