Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў і Караткевіч ініцыявалі акцыю #Безпараду


Грамадзянскі рух «Гавары праўду» выступіў з ініцыятывай акцыі «Без параду». Яго кіраўнікі Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч выказваюць упэўненасьць: патрыятызм выхоўваецца не паказухай, а веданьнем сваёй гісторыі, павагай і простымі дзеяньнямі кожнага грамадзяніна.

«Больш за 7000 чалавек падпісалася супраць параду, і яшчэ значна большая колькасьць падтрымлівае гэты пункт гледжаньня, — гаворыцца ў заяве ад імя руху. — Выступаючы супраць паказушнага параду, мы павінны па-чалавечы шчыра адзначыць гэтую дату ў нашай гісторыі. Трэцяга ліпеня ператворана ў прафанацыю. Загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага па вэртыкалі: на сьвята грошай не шкадаваць! Гэта значыць — на грукат танкаў, МіГаў, камбайнаў і малацілак».

У гэтым мэханічным шуме, на перакананьне лідэраў арганізацыі, згубіцца самае галоўнае — наша памяць пра драматычнае і да сьлёз радаснае лета вызваленьня 1944 году. Памяць пра Бабруйскі і Менскі катлы, пра апэрацыю «Багратыён».

«Нам нельга забыць тых, хто ішоў пад кулі, плакаў пад бомбамі ля палаючых хатаў, хаваў тысячамі салдат, партызан, гараджан, вяскоўцаў. Не ўключайце тэлевізар з трансьляцыі параду, зайдзіце лепш да старэнькіх суседзяў, сваякоў, патэлефануйце тым, хто жыве ў родных вёсках. Падзякуйце, скажыце, што памятаеце і шануеце, што падзяляеце боль страты. Хто можа — выпіце сотку за памяць аб загінулых, за здароўе ацалелых. Дапамажыце перажыць ім гэты горкі дзень: званком, душэўнай размовай, букетам, тымі самымі 100 грамамі. Хай камусьці не шкада на пампэзны парад, а мы давайце не пашкадуем душы на памяць пра той страшны час, яго ахвяр і герояў».

Лідэры «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч заклікаюць далучыцца да акцыі, дасылаць фота, відэа ці дзяліцца імі ў сацыяльных сетках з хэштэгам #Безпараду. Прызам — ваенныя кнігі пісьменьніка-франтавіка Васіля Быкава.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG