Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца: Лукашэнка пачаў «мяккую беларусізацыю» ад страху перад Расеяй


Праваабаронца Леанід Мархотка. Фота govorim.by

Праваабаронца зь Беларускага Гэльсынскага камітэту Леанід Мархотка мяркуе, што ўлады пачалі «мяккую беларусізацыю» і робяць «маленькія крокі» па разьвіцьці беларускай мовы і павышэньні нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. Ці можа гэты працэс стаць незваротным?

Леанід Мархотка адказаў на пытаньні карэспандэнта belsat.eu.

— Вы бачыце зьмены ў стаўленьні ўладаў да беларускай мовы?

— На самым пачатку свайго кіраваньня Лукашэнка казаў, што на беларускай мове нельга выкладаць, што выказаць якую-небудзь думку ёміста на ёй таксама немагчыма. А цяпер так, і ад самога кіраўніка краіны, і ад іншых асоб вышэйшага кіраўніцтва ўвесь час зыходзіць думка, што бяз мовы няма ідэнтычнасьці і няма дзяржавы. І падзеі ва Ўкраіне, і рыторыка расейцаў пра тое, што «яны на танках будуць абараняць усіх, хто гаворыць па-расейску» таму віной. Лукашэнка разумее, што бяз мовы ні пра якую сувэрэннасьць ня можа ісьці і гаворкі.

— На думку расейскіх мэдыяў, цяпер у Беларусі праводзіцца «мяккая беларусізацыя». Вы згодныя з гэтым?

— Так. Дайшло да кіраўніка Беларусі: калі ён хоча застацца прэзыдэнтам менавіта асобнай дзяржавы, то беларускую мову трэба падтрымліваць, каб людзі разумелі, што тут, усё ж такі, не Расея. У Менску, вядома, беларусізацыя адчуваецца значна больш. У рэгіёнах жа гэта пакуль толькі на словах, а не дзеяньнях. Напрыклад, у Салігорскім гарвыканкаме няма ніводнай дзьвярной шыльды на беларускай мове, што зьяўляецца абразай беларускамоўных людзей, якія прыходзяць у гэту ўстанову. Дарэчы, з гэтай нагоды мы нават рабілі запыт у Міністэрства юстыцыі, дзе праблему пацьвердзілі: так, маўляў, і ў судах, і ва ўстановах мясцовых уладаў мусяць быць назвы на беларускай мове. Што яшчэ горш, у Салігорску няма ніводнай беларускамоўнай школы або садка — гэта абуральны выпадак, і так па ўсіх рэгіёнах краіны.

— Вы падрыхтавалі даклад пра дыскрымінацыю беларускамоўных жыхароў і адправілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, дзе яго не разгледзелі. Якім Вы бачыце лёс дакладу?

— Так, мы дакладвалі пра тое, што дзяржаўныя ўстановы наўпрост парушаюць правы беларускамоўнага насельніцтва. Мы здымалі на відэа ўсе гэтыя расейскамоўныя рэклямныя шчыты, аб’явы, таблічкі. У Адміністрацыі даклад не прынялі па фармальных прычынах, якія мы зьліквідавалі, і цяпер спадзяемся на нейкае садзейнічаньне з боку дзяржавы. Дарэчы, напрыклад, мы казалі пра тое, што прыйшоў нядаўна ў краіну літоўскі брэнд «Mart Inn», які цэньнікі робіць або на беларускай мове, або на дзьвюх — чаму замежнікі больш паважаюць нашу ўласную мову?

— Якія канкрэтныя рашэньні для паляпшэння дадзенай сытуацыі Вы бачыце?

— Мы хочам, каб усе дзяржаўныя служачыя абавязкова, а не па жаданьні, як цяпер, здавалі іспыты па беларускай мове.

Вядома, калі цяпер правесьці дасьледаваньне, то 80% зь іх прыйшлося б звольніць. Але можна арганізаваць для іх хоць нейкія курсы перакваліфікацыі. Зрабіць гэта будзе лёгка і нескладана.

Пагроза страты дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту — рэальная пагроза, якую ўлады ўжо ўсьвядомілі.​

— Чаму беларусы ня толькі размаўляюць, але нават «думаюць» па-расейску?

— Сытуацыя складаная. 70% беларусаў, дзякуючы прапагандзе расейскіх тэлеканалаў, упэўненыя, што «Крым наш». Па краіне вялікая колькасьць людзей езьдзяць з георгіеўскімі стужкамі на машынах. Гэтыя людзі, атручаныя ідэалёгіяй, як у Данбасе, у выпадку нейкай напружанай сытуацыі па камандзе Крамля могуць штурмам узяць гарвыканкамы і павесіць расейскія сьцягі. Ды і самі чыноўнікі, думаю, шчыра вераць у тое, што паказваюць па тэлевізары. На шчасьце, ёсьць і станоўчыя моманты — дамагліся ж і аб’яваў на беларускай мове ў грамадзкім транспарце Менску. Дамагліся і пастановы ўраду пра тое, каб абавязаць чыноўнікаў адказваць на той мове, на якой быў зроблены запыт. Пагроза страты дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту — рэальная пагроза, якую ўлады ўжо ўсьвядомілі. Прагрэс ідзе, хай і маленькімі крокамі. Але кардынальных паляпшэньняў можна чакаць толькі пасьля зьмены палітычнай сыстэмы, калі мы самі будзем выбіраць уладу, а ня жыць па прынцыпах і паняцьцях аднаго чалавека.

Жыхар Салігорску Леанід Мархотка — вядомы праваабаронца і адзін з арганізатараў незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі. Сябра БХК з 1998 году, шмат гадоў змагаецца за правы чалавека, удзельнічае ў барацьбе за вызваленьне беларускіх палітвязьняў, змагаецца за вырашэньне праблемы фактычнай дыскрымінацыі беларускай мовы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG