Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — КНДР: першая дыктатура Ўсходняй Азіі ў гасьцях у апошняй дыктатуры Эўропы


Уладзімер Макей зь Лі Су Ёнам
Уладзімер Макей зь Лі Су Ёнам

Ці патрэбныя Паўночнай Карэі беларускія трактары і як працавалі на будоўлі Палацу Незалежнасьці карэйскія рабочыя? Падчас візыту ў Беларусь міністра замежных спраў КНДР Радыё Свабода разьбіраецца, у чым беларусі інтарэс на поўначы карэйскай паўвыспы.

Распачаўся шматдзённы візыт у Беларусь міністра замежных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Лі Су Ёна. КНДР — адна з самых закрытых краін, якую часам называюць «запаведнікам таталітарызму». Штучная ізаляванасьць паўвыспы ад цывілізаванага сьвету спрыяе зьнішчэньню іншадумства яшчэ ў зародку, чым мацуе непахіснасьць партыйнай дынастыі «сонцападобных правадыроў» з дынастыі Кімаў.

Што зьвязвае апошнюю дыктатуру Эўропы зь першай ва Ўсходняй Азіі?

Беларускія тавары нават у Пхэньяне ніхто ня купіць — няма там такіх грошай

Па выніках перамоваў у Менску кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Беларусі і КНДР — Уладзімер Макей і Лі Су Ён адпаведна — выказалі дзяжурнае зацікаўленьне ў разьвіцьці «маштабнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва» паміж двума краінамі. Цяпер двухбаковы тавараразварот складае ўсяго некалькі мільёнаў даляраў і, як падае афіцыйная статыстыка, трымаецца перадусім на пастаўках у Паўночную Карэю прадукцыі машынабудаваньня беларускіх вытворцаў.

У зваротным кірунку ў нязначнай колькасьці паступаюць вырабы тэкстыльнай прамысловасьці, а летась на беларускіх аб’ектах зьявіліся першыя будаўнікі з гэтай краіны. Пры тым, што аснову экспарту КНДР складаюць морапрадукты (чвэрць ад агульнага аб’ёму), патэнцыйны інтарэс для Беларусі можа ўяўляць якраз рыбны промысел.

А ці перасьледуецца візытам палітычныя мэты — прыкладам, празь Беларусь трапіць у эўрапейскую арбіту? Апроч Масквы і Менску, тут у «любімага таварыша» Кім Чэн Ына, нашчадка «вялікага дзеда-правадыра» Кім Ір Сена і «мудрага бацькі-кіраўніка» Кім Чэн Іра, лабістаў няма.

Адзін з пачынальнікаў анархісцкага руху ў Беларусі, знаўца міжнародных лявацкіх суполак Лёлік Ушкін — адзіны беларус, які скончыў курсы камісараў у Акадэміі ідэалёгіі чучхэ ў Пхэньяне, пра што мае адпаведны дыплём. Асаблівага значэньня візыту кіраўніка паўночнакарэйскай дыпляматыі не надае. Асобна ад Расеі Беларусь наўрад ці ўяўляе для КНДР стратэгічны інтарэс:

«Цяжка сказаць, наколькі Беларусь мае стратэгічнае значэньне, бо ў Карэі ўся эканоміка фармуецца праз Кітай. Дарэчы, мае свае інтарэсы і Расея: у прыватнасьці, Уладзівасток і іншыя паўднёвыя порты прывабныя найперш з гледзішча лягістыкі.

Што тычыцца Беларусі? Магчыма, будзе дзяржаўная замова на нейкую тэхніку, але складана гаварыць пра нешта пэўна. Асноўнае, што бачу я, — гэта экспарт працоўнай сілы. Прынамсі, нават у Паўднёвай Карэі, якая неадкладна рэагуе на працэсы ў суседзяў, пра гэта кажуць, адзначаюць гэтую зьяву.

Да таго ж, хутчэй за ўсё, гэта трэба разглядаць як рэгіянальны тур міністра замежных спраў. Наколькі я абазнаны ў такіх паездках па Лацінскай Амэрыцы, яны наладжваюць „мэтавы дэсант“: калі хто куды выбіраецца, ён наведвае ўвесь сяброўскі рэгіён. Бо асобна дамаўляцца пра пастаўкі беларускіх тавараў няма сэнсу, там іх ніхто ня купіць — настолькі нізкая пакупніцкая здольнасьць у насельніцтва, што людзі ня маюць такой магчымасьці. Таму застаецца дзяржаўная замова, нейкая тэхніка. Гэта ці не адзіны варыянт».

Сьцяг Паўночнай Карэі ў Менску
Сьцяг Паўночнай Карэі ў Менску

Будаўнікі з Паўночнай Карэі двужыльныя — могуць працаваць па 12 гадзін

Пры гэтым суразмоўца адзначае, што падчас свайго адукацыйнага побыту ў Паўночнай Карэі ў 2007 годзе ніякай беларускай прысутнасьці там не заўважыў. Зрэшты, робіць папраўку на тое, што практычна ўся завезеная ў краіну тэхніка чароўным чынам ператвараецца... у мясцовую:

«Асабіста я ня бачыў там нічога беларускага. Але там ёсьць такі прынцып, што яны ўсё выдаюць за сваю вытворчасьць. Усе сьмяяліся, калі бачылі „Форды“ ці „Мэрсэдэсы“, на якіх былі замазаныя іх брэндавыя знакі, а паўзьверх напісана, што машына зроблена ў Паўночнай Карэі. Магчыма, не сустрэў чагосьці беларускага і з гэтай прычыны. То бок, можа і ёсьць, але там сапраўды чорт разьбярэ — усё ці кітайскае, ці савецкае, мадэлі яшчэ ад 1960–70-х гадоў. Ня выключана, са старых партыяў нешта недзе бегае. Агульная карцінка выглядае, як Савецкі Саюз дзесьці пачатку 1980-х, толькі значна горш па сваёй сутнасьці. Пры гэтым падтрымліваецца досыць прымітыўны дух нацыяналізму, калі ў аграрных раёнах людзей намагаюцца павальна апрануць, скажам так, у „вышыванкі“. Прынамсі, жанчыны ў любы час ходзяць у нацыянальных строях. Чыноўнікі вельмі любяць, каб гэта кідалася ў вочы. Стаўка на гэта. Нечым іншым зацікавіць цяжка, таму падтрымліваецца бачнасьць ідыліі праз уяўную пераемнасьць».

Пры гэтым падтрымліваецца досыць прымітыўны дух нацыяналізму, калі ў аграрных раёнах людзей намагаюцца павальна апрануць, скажам так, у „вышыванкі“.

Бальшыня паўночнакарэйскіх спэцыялістаў, якія летась зьявіліся ў некаторых будаўнічых трэстах Менску, занятыя на ўзьвядзеньні жылых дамоў. Адмыслоўцы з больш высокай кваліфікацыяй прыцягваліся на аўральныя будоўлі. Найперш на гатэлі, якія не пасьпявалі здаць да хакейнага чэмпіянату сьвету, і нават на Палац незалежнасьці. Прараб Анатоль Вусік некалькі месяцаў адпрацаваў поруч з карэйцамі, якія, ягонымі словамі, пакінулі надзвычай добрае ўражаньне: бездакорныя працаўнікі з прыкметамі вайсковай дысцыпліны:

«Можна было б сказаць, што гэта спэцыялісты добрага ўзроўню, але, мабыць, больш дакладна — спэцыялісты-прафэсіяналы, бо яны сапраўдныя ўнівэрсалы. У нас звычайна як выглядае? Кожны сам па сабе вузкі спэцыяліст, робіць збольшага сваю працу. А вось яны — спэцыялісты шырокага профілю, але якасьць зробленага ад гэтага не цярпіць ані. Трэба адзначыць, што яны працуюць у нас не „эксклюзіўна“. То бок да нас яны едуць не з Паўночнай Карэі, а з Расеі. Адпрацавалі на расейскіх будоўлях, там адбываецца ратацыя, і, каб зарабіць яшчэ, едуць у Беларусь. У гэтым сэнсе яны, як кажуць, шматжыльныя, могуць працаваць па 12 гадзін. Прынамсі, тыя, хто працуе тут, дагэтуль былі ў Расеі».

Памежная вёска Gijungdong ў Паўночнай Карэі
Памежная вёска Gijungdong ў Паўночнай Карэі

Карэспандэнт: «Для падтрымкі маральнага духу ці ладзяцца нейкія палітінфармацыі, ці „зараджаюцца“ яны навінамі з Радзімы»?

«Ня ведаю, ці можна гэта называць палітінфармацыямі, але рэгулярна зьбіраюць нарады, сходы. У прынцыпе, так і трэба, бо ў іх ёсьць канкрэтны ўчастак працы, ёсьць плянаваньне, неабходна вызначацца з аб’ёмамі. Таму вытворчыя нарады абавязковыя. А што там ужо падчас іх абмяркоўваецца — ня ў курсе, яны нас у сутнасьць не пасьвячаюць. Але ведаю, што па фактах выкарыстаньня нейкіх новых для іх тэхналёгіяў зьбіраюцца, абмяркоўваюць. За іх жа гэтага ніхто рабіць ня будзе. Як яшчэ калегіяльна вырашаць пытаньні? Таму дзесьці цягам гадзіны сядзяць, нейкую стратэгію выпрацоўваюць, ці мала што? Магчыма, заадно абмяркоўваюць і падзеі ў сваёй краіне, ня выключана».

У карэйскім войску служаць па сем гадоў і мужчыны і жанчыны, а брэнд Пхэньяна — прыгожыя рэгуліроўшчыцы

Наколькі шчасьлівыя паўночныя карэйцы ў ілюзорным сьвеце дзяржаўнай ідэалёгіі чучхэ, прыдуманай і рэалізаванай не без удзелу Масквы вялікім правадыром Кім Ір Сэнам пры канцы 1940-х? У якой ступені цяперашнюю «народна-дэмакратычную рэспубліку» можна атаясамліваць зь іншай «турмой народаў» — СССР? Уласныя ўражаньні ад знаёмства з краінай, дзе, можна сказаць, застыў час, падае Лёлік Ушкін:

«Савецкі Саюз нашмат больш прасунуты адносна КНДР. СССР усё ж быў адносна адкрыты. Хоць мінімальны, але захоўваўся кантакт з замежнікамі. А тут насамрэч зачыненае, ізаляванае грамадзтва. Ня лічачы кітайцаў, якіх там цэлая калёнія. Адмысловы квартал выдзелены для кітайскіх бізнэсоўцаў, якія там жывуць.

Людзі з голаду, вядома, не паміраюць, хоць па прадуктах у крамах бачна, што выбар, мякка кажучы, невялікі. Што робіцца за межамі сталіцы — сказаць цяжка, нас намагаліся кантраляваць. Толькі прыяжджаеш, і да цябе прыстаўляюць „кадэбіста“, які ўсюды за табой ходзіць, сочыць, гэта яго абавязак.

У прынцыпе, у цэнтры хадзі куды хочаш, на цябе проста глядзяць як на вар’ята, ты там зусім недарэчны. Агрэсіўнасьці вялікай няма, добразычлівасьці гэтаксама. Нікуды не пускаюць — на стадыёнах, у будынках выстаўленая ахова. Там кожны чалавек мусіць 7 гадоў адслужыць у войску, уключна з жанчынамі. Якраз у функцыі жанчын уваходзіць ахова адміністрацыйных будынкаў. Вельмі прыгожыя рэгуліроўшчыцы на вуліцах, тыя дзяўчаты — нават своеасаблівы брэнд Пхэньяну.

Што насамрэч у галовах — ня ведаю, па-карэйску ў нас ніхто не размаўляў. Арганізоўвалі паездкі ў „пацёмкінскія вёскі“ — як бы сяляне сьвяткуюць чарговую гадавіну візыту вялікага правадыра ў іхні калгас. Але там было ўсё — і кальмары, і гарэлка, і танцы. Безумоўна, штучная карцінка, якую, на жаль, не спраецыруеш на ўсю краіну».

Аналітыкі не выключаюць, што адным з пунктаў менскага туру кіраўніка паўночнакарэйскага МЗС Лі Су Ёна можа быць пытаньне вайсковага супрацоўніцтва. На зьнешнім рынку добра вядомая зброя, вырабленая ў КНДР паводле «пазычаных» лякалаў — перадусім савецка-расейскіх і кітайскіх. Найбольшым попытам гэтая прадукцыя карыстаецца ў краінах трэцяга сьвету, якія разам з КНДР знаходзяцца пад эмбарга і не пераймаюцца наконт легальнасьці паставак. Дзякуючы вялікай колькасьці ўнутраных і міжнародных канфліктаў КНДР застаецца значным гульцом у вайсковай сфэры. Ня кажучы пра тое, што Пхэньян валодае ядзернай зброяй, актыўна выкарыстоўваючы гэты жалезны аргумэнт у спрэчках з галоўнымі ворагамі — Паўднёвай Карэяй, Японіяй і ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG