Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-10 найлепшых фільмаў «Белсату»


За 9 гадоў тэлеканал «Белсат» зьняў 140 дакумэнтальных фільмаў, якія здабылі 45 узнагародаў на кінафэстывалях. Журналісты каналу зьнялі 125 доўгіх рэпартажаў пра Беларусь, Армэнію, Расею, Турцыю, Украіну.

Свабода выбрала для вас дзясятку найлепшых фільмаў «Белсату».

«Освальд. Менская містэрыя»

Забойства амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэдзі ў Даласе, ЗША, у 1963 годзе сталася адной з самых значных драматычных таямніцаў ХХ стагодзьдзя. Перад фатальным стрэлам у Даласе амэрыканец Лі Гарві Освальд доўгі час жыў у савецкай Беларусі ў разгар «халоднай вайны». Памяць пра гэта засталася ў сучасным Менску дасюль.

«Рэвалюцыя. Сьлёзы Майдану»

Гэты фільм — гісторыі герояў украінскіх падзеяў канца 2013 — пачатку 2014 году. Чатыры асобы, чатыры гісторыі. Двое мужчын, параненых у баях на Майдане, і дзьве жанчыны, якія страцілі сваіх мужчын.

«Беларусь пад нямецкай акупацыяй»

Нішто дагэтуль не абуджае такіх гарачых спрэчак, як нямецкая акупацыя Беларусі 1941–1944 гг. Прыход нямецкіх нацыстаў у Беларусі меў тыя ж эканамічныя наступствы, што і ў іншых акупаваных краінах Эўропы. Аднак Беларусь трапіла пад акупацыю не як сувэрэнная дзяржава, а як частка шматнацыянальнай савецкай імпэрыі.

«Госьці»

Найлепшы дакумэнтальны фільм у Нацыянальным конкурсе міжнароднага фэстывалю «Лістапад». Галоўны герой фільму Аляксей Шчадроў калісьці працаваў фэльчарам у «Хуткай дапамозе». Па выкліках часта даводзілася забіраць на вуліцах бяздомных людзей, але празь некалькі кілямэтраў брыгада зноў выкідала іх на вуліцу. Трапіўшы за краты, Аляксей сам аказаўся нікому не патрэбны. Турма перавярнула сьветапогляд былога фэльчара.

«Банда»

Фільм-расьсьледаваньне крывавай дзейнасьці «эскадронаў сьмерці» даступны онлайн на сайце «Белсату». Аўтары стужкі выкарыстоўваюць шматлікія дакумэнты, архіўныя фота- і відэаматэрыялы, сустракаюцца са сьведкамі падзеяў тых часоў.

«Добраахвотнікі»

Героі фільму — байцы Дабраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сэктар». Для адных яны незаконнае ўзброенае фармаваньне, для іншых — героі Ўкраіны. Сярод іх ёсьць і беларусы. Пад абстрэламі, рызыкуючы жыцьцём на лініі фронту, аўтар — беларускі дакумэнталіст — працаваў месяц, каб паказаць сапраўдныя абліччы абаронцаў вёскі Пескі.

«Забароненыя песьні Курдыстану»

Рэпартаж пра змаганьне курдаў за сваю культуру і традыцыю ў Турцыі. Галоўны герой — Рамазан Гюнэш, малады актывіст і заснавальнік Цэнтру курдзкай культуры ў горадзе Мазыдагы, што ва Ўсходняй Турцыі. Разам з групаю маладых людзей ён адкрывае ў сваім горадзе Цэнтар курдзкай культуры. Пачынае працу зь дзецьмі і падлеткамі, вучыць іх курдзкай мове, традыцыйнай музыцы, а таксама маляваньню і відэаздымкам.

«Данчык»

Біяграфічны фільм пра легенду беларускай аўтарскай песьні Багдана Андрусішына, вядомага як Данчык. Адмыслова для гэтага фільму сям’я барда перадала відэа зь сямейнага архіву, якое ніколі раней не дэманстравалася.

«Глыбоцкая змова»

Фільм пра Саюз беларускіх патрыётаў. Сябры арганізацыі, маладыя настаўнікі, змагаліся зь ператварэньнем Беларусі ў расейскую правінцыю, імкнуліся выхаваць нацыянальна сьвядомых дзяцей, хай і ў савецкіх школах. У 1947 годзе савецкія спэцслужбы разграмілі Саюз, арыштаваўшы большасьць яго сябраў.

«Пашпарт для беларуса»

Фільм «Пашпарт для беларуса» паказвае гісторыю Беларусі праз прызму зьмены пашпартоў яе жыхароў. Падчас апошняга стагодзьдзя беларусы былі грамадзянамі царскай Расеі, кайзэраўскай Нямеччыны, Польшчы, Савецкага Саюзу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG