Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь названая чацьвёртай з самых бясьпечных краінаў Эўропы. Сапраўды так?


Зьмітра Дашкевіча затрымліваюць падчас акцыі «Маладога фронту» супраць адкрыцьця помніка Леніну ля Менскага трактарнага заводу пасьля нападу на яго актывіста БРСМ

Міністэрства замежных справаў Беларусі зьвярнула ўвагу на рэйтынг крыміналу, у якім Беларусь названая адной з самых бясьпечных краінаў сьвету: у топ-10 у сьвеце і чацьвёртай у Эўропе. Рэйтынг, на які спасылаецца МЗС, складаецца на сайце Numbeo, зьвесткі для яго даюць самі карыстальнікі, а не прафэсійныя дасьледчыкі.

У рэйтынгу больш бясьпечнымі за Беларусь па парамэтрах узроўню злачыннасьці названыя (ад 1 да 9 месца) Катар, Сынгапур, Тайвань, Аўстрыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Ганконг, Грузія, Японія і Данія.

Numbeo’s Crime Index for Country 2017
Numbeo’s Crime Index for Country 2017

Але ў іншых рэйтынгах Беларусь не заўсёды мае высокія пазыцыі.

Так, ва Ўсясьветным рэйтынгу міру, які складае міжнародны Інстытут эканомікі і міру, Беларусь толькі на 106 месцы са 162. Кепскія адзнакі краіна мае за ўзровень крыміналу, колькасьць зьняволеных, даступнасьць зброі, палітычную стабільнасьці, унутраны канфлікт і магчымасьць гвалту на масавых дэманстрацыях, стасункі з суседзямі… Зьвесткі для рэйтынгу бяруцца ад службаў ААН і міжнародных некамэрцыйных арганізацыяў.

Global Peace Index 2016
Global Peace Index 2016

На Мапе бясьпекі вандровак, якую складае прыватная кампанія International SOS and Control Risks, Беларусь пафарбаваная ў жоўты колер: для вандроўнікаў рызыкі нізкія, але не мінімальныя, як у Нарвэгіі, Швэцыі, Фінляндыі, Швайцарыі ці Славэніі. Такога ж жоўтага колеру на мапе Літва, Латвія і Польшча, але Расея і Ўкраіна рудыя — рызыкі для вандроўнікаў там сярэднія. Паводле той жа мапы, у Беларусі сярэднія мэдычныя рызыкі і сярэднія рызыкі на дарогах.

International SOS Travel Risk Map 2017
International SOS Travel Risk Map 2017

Дзярждэпартамэнт ЗША ​ацэньвае крымінальную рызыку ў Беларусі як нізкую, але адзначае сумневы ў слушнасьці афіцыйнай статыстыкі ў злачынствах, пагрозы ў кібэрбясьпецы і «крытычныя праблемы інфраструктуры» праз будоўлю БелАЭС. Крымінал застаецца праблемай у Беларусі, піша Дзярждэп, праз адсутнасьць адэкватных паліцэйскіх органаў і адэкватных мераў. Праваахоўныя органы не адпавядаюць стандартам ЗША і Эўразьвязу, іх здольнасьць прадухіляць злачынствы на вуліцах і расьсьледаваць учыненыя злачынствы ацэньваецца як нізкая, праваахоўнікі выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG