Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 8 гадоў турмы. Вынесьлі прысуды ў справе аб карупцыі ў Фондзе сацыяльнай абароны, АРІП і «БелАВМ»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд Ленінскага раёну Менску вынес прысуды ў справе аб карупцыі ў кампаніі «БелАВМ», Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, плацежнай сыстэме АРІП і Нацыянальным банку Беларусі, піша БелаПАН.

Былая кіраўніца ФСАН Людміла Бачыла асуджаная на 8 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, а таксама на 5 гадоў забароны займаць шэраг пасадаў. Яе абвінавацілі ў атрыманьні хабару (20 тысяч даляраў) ад генэральнага дырэктара «БелАВМ» Дзьмітрыя Роніна за забесьпячэньне перамогі ў тэндэрах на пастаўку абсталяваньня ў ФСАН. Бачыла не прызнала віны.

Былы кіраўнік АРІП Алег Верамейчык асуджаны на 5 гадоў і 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў атрыманьні хабараў на 9 і 6,4 тысячы эўра — таксама ад Роніна за «правільныя» вынікі тэндэру. Ён прызнаў віну.

Самога Роніна асудзілі на 2 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму і прымусовае лячэньне ад алькагалізму. У апошнім слове ён тройчы прасіў прабачэньня ў астатніх абвінавачаных.

Ягоны намесьнік Мікалай Рамановіч атрымаў 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, топ-мэнэджэр «БелАВМ» Леанід Гарбачэўскі — 2 гады без накіраваньня. Гарбачэўскі і Рамановіч прызналі сваю віну.

Былы начальнік упраўленьня інфарматызацыі ФСАН Віталь Старавойтаў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама на 5 гадоў забароны займаць шэраг пасадаў. Ён, як сьцьвярджала сьледзтва, атрымаў 4 тысячы даляраў ад Гарбачэўскага за «правільнае» тэхнічнае заданьне да тэндэру.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня валютна-фінансавага маніторынгу Нацбанку Анатоль Мароз асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 400 базавых велічыняў (9800 рублёў), ягоная намесьніца Кацярына Паплаўская — на 2 гады і 6 месяцаў, а таксама штраф 300 базавых (7350 рублёў). Паводле сьледзтва, Паплаўская атрымала хабар у выглядзе смартфона iPhone, а Мароз быў арганізатарам хабару. Яны не прызналі віны.

Усе пакараньні ўлічваюць знаходжаньне за кратамі ў час сьледзтва, а фігуранты былі затрыманыя ў сьнежні 2016 году (акрамя Гарбачэўскага і Рамановіча, якія былі пад падпіскай аб нявыезьдзе).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG