Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч пераабраны старшынём незалежнага Саюзу пісьменьнікаў


Барыс Пятровіч, старшыня Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў

На XVII зьезьдзе 4 сакавіка незалежны Саюз пісьменьнікаў Беларусі пераабраў кіраўніцтва. У залі менскага Палацу мастацтва прысутнічалі 251 чалец Саюзу з 470.

Старшынём бальшынёй галасоў на другі тэрмін пераабраны 57-гадовы пісьменьнік Барыс Пятровіч (Сачанка), які ўзначальвае СБП ад 2011 году.

Старшыню абіралі не галасаваньнем мандатамі ў залі, а таемным галасаваньнем бюлетэнямі. У выніку падліку галасоў было абвешчана: за кандыдатуру Барыса Пятровіча — 217 галасоў, два бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі.

Барыс Пятровіч пра будучыню Саюзу беларускіх пісьменьнікаў: «Шлях, які мы прайшлі, паказвае, што мы на правільнай дарозе»

У раду СБП прапанавалі ўключыць 39 чалавек, у тым ліку ўсіх кіраўнікоў абласных арганізацыяў СБП. Супраць выступіў Сяргей Вераціла, які прапанаваў скараціць раду да 21 чалавека, бо 39 чалавек на яго думку — зашмат, такую раду цяжка сабраць. Уладзімер Барысенка прапанаваў кампрамісныя лічбы: 29 чалавек у радзе. Абсалютная бальшыня залі прагаласавала за прапанову рады — 39 чалавек, супраць было зь дзясятак галасоў. З залі прапанавалі некалькі дадатковых кандыдатураў, Лявон Баршчэўскі і Алесь Разанаў прасілі самаадвод з рады — у выніку атрымалася 42 кандыдаты на 39 пасадаў.

Заля прагаласавала таксама за склад рады СБП і рэвізійнай камісіі, ухваліла рэзалюцыю зьезду, заявы з нагоды 500-годзьдзя беларускага кнігадруку і аб кепскай сытуацыі зь беларускімі літаратурнымі музэямі. Заявы, а таксама склад рады маюць зьявіцца на сайце СБП.

Прапанову Някляева аб утварэньні Руху за дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі і аўтаматычнага далучэньня ўсіх сяброў СБП да Руху зьезд не прыняў — вырашылі ўваходзіць у рух не калектыўна, а індывідуальна.

У аргкамітэт выбараў увайшлі 11 сяброў СБП, якія раіліся з калегамі і нават прасочвалі камэнтары ў інтэрнэце, а па выніках назвалі адзінага кандыдата на старшыню: улічыўшы непэнсійны ўзрост і папярэднюю дзейнасьць — Барыс Пятровіч на другі тэрмін.

Перад зьездам у інтэрнэце хадзілі чуткі, нібы старшынёй СБП могуць абраць ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлану Алексіевіч, але яе не было ў ліку кандыдатураў — як не было і на зьезьдзе.

Барыс Пятровіч — празаік-мадэрніст, аўтар кніг «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998), «Шчасьце быць» (2004), «Жыць ня страшна» (2008), «Піліпікі» (2009), «Плошча» (2010), «Спакушэньне» (2013), «Спачатку была цемра» (2013), «Пуціна» (2015). Таксама вядомы як заснавальнік і галоўны рэдактар часопісу «Дзеяслоў», куратар і рэдактар сямі дзясяткаў кніг, у пачатку карʼеры працаваў журналістам. Ляўрэат прэміі «Гліняны Вялес» 2008 году.

Зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў праводзіцца раз на пяць гадоў. Саюз беларускіх пісьменьнікаў утварыўся з Саюзу пісьменьнікаў БССР у 1991 годзе. У 2005 годзе ад СБП адкалолася група, якая затым утварыла праўладны Саюз беларускіх пісьменьнікаў на чале зь Мікалаем Чаргінцом. Ён дзейнічае як добраахвотная няўрадавая арганізацыя з мэтамі абароны творчых правоў, прафэсійных і сацыяльных інтарэсаў літаратараў, забесьпячэньня ўмоваў для практычнай рэалізацыі свабоды слова і друку, аховы творчай спадчыны.

Больш па гэтай тэме

Барыс Пятровіч: Ня трэба баяцца, што загучыць слова «прымус», іначай загучыць «генацыд»

Някляеў абурыўся адсутнасьцю слова «патрабуем» у рэзалюцыі незалежнага Саюзу пісьменьнікаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG