Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Андрэя Бандарэнкі ня выключыў, што зьвернецца да Лукашэнкі з просьбай памілаваць сына


Ленінскі суд Магілёва 9 лютага на папярэднім разглядзе крымінальнай справы супраць праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі пастанавіў адправіць яе на дапрацоўку пракурору Магілёва. Судзьдзя Ірына Ланчава ўгледзела ў расьсьледаваньні справы парушэньне працэсуальнага парадку прызначэньня адказнага за сьледзтва.

Справу паводле часткі другой 411 артыкула Крымінальнага кодэксу распачалі з ініцыятывы адміністрацыі магілёўскай турмы № 4. Бандарэнку, які меўся выйсьці на свабоду 31 сакавіка, пагражае два гады калёніі за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».

На папярэднім пасяджэньні ў судзе прысутнічаў і сам асуджаны, якога трымалі ў клетцы. На пачатку працэсу журналістам дазволілі зрабіць фатаздымкі. Аднак хадайніцтва Андрэя Бандарэнкі, каб фота- і відэаздымкі вяліся і падчас разгляду справы, судзьдзя не задаволіла.

«Я казаў у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, што ў іх у саміх пыл на паліцах»

На працэс прыехаў бацька асуджанага Валер Бандарэнка. Вырак судзьдзі Ланчавай ён назваў справядлівым:

«Калі матэрыялы справы не падрыхтаваныя, а сьледзтва было праведзена не належным чынам, то рашэньне суду лягічнае. Даўно ўжо зразумела, што з маім сынам у турме абыходзяцца так, як не дапушчальна».

Андрэй Бандарэнка на судзе
Андрэй Бандарэнка на судзе

Валер Бандарэнка пагаджаецца з сынам, што адміністрацыя турмы правакуе таго на супрацьпраўныя дзеяньні. Бандарэнка-старэйшы нагадаў, што пасьля таго, як сына асудзілі, ён зьвяртаўся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і ў пракуратуру, каб яго не пасылалі ў Бабруйскую калёнію.

«Для мяне было зразумела, што там яго будуць правакаваць. Так яно і сталася. Я ж прасіў, каб сына адправілі адразу ў турму. Аднак яго адправілі менавіта ў папраўчую калёнію № 2. Потым Андрэй і пайшоў па кругу: Бабруйск, Шклоў, Магілёў. Я казаў ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, што ў іх у саміх пыл на паліцах, а сыну далі спагнаньне за пыл, які выгледзелі супрацоўнікі. А потым ён стаў злосным парушальнікам рэжыму. Мне цяжка сказаць, дзеля чаго рабіліся гэтыя правакацыі. Можа, за тое, што ён бараніў правы людзей, спрабаваў ім дапамагчы. Але гэта ж нармальна».

«Выглядае сын дужа кепска»

Валеру Бандарэнку канваіры не дазволілі пагаварыць з сынам. Асуджаны спрабаваў на мігі нешта сказаць бацьку, які быў непадалёк ад яго ў залі. На жэсты зьняволенага незадаволена адрэагаваў канваір, засланіўшы тулавам яму залю.

«З сынам не ўдалося пагутарыць. Не дазволілі. Выглядае сын дужа кепска. Я жахнуўся, убачыўшы яго, — кажа Валер Бандарэнка. — Гэта і зразумела, бо больш як год ён не атрымлівае ніводнай перадачы. Хіба можа толькі на турэмнай пайцы падтрымліваць сябе ў добрым стане? Тое, што адбываецца з сынам у зьняволеньні, я называю зьдзекам».

Кароткатэрміновага спатканьня Андрэя Бандарэнку пазбавілі праз накладзенае на яго дысцыплінарнае спагнаньне. Паводле адміністрацыі турмы, падчас канваіраваньня ён не трымаў рукі за сьпінаю. Гэтае спагнаньне асуджаны абскарджваў у судовым парадку, але марна.

Бацька зьняволенага дапускае, што зьвернецца да Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні сына. Справу супраць яго Валер Бандарэнка лічыць сфабрыкаванай.

Валер Бандарэнка

«Пакуль думаю пра зварот да Лукашэнкі, але схіляюся, што варта яму пісаць, — кажа Бандарэнка-старэйшы. — Няхай гарант Канстытуцыі разьбіраецца ў сытуацыі, бо, на маё перакананьне, справа супраць сына сфабрыкаваная. Я пра гэта казаў адразу. Цяпер пра гэта кажуць юрысты і спэцыялісты ў галіне права. У дзеяньнях сына не было складу злачынства, якое яму інкрымінавалі тры гады таму».

Валер Бандарэнка дапускае, што калегам сына па праваабарончай дзейнасьці варта было б актыўней адстойваць ягоныя правы і невінаватасьць. Такая пасіўнасьць, на думку Бандарэнкі-старэйшага, разьвязала рукі тым, хто распачаў супраць Андрэя ў зьняволеньні рэпрэсіўныя дзеяньні.

Мне іншым разам падаецца, што сына проста здалі

«Актыўнасьць праваабарончых арганізацыяў выявілася толькі ў апошнія некалькі месяцаў, калі рэальнай стала пагроза для сына падпасьці пад сумнавядомы 411 артыкул, ягоную другую частку. А напачатку стараліся самаўхіліцца, ці прынамсі не дэманстраваць сваёй актыўнасьці. Мне іншым разам падаецца, што сына проста здалі», — кажа бацька зьняволенага праваабаронцы.

«Андрэй бараніў правы пакрыўджаных, тых, хто лічыў, што іх прыцягнулі да адказнасьці незаконна, — дадае ён. — Калі б не грамадзкасьць, звычайныя людзі, якія трымалі пад кантролем сытуацыю з сынам, перажывалі за яго, то, баюся, сытуацыя была б і горшая за сёньняшнюю».

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка, камэнтуючы вынікі папярэдняга судовага пасяджэньня, назваў пастанову судзьдзі Ланчавай тэхнічнай. Яна ніяк не вырашае лёсу крымінальнай справы, кажа праваабаронца.

«Аднак я вітаю любыя судовыя рашэньні, акрамя тых, якія накіраваныя на прызначэньне пакараньня па сфабрыкаванай крымінальнай справе ў адносінах да праваабаронцы».

Судзьдзя пералічыла спагнаньні, але не згадала, што Бандарэнка іх абскарджваў

Судзьдзя Ірына Ланчава зачытвала сёньня вырак па справе Андрэя Бандарэнкі больш за восем хвілін. У ім яна згадала, паводле якіх артыкулаў асудзілі Бандарэнку і на які тэрмін:

«Меўшы нязьнятую і непагашаную асуджанасьць, належных высноваў не зрабіў, на шлях выпраўленьня ня стаў і зноў учыніў наўмыснае злачынства. У пэрыяд адбыцьця пакараньня сыстэматычна парушаў вызначаны парадак адбыцьця пакараньня, у сувязі з чым быў прызнаны злосным парушальнікам парадку адбыцьця пакараньня».

Яны прыгадала, што Бандарэнку перавялі з папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму ў турму. Судзьдзя пералічыла таксама спагнаньні, накладзеныя на вязьня: ляжаў на ложку ня ў вызначаны час, падчас канваіраваньня не трымаў рук за сьпінай і перамаўляўся зь іншым асуджаным, а калі супрацоўнікі турмы наведвалі камэру, Бандарэнка не зрабіў ім належнага дакладу. На заўвагі супрацоўнікаў асуджаны не рэагаваў.

Былі прэтэнзіі ў адміністрацыі турмы і да працы, якую рабіў Бандарэнка. Канвэрты, якія ён склейваў, былі няякаснымі, сказала судзьдзя.

Аднак судзьдзя не згадала, што спагнаньні асуджаны абскарджваў, бо лічыў іх неправамернымі.

Ірына Ланчава, тым ня менш, угледзела ў расьсьледаваньні крымінальнай справы супраць Бандарэнкі парушэньне працэсуальнага парадку прызначэньня адказнага за сьледзтва.

«Такім чынам, крымінальная справа ў вытворчасьці сьледчага Рамановіча знаходзілася без законных падставаў, што нясе недапушчальнасьць доказаў па справе, — казала судзьдзя. — Дадзеная справа падлягае вяртаньню пракурору».

XS
SM
MD
LG