Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багушэвічу і ня сьнілася: 3D-тур па кушлянскай сядзібе клясыка


Фатограф і праграміст Станіслаў Багдзевіч
Фатограф і праграміст Станіслаў Багдзевіч

Па літаратурна-мэмарыяльным музэі клясыка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча ў Кушлянах на Смаргоншчыне цяпер можна паблукаць, седзячы ў любым пункце сьвету. Гэта стала магчымым дзякуючы адмысловаму 3D-туру, які бясплатна распрацаваў для ўстановы фатограф і праграміст, аўтар праекту atmasfera.by Станіслаў Багдзевіч.

Адзіная ацалелая сядзіба слыннага пісьменьніка ў Кушлянах — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ХІХ стагодзьдзя. Музэй разьмешчаны ў доме, які Францішак Багушэвіч пабудаваў у 1896-м і дзе правёў свае апошнія гады.

Як і фізычная экскурсія, віртуальнае падарожжа ахоплівае памяшканьні, у якіх выстаўленыя экспанаты. У выдатнай якасьці можна разгледзець асабістыя рэчы паэта, ягоныя рукапісы, кнігі, арыгінальныя сямейныя фатаздымкі. На пачэсным месцы — сымбалічныя смык і дудка. Можна зазірнуць у сьвіран, паблукаць паміж выстаўленымі там прадметамі побыту ды сельскагаспадарчым інструмэнтам таго часу. А ўлетку, як кажа Станіслаў, сфэрычная панарама папоўніцца старым паркам.

Магчыма, у віртуальным шпацыры не хапае пляча шматгадовага кіраўніка музэю Алеся Жамойціна, але гэта акурат той выпадак, калі рэчы гавораць самі за сябе.

​Станіслаў Багдзевіч кажа, што ідэя візуалізаваць музэй у Кушлянах была ягонай ініцыятывай і ніякіх камэрцыйных мэтаў не перасьледавала:

«Я затэлефанаваў дырэктару музэя Алесю Жамойціну, прапанаваў паздымаць экспазыцыю. Ідэя яму спадабалася, ён пайшоў насустрач, і мы такім чынам спрацаваліся. Што да ініцыятывы, то яна, натуральна, была мая, бо мне падабаецца тое, што я раблю, што я здымаю. Чаму ў такім разе не сумясьціць прыемнае з карысным, тым самым паспрыяўшы папулярызацыі ўнікальнага месца? Само сабой, усё было зроблена бясплатна: беларускія музэі ня ў тым стане, каб дазволіць сабе такія здымкі».

Станіслаў працуе ў адной са сталічных кампаніяў, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня, дзе паралельна курыруе свой «панарамны» праект. А вось родам ён са Смаргоні, адкуль рукой падаць да Кушлянаў. Гэтая акалічнасьць і стала вырашальнай у супрацы з тамтэйшым музэем:

«Праца для кушлянскага музэя — гэта свайго роду даніна павагі аднаму са знакавых месцаў на Смаргоншчыне. У Кушлянах сапраўды нейкая асаблівая аўра, атмасфэра ўзьнёсласьці, там адпачываеш і фізычна, і маральна.

Справа ў тым, што раз-пораз я здымаю вясельлі, і цяпер, дзякуй богу, маладыя едуць не да помніка танку, а да маёнтка Агінскага ў Залесьсі ці да Багушэвіча. І калі я апошнім разам здымаў вясельле сяброў у Кушлянах, тады і зьявілася ідэя адказаць узаемнасьцю, прапанаваўшы музэю такую панарамную галерэю».

Калі некаторыя музэі ў Менску ды буйных гарадах ужо практыкуюць на сваіх інтэрнэт-старонках 3D-туры, то для рэгіянальных установаў гэта ў навінку. Зрэшты, далёка ня ўсе маюць нават уласныя сайты. Няма свайго сайта і ў кушлянскага музэя:

«Сапраўды, некаторыя музэі ўжо могуць пахваліцца такой функцыяй, і гэта здорава. Вось паспрабаваў падлучыць да гэтай справы музэй Багушэвіча, а ўжо як і што далей — будзе бачна. Дарэчы, зьвязаўся з адміністрацыяй Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры, які якраз апякуецца кушлянскай філіяй. Зноў жа, з прапановай прарэклямаваць гэты 3D-тур. Апроч таго, што гэта ёсьць на маім сайце, яно можа быць і на старонцы галаўнога музэя. Таму якраз абмяркоўваем магчымасьць даць на яго спасылку. Каб людзі, якія цікавяцца гісторыяй, культурай, літаратурай, спачатку маглі зайсьці на сайт, зрабіць віртуальную экскурсію, а ўжо наступным крокам — непасрэдна прыехаць у Кушляны, прагуляцца па гэтых цудоўных мясьцінах».

Станіслаў Багдзевіч кажа, што яшчэ некалькі гадоў таму падобная справа была надзвычай фінансава затратная, бо не існавала тэхнічнай базы для яе рэалізацыі. Цяпер праграмісты, фатографы маюць нашмат большыя магчымасьці, каб ствараць сфэрычную панараму:

«Гэта, скажам так, праграмаваньне ў комплексе з фатаздымкамі. Спачатку зьбіраецца фотаматэрыял, а ўжо пасьля ўступаюць у справу асноўны код html-5 ці флэш-анімацыя, якія дазваляюць адрэтушыраваны матэрыял круціць, рабіць пераходы, адным словам, віртуальна падарожнічаць. Калі я сам першы раз пабачыў такія сфэрычныя панарамы, мяне яны надзвычай узрушылі, і я адразу ж захацеў гэтым займацца. Але на той момант не было тэхнічнай магчымасьці — такое абсталяваньне ў Беларусі цяжка было знайсьці наагул. Але потым паступова ўсё „зраслося“, наладзілася, пачаў здымаць, апрацоўваць. І вось вынік».

У арсэнале Станіслава ўжо шэраг рэалізаваных праектаў у самых розных напрамках — ад 3D-фіксацыі краявідаў Віліі і закінутых будынкаў да мастацкай майстэрні і салёну лімузына. Жанравая раскіданасьць — найперш каб руку набіць?

«Рука, па вялікім рахунку, ужо набітая. Але цяпер, калі я выходжу на рынак, то пазыцыяную сябе як напалову камэрцыйны праект, а на астатнюю палову, адпаведна, некамэрцыйны. Вядома, было б здорава, каб камэрцыйны складнік справы прыносіў мне фінансавы дабрабыт, а некамэрцыйны, дзякуючы наяўнай матэрыяльнай базе, дазваляў рабіць цікавыя культурніцкія праекты».

Камэрцыйны складнік сфэрычных панарамаў найперш залежыць ад складанасьці замовы. Але, удакладняе Станіслаў, паступова сфармаваўся рынкавы кошт, які вымушаныя ўлічваць канкурэнты:

«Часьцей за ўсё падыход індывідуальны, але цэны стартуюць дзесьці ў раёне 950 тысяч рублёў за адну панараму. А далей ужо сума варʼіруе залежна ад таго, колькі такіх кропак трэба зьняць, якія ўмовы здымак, што трэба атрымаць на выхадзе і г.д. Шмат нюансаў. Тым ня меней стараюся трымацца сярэдняга рынкавага кошту па Беларусі, каб, з аднаго боку, не дэмпінгаваць, а з другога — трымацца на плыву».

Апроч 3D-падарунка музэю Багушэвіча ў Кушлянах, апошнімі дабрачыннымі акцыямі Станіслава Багдзевіча сталі панарамныя здымкі ў межах усясьветнай акцыі «Час Зямлі», калі Менск разам зь іншымі гарадамі на гадзіну пагрузіўся ў цемру, а таксама супраца зь бібліятэкамі ў рамках некамэрцыйнага праекту «Кнізе — другое жыцьцё».

Станіслаў Багдзевіч нарадзіўся ў 1987 годзе ў Смаргоні. Вучыўся тут у гімназіі, паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Паралельна з вучобай займаўся фатаздымкай і відэаапрацоўкай, пасьля заканчэньня ВНУ спрабаваў сябе ў розных праектах, пакуль нарэшце не распачаў уласны — atmasfera.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG