Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйчанін, што загінуў ад выбуху, хварэў на анкалёгію і пакутаваў ад дэпрэсіі


Дом, у якім жыў жыхар Бабруйску, які падарваў сябе каля крамы.
Дом, у якім жыў жыхар Бабруйску, які падарваў сябе каля крамы.

Сьледзтва па справе выбуху ў Бабруйску 1 лютага высьветліла, што загінулы бабруйчанін доўгі час хварэў на анкалягічнае захворваньне і меў 2-ю групу інваліднасьці.

Як апавялі суседзі загінулага, 58-гадовы С. працаваў кіроўцам. Праз інваліднасьць чарговая камісія не дапусьціла яго да працы. Але сваім дыягназам ён са знаёмымі не дзяліўся.

«Вэрсія самагубства асноўная. Але разглядаюцца і іншыя вэрсіі», — паведаміла прадстаўніца Ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Аксана Саленюк Радыё Свабода.

З-за хваробы, па словах жонкі, загінулы апошнім часам знаходзіўся ў стане дэпрэсіі і часта выпіваў.

Сьледзтва пакуль не паведамляе, якое выбуховае прыстасаваньне прывяло да сьмерці пацярпелага, і адкуль яно ўзялося. Правяраецца вэрсія, што яно было знойдзенае выпадкова.

Увечары 1 лютага ў Бабруйску 58-гадовы мужчына зайшоў у краму «Кошык» на вуліцы Батава, набыў сьпіртное й садавіну. Выйшаўшы з крамы, ён завярнуў за вугал будынка з боку пустыннага праезду каля прыватнага сэктару. Праз пару хвілін адбыўся выбух, у выніку якога мужчына загінуў.

Прадавачка Кацярына, што працавала ў тую зьмену, кажа, што выбух быў даволі гучны: «Мы пасьпелі спалохацца. А калі выбеглі паглядзець што здарылася — там ужо быў невялічкі натоўп мінакоў, што да таго стаялі цераз дарогу (мэтрах у ста ад месца здарэньня), і „хуткая“. Мы нават не пабачылі само месца й парэшткі, толькі што сьцены крамы пасечаныя асколкамі».

Мужчына заходзіў у краму адзін. Да яго і да моманту выбуху наведвальнікаў не было, — кажуць у краме.

Крама «Кошык» на вуліцы Батава
Крама «Кошык» на вуліцы Батава

Сьвятлана Бергер
Сьвятлана Бергер

Камэнтуючы Свабодзе сытуацыю, псыхоляг Сьвятлана Бергер адзначыла, што ў Беларусі фактычна не існуе псыхалягічнай дапамогі для анкахворых:

«Калі насамрэч будзе ўстаноўлена, што гэта ўчынена ад страху перад ракам, то гэта магчыма. Бо ў нас рэальна людзі баяцца раку. І калі гаворка заходзіць пра рак, то першая рэакцыя амаль у любога чалавека — гэта жах, гэта страшна. Гэта так. І калі чалавек захворвае, і калі ён лечыцца, і калі заканчвае лячэньне, то псыхалягічную дапамогу практычна няма дзе атрымаць. Я сама таксама з гэтым сутыкнулася.

Для таго, каб разьвіваць псыхалягічную падтрымку анкапацыентаў, патрэбна іншая сыстэма. А пра каго ў нас клапоцяцца, каго ў нас любяць? Калі ў нас і здаровых ня любяць.

Калі мы ўсьвядомім каштоўнасьць чалавечага жыцьця, калі будзе відавочнай узаемасувязь псыхічнага стану чалавека і яго здароўя, тады будзе нешта мяняцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG