Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арыентавацца на расейскі рынак і не пісаць даўгіх тэкстаў». Ганна Бонд і Ася Паплаўская пра блогінг у Беларусі


Тэлевядучая Ганна Бонд і журналістка Ася Паплаўская
Тэлевядучая Ганна Бонд і журналістка Ася Паплаўская

«У чым праблема нашых блогераў? Яны сябе не прадаюць», — лічыць тэлевядоўца Ганна Бонд. «У беларускамоўных блогераў у 10 разоў меншая аўдыторыя чым у расейскамоўных, таму трэба пісаць па-расейску», — перакананая журналістка Ася Паплаўская.

Ганна Бонд і Ася Паплаўская найбольш папулярныя ў Беларусі блогеркі паводле вынікаў апытаньня, праведзенага для marketing.by. У «Толькі жанчыны» яны расказваюць сваю аўдыторыю, бан-ліст, а таксама пра тое, чаго яны дамагліся дзякуючы папулярнасьці ў сацсетках.

Бонд: «Усе ўсе абурыліся чаму? Ну, таму што я»

Ганна Соўсь: Вынікі апытаньня наконт пазнавальнасьці беларускіх блогераў, якое правяло міжнароднае агенцтва MASMI на замову marketing.by ўжо тыдзень выклікае бурныя дыскусіі ў сацыяльных сетках. Найбольш пазнавальная сярод беларускіх блогераў — Ганна Бонд (9,4%), Улад Бумага (5,9%), Ася Паплаўская (3,2%). Ганна, Ася, а якая была вашая рэакцыя на вынікі гэтага апытаньня?

Ганна Бонд
Ганна Бонд

Ганна Бонд: Першым мяне павіншаваў Багдан Каравец. Я нават не зразумела што гэта і да чаго. Мне вельмі прыемна было, нечакана, я адразу палезла вывучаць, што гэта за дасьледаваньне і да чаго яно прымеркаванае. Агенцтва, якое рабіла апытаньне, вельмі аўтарытэтнае, таму ніхто не сумняецца ў выніках. У нас у Беларусі ёсьць вельмі шмат прэмій, і мы ведаем, што іх можна купляць і атрымліваць месцы і званьні. А што тычыцца гэтага, то тут, мяркуючы па сацсетках, ні ў каго не ўзьнікла сумневу. Але ўсе абурыліся чаму.... Ну, таму што я. І мне, канешне, гэта было вельмі прыемна. Насамрэч гэта кажа пра тое, што вось такі глядач, сёньня ён выбірае такога героя, гэта цалкам напэўна заслужана і нармальна.

І я магу патлумачыць чаму. У мяне даволі шырокая аўдыторыя, я ўсё-такі калісьці працавала на сцэне шмат гадоў, дзе штодзень прыходзіла на кожны спэктакль каля 2 тысячы чалавек. Потым гэта тэлебачаньне, зараз спорт — я працую ў найлепшым клюбе нашай краіны, гэта БАТЭ, і канешне буйнейшы партал Onliner. Таму аўдыторыя ў мяне шырокая. Я не тупа сяджу ў ЖЖ, на мой погляд гэта памірае, я наогул там ніколі не сядзела. А ў мяне вельмі вялікі ахоп аўдыторыі, і калі я атрымліваю нейкія новыя праекты ад брэндаў, ад вялікіх кампаній, то яны робяць маркетынгавы досьлед самі, таму што сёньня падпісчыкі, якія ў вас у сацсетках, ні на што не ўплываюць, іх можна накруціць. Напэўна ў сувязі з гэтым marketing.by зрабілі задзел на 2018 год, і гэта ў тым ліку і для рэклямадаўцаў будзе карысна.

«Як жартавалі ў твітэры, Ася Паплаўская патрапіла ў сьпіс, таму што апытаныя думалі, што гэта ўнучка Ядвігі Паплаўскай»

Ганна Соўсь: Ася, а для вас чаканы быў такі вынік, што вы трапілі ў гэты сьпіс на адну з першых пазыцый? ​

Журналістка Ася Паплаўская. Фота з прыватнага архіву.
Журналістка Ася Паплаўская. Фота з прыватнага архіву.

Ася Паплаўская: Для мяне гэта было напэўна яшчэ больш дзіўна. Як Ганна адзначыла, у яе сапраўды вельмі шырокая аўдыторыя, яна чалавек сапраўды вельмі папулярны і вядомы. Што да мяне, то ў мяне аўдыторыя не такая шырокая, і ў мяне ніколі не было працы на вельмі шырокую аўдыторыю. Калі я працавала журналістам ці рэдактарам, гэта былі парталы з дастаткова абмежаванай колькасьцю людзей, таму што яны былі тэматычныя, а зь агульнанацыянальных парталаў у мяне быў толькі naviny.by, і гэта было вельмі даўно, у 2011-м годзе. І таму мяне, калі шчыра, зьдзівілі вынікі, я абсалютна не чакала, што я займу 3-яе месца. Як жартавалі ў твітэры, Ася Паплаўская патрапіла ў сьпіс, таму што апытаныя думалі, што гэта ўнучка Ядвігі Паплаўскай. Вельмі трапны жарт.

Магчыма, я ў гэты сьпіс трапіла таму, што апошнія 2 гады вялікая аўдыторыя пра мяне даведалася дзякуючы майму жаночаму клюбу «ДевиЖЖник». Але гэта толькі менская аўдыторыя, то бок у рэгіёнах пра гэтую маю справу наўрад ці хтосьці ведае. Калі шчыра, адказу, як у Ганны, у мяне няма. Я ня ведаю, чаму я трапіла ў гэты сьпіс. Але гэта, канешне, прыемна. Гэта паказвае, што мяне ўсё ж чытаюць.

Бонд: «Мая аўдыторыя — гэта вясёлыя сучасныя людзі з пачуцьцём гумару, простыя, не фанабэрыстыя»

Ганна Соўсь: Ці маглі б вы ахарактарызаваць сваю аўдыторыю ў сацыяльных сетках паводле колькасьці, якасьці, узросту, полу, зацікаўленьня? Напэўна вы вывучалі яе.

Ганна Бонд: Мне здаецца, гэта вельмі проста. Мяркуючы па сацсетках, мая аўдыторыя зь сярэднім узростам 25-35 гадоў. Гэта вясёлыя сучасныя людзі з пачуцьцём гумару, простыя, не фанабэрыстыя — нармальныя людзі. Аўдыторыя жывая, рухавая, якая з задавальненьнем спажывае той прадукт, які ты робіш, той кантэнт, які ты ім прапануеш. У мяне роўна напалам дзеляцца мужчыны і жанчыны. Тое, што я актыўна займаюся спортам, здаровым ладам жыцьця і плюс футбол, адыгрывае сваю ролю. Ну і жанчыны, якім цікавая пэўная мая ўнутраная свабода. Таму што ўсе хочуць быць свабоднымі ў сваіх поглядах, думках, самавыражэньні, але ня ўсе могуць сабе дазволіць. Я сябе дазваляю, і я думаю, што мая аўдыторыя дзесьці хоча пераймаць, можа ў кагосьці нават атрымліваецца, ці з дапамогай мяне набывае вось гэтую нейкую свабоду.

Паплаўская: «Мая аўдыторыя: 70% — жанчыны, і 30% — мужчыны»

Ася Паплаўская: Мая аўдыторыя — вельмі актыўныя людзі, сярэдні ўзрост ад 25 да 44, 70% — гэта жанчыны, і 30% — мужчыны. Жанчыны больш цікавяцца, таму што я пішу ў тым ліку пра падарожжы, на жаночыя тэмы, пра ёгу, ежу. І гэтыя тэмы ўсё ж больш жанчыны спажываюць. А мужчыны, напэўна, чытаюць пра розныя новыя месцы ў Менску, пра падарожжы.

Я больш дынамічны чалавек, больш сучасны, мне трэба думаць, як калёсы памяняць на сваёй машыне.

Ганна Бонд: Я зараз разумею, чаму ў мяне ўсё-такі 50 на 50, я рэдка вельмі пішу пра ежу ці пошчу нешта пра ежу і пра прыгажосьць. У мяне менш за ўсё бытавухі напэўна ў маіх сацсетках, таму ў мяне аўдыторыя роўна напалам. І на жаль, хай прабачыць мяне Ася, я не знаёмая з тым, што яна піша і што яна робіць. Я беларускіх блогераў, на жаль, не чытаю. Я не люблю доўгія тэксты, я люблю кароткую хуткую зьмястоўную інфармацыю, я падпісаная на Ніку Сандрас, на мой погляд, незаслужана яе абышлі, таму што ў яе востры язык, яна дзёрзка вельмі піша, яе часам можна пачытаць. Я ведаю, што існуе такая дзяўчына-блогер Ася, але я не люблю вось гэтую кухню, піражкі, прыгажосьць, валасы — зусім не пра мяне. Я больш дынамічны чалавек, больш сучасны, мне трэба думаць, як калёсы памяняць на сваёй машыне. Вось такі я чалавек.

Бонд: «Я не люблю доўгія тэксты, я люблю кароткую хуткую зьмястоўную інфармацыю»

Ганна Соўсь: Вы кажаце, што доўгія тэксты не чытаеце, беларускамоўных блогераў таксама, А хто для вас зьяўляецца іконамі стылю ў блогінгу?

Ганна Бонд: Па-першае, я ня ведаю, ці існуюць беларускамоўныя блогеры, на мой сорам. У чым праблема нашых блогераў? Яны сябе не прадаюць. Не прадаюць у літаральным сэнсе за грошы — яны не даносяць сябе шырокай масе і шырокаму гледачу, публіцы. Гэта іх праблема. Таму што ў многім вось гэтыя ўжо пісьменьнікі, якія пішуць вось гэтыя доўгія блогі, яны дастаткова закрытыя людзі. Яны добра пішуць, і на гэтым добра. А сёньня паняцьце блогерства некалькі стала шырэйшым. Сёньня любы чалавек можа стаць сапраўды блогерам, у каго ёсьць доступ да сацыяльнай сеткі, сёньня гэта і відэаблогінг, і лідэрства думак. Кожны чалавек пры наяўнасьці інтэрнэту, пры наяўнасьці харызмы, што самае галоўнае, можа стаць блогерам. Калі гэтага няма, то няма.

Сёньня любы чалавек можа стаць сапраўды блогерам, у каго ёсьць доступ да сацыяльнай сеткі, сёньня гэта і відэаблогінг, і лідэрства думак.

З нашых мне падабаецца, напрыклад, Максім Пушкін, малады хлопец, які кораценька нешта піша. У свой час ён і мяне троліў, але потым, як пазнаёміліся, ўжыліся. Яго мой сын чытае, што прыемна. У мяне ў стужцы Ніка Сандрас, калісьці я ад яе адпісвалася, зараз зноў падпісалася. Гэта нармальна, мы самі мусім кантраляваць, што нам чытаць, а што не чытаць. А калі браць з расейскіх, як ні дзіўна, я падпісаная на такую дзёрзкую, якая заўсёды ўсіх лае, жорстка троліць, асабліва што тычыцца фігуры...

Паплаўская «Я не чытаю нікога зь беларускіх блогераў, мне ніхто не цікавы»

Ася Паплаўская: Для мяне самымі цікавымі зьяўляюцца ў Расеі чатыры чалавекі, гэта Ксенія Сабчак, тое, што яна думае, яе яе чытала яшчэ да яе перадвыбарчай кампаніі. Уладзімер Познэр — гэта такая сталая школа журналістыкі і меркаваньняў, Навальны — мне цікавыя ягоныя думкі, і таксама ён хутчэй журналіст, чым блогер, Юры Дудзь, ягоныя гадзінныя інтэрвію са знакамітымі асобамі — гэта вельмі таленавіта, стыльна, крута, я з задавальненьнем гляджу ўсе выпускі гэтага хлопца. Я не чытаю нікога зь беларускіх блогераў, мне ніхто не цікавы.

Прэзентацыя кнігі "Слоўнік Свабоды". Падчас прэзентацыі слухачам было прапанавана напісаць верш, адзін з якіх напісала Ася Паплаўская. 2012 год.
Прэзентацыя кнігі "Слоўнік Свабоды". Падчас прэзентацыі слухачам было прапанавана напісаць верш, адзін з якіх напісала Ася Паплаўская. 2012 год.

Мне была цікавая Сьвятлана Калінкіна. Для мяне гэта прыклад розуму, стылю, пачуцьця слова і ўсяго астатняга. Раней я вельмі шмат чытала сучасную беларускую літаратуру, а цяпер перастала, бо гэта мне не вельмі цікава, мне здаецца, што людзі, якія спрычыніліся да літаратуры, адну і тую ж думку па коле ганяюць ужо некалькі год, нічога новага беларусы сказаць не могуць для мяне.

Ганна Бонд: Ну вось мы бачым, што Ася таксама назвала відэаблогінг. Само паняцьце зараз сапраўды вельмі размытае. І я б не назвала Познэра блогерам. Гэта добры тэлевядоўца...

Ася Паплаўская: Менавіта ягоныя меркаваньні...

Ганна Бонд: Я таксама падпісаная на Навальнага, але гэта ня блогеры. Ну які ж Навальны блогер, калі ён палітык?

Ганна Соўсь: Навальны ідзе ў прэзыдэнты, і калі будзе рэгістравацца, напэўна, будуць пісаць «блогер».

Ганна Бонд: У нас ужо афіцыйна ёсьць такая прафэсія як блогер? Калі б ты прыйшоў уладкоўвацца на працу, табе б напісалі ў працоўнай кніжцы «блогер»?

Ася Паплаўская: Афіцыйна яшчэ няма.

Бонд: «Гэта ня тыя грошы, якія дазволяць вам купіць у канцы года новае аўто»

Ганна Соўсь: А што вам дае папулярнасьць у сеціве акрамя ўласна папулярнасьці? Грошы, спрыяньне ў працы і бізнэсе, важныя ці цікавыя знаёмыя? Наколькі гэта камэрцыйна пасьпяхова?

Ганна Бонд: Калі браць пад увагу наш рынак і расейскі, то ў Расеі 155 мільёнаў, ва Украіне, мы ведаем, больш за 40. У нас 9,5. У нас рынак замалы, у тым ліку рэклямны. Немагчыма напрацаваць у нас у краіне нейкія дзясяткі тысяч даляраў на месяц, як зарабляюць у Расеі на блогінгу. Калі арыентавацца на нас і рабіць відэаблогінг на нашу краіну непасрэдна, у нас рэалізацыі няма. Тут трэба глядзець шырока і арыентавацца на рынак Расеі і Ўкраіны. Напрыклад, вось Ільдар Пріятны. Быў у сьпісе, калі ён таптаўся тут, яго ніхто не ведаў, пакуль ён ня стаў рабіць кантэнт для Расеі і Ўкраіны. Сёньня можна зарабляць на гэтым грошы. Праўда. Але гэта ня тыя грошы, якія дазволяць вам купіць у канцы года новае аўто.

Я ніколі не гналася за рэйтынгамі, за папулярнасьцю. Некаторыя камэнтатары-мужчыны пішуць, што дзесяць год у мяне ўкладалі дзеля таго, каб мяне раскруціць і распіярыць. Тут няма сэнсу ўкладацца, у нас у кожную другую сьпявачку ўкладалі тут дзясяткі тысяч даляраў, і пра іх ніхто не памятае і ня ведае. У нас няма рынку для таго, каб ты ў сябе ўкладаў, а потым на гэтым зарабляў. На жаль. Але тым ня менш на гэтым можна зарабляць і неяк існаваць: гэта будзе больш, чым «папяцьсот».

Бонд: «У Ільдара і ў Бумагі ўсяго 6% беларускіх падпісчыкаў»

Ганна Соўсь: А вы арыентаваная ўсё ж на беларускі рынак, ці таксама глядзіце ў бок Расеі і спрабуеце там раскруціцца?

Ганна Бонд: Я пачала глядзець, канешне. Я зараз працую над тым, каб зрабіць добры сур’ёзны кантэнт на YouTube і ўсё-такі арыентавацца на бліжэйшыя нам краіны — Расею і Ўкраіну. Я над гэтым працую ўжо на працягу году. У мяне адзін шанец будзе толькі стрэліць, таму я вельмі прадумваю свой кантэнт, які ў мяне павінен зьявіцца, і магчыма гэта дасьць магчымасьць зарабіць грошы.

Я зараз працую над тым, каб зрабіць добры сур’ёзны кантэнт на YouTube і ўсё-такі арыентавацца на бліжэйшыя нам краіны — Расею і Ўкраіну.

Калі браць пад увагу Ўлада Бумагу... Я пазнаёмілася з Уладам Бумагам пасьля яго хайпа ў Галерэі, мы тады размаўлялі. Ён сказаў, што яго вельмі добра ведалі ў YouTube, але дзякуючы таму, што адбылося тады ў Галерэі, ён стаў вядомы як раз масе людзей, бацькам усіх цінэйджараў, якія на ім «сядзяць» і на яго падпісаныя. Але аўдыторыя рынку ў таго ж Ільдара і ў Бумагі ў адсоткавых суадносінах падпісчыкаў — усяго на 6% беларуская. І гэта праўда, і яны мне самі пра гэта гаварылі. І таму сёньня мала быць толькі на YouTube зоркай — сёньня сапраўды трэба рабіць велізарны ахоп аўдыторыі. Гэта і тыя, хто глядзіць тэлек, і слухае радыё, і цікавіцца спортам, здаровым ладам жыцьця, і прыгажосьцю, і напэўна ўсё што заўгодна. Тады максымальна ты зможаш ахапіць аўдыторыю, бо сёньня ў людзей вялізны выбар, яны самі вырашаюць, што ім глядзець і што чытаць.

Паплаўская: «Я пакуль што адмаўляю ўсім рэклямадаўцам, таму што ў мяне няма мэты шмат зарабіць»

Ганна Соўсь: Ася, што вы як журналістка маеце дадаткова ад сваёй папулярнасьці? Ці гэта дае вам магчымасьці лепшай працы, большай колькасьці тэмаў? Як вы карыстаецеся ёй?

Ася Паплаўская: Для мяне блогінг найперш дае вельмі шмат сувязяў, у тым ліку сярод тых, зь кім я магу працаваць. У мяне за апошнія паўгады вельмі шмат працоўных прапаноў, і людзі даведваюцца пра мяне дзякуючы Фэйсбуку, дзякуючы блогу, Інстаграму і г.д. — менавіта рэдактары выданьняў. Канешне, для мяне гэта вельмі выгодна, таму што гэта дае вельмі шмат сувязяў з тымі, хто робіць нешта цікавае, хто мне прапаноўвае супрацу, з брэндамі, зь якімі я працую ў асноўным у межах свайго жаночага клюбу. Зараз я прэзэнтавала свой пэрсанальны сайт, на які пераехаў мой блог, і я пакуль што адмаўляю ўсім рэклямадаўцам, таму што ў мяне няма мэты шмат зарабіць. Я хачу, каб гэта ўсё было гарманічна, і запаўняць свой блог на сайце рэклямай не хачу, таму што я стаўлю сябе на бок чытача, якому будзе проста непрыемна бачыць на сайце вельмі шмат рэклямы.

Бонд: «Хто ж ад грошай у наш час адмаўляецца? Атрымліваецца, што Ася займаецца дабрачыннасьцю».

Ганна Бонд: На самай справе Ася кажа глупства. Хто ж ад грошай у наш час адмаўляецца? Атрымліваецца, што Ася займаецца дабрачыннасьцю. Падман чыстай вады, што Ася займаецца дабрачыннасьці. Ёй непрыемна, каб чытачы бачылі шмат рэклямы, і таму яна беражэ іх псыхіку і не зарабляе. Тады пытаньне, за кошт чаго ты жывеш? Ня трэба падманваць: сёньня ў нас недастаткова рэклямадаўцаў, каб хапіла ўсіх іх на ўсіх нашых беларускіх блогераў. Сёньня выбіраюць лепшага блогера з вышэйшымі, зь вялікімі рэйтынгамі, і з той аўдыторый, якія найбольш адпавядаюць таму ці іншаму тавару. Вось і ўсё.

Але сёньня ня ўсе рэклямадаўцы гатовыя плаціць.

Ася Паплаўская: Я не спрачаюся. Я абсалютна згодная, што грошай рэклямадаўцаў зусім ня хопіць, каб ахапіць нашых блогераў. Але сёньня ня ўсе рэклямадаўцы гатовыя плаціць, вельмі многія хочуць працаваць за бартэр ці за нейкія іншыя паслугі, і таму мне нашмат выгодней для такога рэклямадаўца напісаць журналісцкі рэклямны тэкст. У мяне вельмі шмат было такіх выпадкаў, калі да мяне зьвярталіся як да блогера, а я проста перанакіроўвала, паколькі я ў любым выпадку працую са словам, то мне прасьцей і зарабіць грошы, і проста гэты кантэнт ідзе на tut.by, на іншыя сайты, дзе ўжо непасрэдна гэты брэнд з гэтай пляцоўкай дамаўляецца на разьмяшчэньне тэксту. То бок калі я супрацоўнічаю, то працэнтаў 70 выпадкаў я перанакіроўваю на рэклямны тэкст, які будзе публікавацца не на маім блогу. Гэта для мяне вельмі safe варыянт: я і грошы зарабляю, і супрацоўнічаю, але мае чытачы бачаць менш рэклямы.

Ганна Бонд: Гэта наогул нейкія глупствы, ну не бывае дорага, бывае няма грошай, і не бывае той рэклямы, якую ты ня можаш разьмясьціць у сябе! Пытаньне цаны. Так, калі Ася ня хоча забруджваць свой блогінг постамі, якія каштуюць па 20-30 даляраў — дык зразумела, гэта ніхто ня будзе рабіць сёньня, нават я. А на ўсё ёсьць цана, і можна, выбачайце, любую рэклямы падасі, і яе будуць глядзець і чытаць разам з табой. Вось і ўсё. Пытаньне, як ты яе падасі. Калі гэта будзе сухая рэкляма — то тады так.

Бонд: «Беларускае кіно не глядзяць, беларускіх артыстаў не слухаюць... Нельга арыентавацца на беларускі ўнутраны рынак»

Ганна Соўсь: Апытаньне праведзенае для «Маркетынгу» з большага сьведчыць як раз пра нізкую папулярнасьць блогераў у Беларусі. Чым вы гэта тлумачыце? Інтэрнэт у Беларусі даволі добра разьвіты... Але ў адказах на адкрытае пытаньне (калі блогера трэба было ўпісаць самому) ніводнага не назвалі 87.3%. Як вы мяркуеце, чаму?

Ганна Бонд: Гэта тое ж самае. Беларускае кіно не глядзяць, беларускіх артыстаў не слухаюць, і гэта якраз той момант, пра які я сказала: нельга сёньня рабіць сваю працу, наогул — любую, арыентавацца на беларускі ўнутраны рынак, таму што ў нас занадта малая доля спажываньня.

Ганна Соўсь: Вось вы беларуска, вам не крыўдна будзе працаваць выключна на расейскі рынак?

Ганна Бонд: А гэта будзе не здорава, калі мяне будуць ведаць як Ганну Бонд, якая зь Беларусі? А вам не здаецца, што гэта дадатковы піяр нашай краіне? І чым жа гэта кепска? Ёсьць Макс Корж, IOWA і іншыя беларускія выканаўцы, якія зьехалі ў Расею, зрабілі сабе імя і сталі зарабляць грошы і ўсе ведаюць, што яны зь Беларусі. І што яны тут сапсавалі і чым яны тут сталі няўгодныя? Не, яны проста працуюць на той рынак. Гэта іх сродак зарабляць грошы, і рэалізоўвацца больш, і больш гэта дае магчымасьць рэалізавацца творча, таму што тут няма рынку, на жаль.

Ганна Соўсь: А чаму толькі расейскі рынак, магчыма ўкраінскі, эўрапейскі?

Ганна Бонд: Я ж вам кажу пра Ўкраіну і пра Расею. Для таго, каб рабіцца блогерам больш шырокім і працаваць на эўрапейскі рынак, на заходні рынак, найперш патрэбная шыкоўная ангельская мова. Калі гэта Эўропа, гэта павінна быць тая мова, дзе ты знаходзісься, таму што мы ведаем, у Францыі ўсе размаўляюць па-француску, у Італіі — па-італьянску. І там кепска заходзіць ангельская. І для таго, каб працаваць на той рынак, трэба ведаць унутранае асяродзьдзе таго рынку. Трэба знаходзіцца і жыць у той краіне, і гэта немагчыма. І мэнтальнасьць людзей гэтых краін кардынальна адрозьніваецца нашай. Таму канешне бліжэйшыя краіны — гэта добрая стратэгія.

Палаўская: «Пачынала блог на беларускай мове, і я зразумела, што мяне чытае 100 чалавек, і гэта абсалютна ня мае ніякага сэнсу»

Ганна Соўсь: Ася, дык у чым прычына нізкай папулярнасьці блогераў у Беларусі?

Ася Паплаўская: Мне здаецца, што расейскія блогеры, калі мы ўжо пра іх гаворым, робяць нашмат больш сьмелыя рэчы. Калі гаварыць пра беларускамоўных, тут увогуле мінімальная колькасьць чытачоў, таму што калі расейскамоўных блогераў беларусы ня ведаюць, то беларускамоўных ведае ў 10 разоў меншая аўдыторыя. Я сама пачынала блог на беларускай мове, і я зразумела, што мяне чытае 100 чалавек, і абсалютна гэта ня мае ніякага сэнсу. Калі я перайшла на расейскую мову, канешне, чытачоў стала ў 10, 20 разоў больш. Так было адразу пасля пераходу на расейскую мову. А зараз личба дасягае 30-40 тысяч чаловек у месяц.

Але пакуль што я ня ведаю, што будзе далей, я не хачу працаваць на расейскі рынак, таму што, магчыма, я яшчэ да гэтага не гатовая, магчыма, я яшчэ бачу, што я магу зрабіць для беларускага рынку менавіта як блогер. У мяне ёсьць некалькі важных істотных праектаў, якія больш актуальныя для беларусаў, не для расейцаў. Таму на дадзены момант я буду канцэнтравацца на свайго чытача.

Бонд: «Сьціпласьць — шлях да забыцьця», таму я ўсім нашым блогерам жадаю: будзьце дзёрзкімі...»​

Ганна Соўсь: Якая самая галоўная амбіцыя цяпер у вас?

Маё любімае выслоўе — гэта step by step.

Ганна Бонд: Я ніколі не стаўлю сабе нейкіх амбіцыйных задач і плянаў. Я проста жыву і раблю з задавальненьнем сваю працу і хачу каб атрымлівалася. Ну і маё залатое правіла — перш чым рабіць нейкі праект, я заўсёды моўчкі ціха раблю, каб не сурочыць, а потым стрэлю. Мае ўсе такія знатныя хайпы, якія ў мяне былі дзякуючы інфармацыйным успышкам у прасторы СМІ, адбываюцца вось так. Не задумляючыся, ціханька стрэліла, і яно бабахнула. Я ніколі не абіраю спэцыяльна вялікіх стратэгій, я не расьпісваю гэты плян — неяк вось само сабой так вось ідзе. Маё любімае выслоўе — гэта step by step. Крок па кроку і цішэй едзеш — далей будзеш.

Ёсьць яшчэ «сьціпласьць — шлях да забыцьця», таму я ўсім нашым блогерам, ды ня блогерам, а наогул проста людзям жадаю: будзьце дзёрзкімі ў добрым сэнсе гэтага слова, свабоднымі ў думках, у гаворцы, у дзеяньнях, і тады ўсё будзе атрымлівацца. Рабіце ўсё, што вы захочаце і ня думайце пра тое, хто што пра вас падумае. Таму што ўсё роўна пра вас ніхто не падумае. І вось гэты «высер», які адбываецца пастаянна ў Фэйсбуку ў мой адрас і ня толькі, камэнтары на парталах, усюды, гэта кажа пра тое, што б ты ні рабіў, ты ўсё роўна будзеш кепскі. Паднімеш ты БЧБ, не паднімеш!

Бонд: «У мяне сваякі забаненыя»

Ганна Соўсь: А ў вас вялікі ліст тых, каго вы забанілі?

Заўсёды працуе што? Калі кажуць добра ці дрэнна. Калі залатая сярэдзіна, людзям нецікава тады.

Ганна Бонд: У мяне заўсёды хапае цярпеньня, я звычайна папярэджваю. Я магу дзень, два, тры пацярпець кагосьці. Потым калі я вас забаню, вам няма каго будзе чытаць, і вам будзе не цікава. Гэтыя людзі працягваюць грубіяніць — тады я баню. Ліст бана ў мяне такі... сваякі забаненыя, таму што мама мая рэдка чытае, яна адзін час мяне неяк крытыкавала за мат там і ўсё. Таму я кажу, мама, давай я цябе проста забаню, і ты ня будзеш ведаць, што адбываецца. І ў прынцыпе так усе сваякі і забаненыя. Ну, сёньня бань — ня бань, людзі ствараюць новы акаўнт-старонку, заходзяць і пішуць зноў. Таму я думаю, у гэтым няма сэнсу, і любыя рэйтынгі... Заўсёды працуе што? Калі кажуць добра ці дрэнна. Калі залатая сярэдзіна, людзям нецікава тады. Таму хай робяць што хочуць, я буду рабіць сваю працу, вы сваю, і Ася будзе працягваць рабіць сваю таксама.

Паплаўская: «Я баню толькі тых людзей, якія мяне абражаюць»

Ася Паплаўская: У мяне бан-ліст ня вельмі даўгі, я баню толькі тых людзей, якія мяне абражаюць, прычым адзін, два, тры разы, абражаюць мяне, маіх блізкіх людзей. Калі чалавек прыйшоў да мяне з абразай, яны накіроўваюцца ў бан, таму што я не хачу, каб мае чытачы бачылі вось гэтыя непрыгожыя паводзіны з боку іншых людзей.

Што тычыцца амбіцый, то для мяне зараз дзьве галоўныя мэты — адна зьвязаная з маім жаночым клюбам, я хачу, каб ён у новым сэзоне, у 18-м годзе, выйшаў на новы этап разьвіцьця. Таксама ня буду расказваць, хутка ўсё пачуеце, пабачыце. Другая зьвязаная з маім непасрэдна блогам, і тэматыкай касьцёлаў у Беларусі, падарожжаў па Беларусі. Зараз мы знаходзімся ў Браслаўскім раёне, я прыехала вывучаць адну з базаў адпачынку і ўласна хачу расказаць беларусам пра тое, што ў Беларусі вельмі клёва можна адпачыць, як, дзе і колькі. Вось гэтая ўся інфармацыя зараз будзе папаўняць мой блог. Я хачу, каб вялікая колькасьць беларусаў ведала, што ёсьць такое месца — блог Асі Паплаўскай, куды можна прыйсьці і даведацца шмат цікавых рэчаў пра сваю краіну.

***

У наступнай перадачы «Толькі жанчыны» пра блогінг у Беларусі раскажуць культуроляг Юлія Чарняўская, доктар-дыетоляг Ірына Кабасакал і фудблогер Арына Лісецкая, якія таксама прызнаныя найбольш вядомымі ў Беларусі блогеркамі паводле вынікаў апытаньня, праведзенага для marketing.by.

Усе перадачы «Толькі жанчыны» на soundcloud

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG