Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вызваліў хакейныя клюбы ад платы за дзяржаўную нерухомасьць


Менск-арэна, ілюстрацыйнае фота
Менск-арэна, ілюстрацыйнае фота

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі (PDF), у Беларусі ад платы за карыстаньне нерухомасьцю, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці, вызваленыя хакейныя клюбы чэмпіянату Беларусі і навучальна-спартовыя ўстановы з аддзяленьнямі па хакею.

Ім для падрыхтоўкі да гульняў і правядзеньня спаборніцтваў цяпер будуць бясплатна давацца лядовыя арэны і пляцоўкі, у тым ліку аб’екты гаспадарчых таварыстваў, што ня цалкам, але прынамсі на 50% належаць дзяржаве.

У сьпісе тых, хто бясплатна атрымлівае дзяржаўную нерухомасьць у карыстаньне, ёсьць таксама разнастайныя дзяржаўныя ўстановы і юрыдычныя асобы, у тым ліку дзіцячыя і моладзевыя спартовыя ўстановы, школы здароўя і спартовыя сэкцыі, дзіцячыя гурткі і тэатры, прафсаюзы дзяржаўнай Фэдэрацыі і аддзяленьні праўладнага Саюзу пісьменьнікаў, таварыства Чырвонага Крыжа і іншыя.

Агулам у Беларусі 32 лядовыя арэны, што зьмяшчаюць сумарна каля 70 тысяч гледачоў. У Чэмпіянаце Беларусі ў хакеі сярод камандаў Экстралігі сёлета гулялі 12 камандаў (другі раз запар перамог «Нёман»), але ў наступным сэзоне будуць гуляць толькі 8 — астатнія выйшлі ў Экстралігу-2. Адзін беларускі хакейны клюб — менскае «Дынама» — гуляе ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе, дзе 80% клюбаў расейскія). Беларускія клюбы таксама ўдзельнічаюць у Кантынэнтальным кубку ў хакеі IIHF, дзейным чэмпіёнам якога ёсьць менскае «Юнацтва».

Чытайце таксама: Колькі каштуе гадавое ўтрыманьне хакейнага клюбу ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG