Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць прэзыдэнта Вэнэсуэлы. Мадура: гэта «адчай і нянавісьць»


Праціўнік Мадуры трымае плякат «Сыходзь, глупы» на акцыі пратэсту ў Каракасе

Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуры згодна ўказу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Усе актывы Мадуры, што знаходзяцца ў юрысдыкцыі ЗША, будуць замарожаныя, а амэрыканскім грамадзянам і арганізацыям забаронена мець зь ім справы.

Санкцыі ўвялі на наступны дзень пасьля выбараў у вэнэсуэльскую Нацыянальную канстытуцыйную асамблею — орган, што, згодна пляну вэнэсуэльскіх уладаў, мусіць замяніць у краіне дэмакратычна абраную Нацыянальную асамблею, настроеную супраць Мадуры. У Злучаных Штатах мяркуюць, што гэта падрыў канстытуцыйнага і дэмакратычнага парадку ў краіне, і адзначаюць масавыя пратэсты вэнэсуэльскага народу супраць такога кроку ў прыватнасьці і супраць працяглага эканамічнага крызісу і карупцыі ў краіне.

«Пад кіраўніцтвам Мадуры ўрад Вэнэсуэлы мэтанакіравана і неаднаразова прыціскае правы грамадзянаў шляхам гвалту, рэпрэсіяў і крыміналізацыі дэманстрацыяў, — гаворыцца ў заяве Мінфіну ЗША. — Па яго ўказу сілы бясьпекі рэжыму сыстэматычна ўціскалі і абвяшчалі па-за законам апазыцыйныя партыі, праводзілі незаконныя затрыманьні, перасьледавалі мірных жыхароў і злоўжывалі сілавымі мэтадамі адносна дэманстрантаў. Любы сябра апазыцыі і крытык рэжыму рызыкуе быць затрыманым, кінутым у турму, падвергнуцца нападу і катаваньням або быць забітым».

Мадура назваў санкцыі супраць яго дэманстрацыяй «адчаю і нянавісьці» з боку Трампа.

***

Паводле вэнэсуэльскіх уладаў, народ прыняў на рэфэрэндуме зьмены ў Канстытуцыю, што ствараюць Нацыянальную канстытуцыйную асамблею. Афіцыйна яўка склала 41,53% або больш за 8 млн чалавек, калі апазыцыя, што заклікала байкатаваць рэфэрэндум, мяркуе, што прагаласавала 2–3 млн чалавек. У час галасаваньня ў сутыкненьнях загінулі 10 чалавек, а ад красавіка — з пачатку апошняй хвалі пратэстаў — 110 чалавек.

Гэтую Асамблею ўжо адмовіліся прызнаваць Эўразьвяз, ЗША, Мэксыка, Калюмбія, Гішпанія і шэраг іншых краінаў. Урад Пэру склікаў на сустрэчу 8 жніўня міністраў замежных справаў краінаў Лацінскай Амэрыкі, каб абмеркаваць сытуацыю ў Вэнэсуэле.

На акцыі пратэсту ў Каракасе, 7 ліпеня
На акцыі пратэсту ў Каракасе, 7 ліпеня

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG