Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка: «Платформу» зарэгістравалі, я яе заснавальнік


Андрэй Бандарэнка

«Платформа» (Прыватная інфармацыйная ўстанова «Нью Платформ інавэйшн») заявіла пра пачатак сваёй дзейнасьці. Якія мэты яна перад сабой ставіць, як будзе працаваць у Беларусі? Кіраўнік «Платформы» Андрэй Бандарэнка адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

— Вы абʼявілі пра пачатак дзейнасьці. З чаго пачынаеце працу?

— Найпершы наш крок — гэта мы зарэгістраваліся. Вельмі шмат часу пайшло на тое, каб нас зарэгістравалі. Гэтай магчымасьці не было ў Менску, нам давялося зарэгістравацца ў Гомлі і потым пераводзіцца сюды. Самае галоўнае, што знайшлі ў сабе сілы адрадзіцца пасьля таго, што зрабілі з «Платформай» тыя людзі, якія засталіся пасьля мяне. Цяпер маем юрыдычны адрас, афіцыйную рэгістрацыю і 27 ліпеня запускаем сайт, які таксама ствараўся доўга, бо ўсё было зьнішчана і мы ўсё стваралі з нуля.

— Дзе будзе знаходзіцца ваш офіс?

— На сёньня ў Менску, на вуліцы Веры Харужай, 22, офіс 38. Гэта юрыдычны адрас, які нам дапамаглі прадставіць сябры з Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Пакуль там і будзем знаходзіцца.

— Наагул зарэгістраваць новае грамадзкае абʼяднаньне ў Беларусі вельмі складана. Як вам гэта ўдалося?

— Прававая голь хітрая на прававыя выдумкі. Таму мы і пайшлі такім шляхам, што спачатку рэгістравалі абʼяднаньне на іншага чалавека. А потым, калі зарэгістравалі і ўлады ня мелі магчымасьці павярнуць назад, перарэгістравалі «Платформу» на мяне. А ў Менску нам адмаўлялі ў рэгістрацыі, як толькі чулі пра «Платформу» ці Бандарэнку. Цяпер я і заснавальнік, і дырэктар. Установа мае такі хітры назоў «Платформа» (Прыватная інфармацыйная ўстанова «Нью Платформ інавэйшн»), бо проста «Платформу» нам не давалі зарэгістраваць. Галоўнае, што ў нас ёсьць асноўны брэнд, пазнавальнасьць.

«„Платформа“ ня вельмі моцна зьменіцца»

— Хто будзе працаваць у «Платформе», ці ёсьць структуры ў рэгіёнах?

— У нас былі людзі, на якіх мы малі абапірацца, якім маглі давяраць. Пакуль я быў у зьняволеньні, можна было выпрабаваць людзей на трываласьць. Ужо маем прадстаўніцтвы ў Магілёве, Гомлі, Горадні, Бабруйску і Зэльве. Самае галоўнае, што арганізацыя створаная на правераных і сумленных людзях, на якіх можна абапірацца.

— Якая асноўная мэта вашай дзейнасьці?

— «Платформа» ня вельмі моцна зьменіцца. Адным з асноўных кірункаў будзе абарона правоў асуджаных і асобаў, якія сутыкнуліся з жорсткім, бесчалавечным абыходжаньнем у месцах пазбаўленьня ці абмежаваньня волі.

Другі кірунак, які мы будзем разьвіваць, — гэта праект «Грамадзянскі кантроль», дапамога нашым грамадзянам у рэгіёнах, якія сутыкаюцца з карупцыяй, бесгаспадарчасьцю, кумаўством і ня могуць захаваць свае правы празь ціск, які на іх чыніцца. З шэрагам людзей мы выпрацавалі схему, якая будзе даваць магчымасьць ня толькі рабіць публічнымі факты карупцыі, але і абараняць правы гэтых грамадзян.

Трэці праект у нас быў і мы будзем яго працягваць — «Несправядлівы прысуд». Будзем выяўляць несправядлівыя прысуды, даваць ім праўную, юрыдычную ацэнку, каб паказаць бяспраўе і беззаконьне, якое часам робіцца пры вынясеньні абвінаваўчых прысудаў.

— Міхаіл Жамчужны цяпер адбывае пакараньне ў калёніі ў Горках. Ці ён будзе з вамі ў «Платформе»?

— Вядома, Міхаіл застаецца ганаровым сябрам «Платформы», гэта наш заснавальнік, чалавек, які для нас важнейшы цяпер за ўсе мэты і задачы. Ён пра гэта ведае, мы яму пішам, падтрымліваем яго. І наш сайт стартуе з дэвізам «Свабоду Міхаілу Жамчужнаму!». Мы будзем прыкладаць намаганьні, каб ён быў як мага хутчэй вызвалены і браў актыўны ўдзел у нашай дзейнасьці.

«Была мэтанакіраваная атака на „Платформу“»

— Вы кажаце пра людзей, якія «выдавалі сябе за сяброў і праваабаронцаў» і якія спрычыніліся да ліківдацыі ранейшай «Платформы», Пра каго вы кажаце?

— Гэта абʼектыўная рэальнасьць. Год таму «Платформа» была зьліквідаваная Красоўскай-Касьпяровіч, якая тады зьяўлялася дырэктаркай. Ёю быў зьнішчаны сайт і зьліквіданыя 15 прадстаўніцтваў «Платформы» у рэгіёнах. Гэта была мэтанакіраваная атака на «Платформу», на зьнішчэньне адной зь вядучых праваабарончых арганізацый. Ёй далі допуск да месцаў пазбаўленьня волі з мэтай нібыта маніторынгу. І мы цудоўна ўбачылі мэты, якія меў гэты маніторынг і якія вынікі агучыла Красоўская-Касьпяровіч, якая спрабавала выдаць бязьмежжа і бяспраўе, якое творыцца ў месцах пазбаўленьня волі, за захаваньне правоў чалавека. А Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў вельмі ўдала гэтай інфармацыяй карыстаўся і нават прадстаўляў яе ў Камітэце правоў чалавека ААН.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG