Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія заканадаўцы не падтрымалі законапраект Трампа па Obamacare


Сэнатар Джон Макейн (John McCain)

Сэнат ЗША ў ноч на 28 ліпеня адхіліў законапраект, які прадугледжваў адмену часткі так званай Obamacare — рэформы сыстэмы аховы здароўя, якая праводзілася падчас кадэнцыі прэзыдэнта Барака Абамы.

Супраць прапанаваных дзейным прэзыдэнтам Дональдам Трампам зьменаў прагаласавалі тры сэнатары-рэспубліканцы, у тым ліку Джон Макейн, якому нядаўна быў пастаўлены дыягназ «агрэсіўны рак мозгу».

Такім чынам, дакумэнт падтрымалі 49 сэнатараў, супраць быў 51.

«Гэта расчараваньне, сапраўды расчараваньне», — заявіў калегам пасьля галасаваньня кіраўнік рэспубліканскага большасьці Сэнату Мітч Маконэл.

Паводле аналітыкаў, рашэньне Сэнату наносіць сурʼёзны ўдар па парадку дня Дональда Трампа, які называў адмену Obamacare адным з галоўных пунктаў сваёй праграмы падчас выбарчай кампаніі.

Рэформа атрымала неафіцыйную назву Obamacare праз падтрымку папярэдняга прэзыдэнта ЗША Барака Абамы і ягонай Дэмакратычнай партыі. У краіне, дзе практычна адсутнічае бясплатная мэдыцына, рэформа прынесла мэдыцынскае страхаваньне больш як двум дзясяткам мільёнаў чалавек.

Рэспубліканцы лічаць Obamacare неэфэктыўнай, настойваюць на замене рэформы новай. Аднак выкананьне гэтай задачы ўскладнена расколам сярод заканадаўцаў-рэспубліканцаў, частка якіх настойвае на поўным адкліканьні Obamacare і замене яго новай рэформай, але большасьць занепакоеная тым, што такая рэформа прывядзе да страты страхаваньня некалькімі мільёнамі амэрыканцаў, якія атрымалі яго дзякуючы значнаму пашырэньню дзяржаўнага мэдычнага страхаваньня, першапачаткова прызначанага для бедных.

XS
SM
MD
LG