Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькам забаронена дапамагаць з урокамі, а кожнаму вучню даюць пляншэт — як мы хадзілі ў амэрыканскую школу


Ева Шакун (трэцяя справа зьнізу) са сваімі амэрыканскімі аднаклясьнікамі

«„Там больш свабоды і больш прасторы“, — гэта першае, што адказала мая дачка на пытаньне, чым ёй падабалася амэрыканская школа». Ева Шакун зь Менску 3 і 4-ю клясу хадзіла не ў беларускую, а ў амэрыканскую школу. У гэты час яе маці Надзея выкладала беларускую мову ў каледжы.

Па просьбе Радыё Свабода Ева і Надзея падзяліліся сваім досьведам і ўражаньнямі.

Ева Шакун, 10 гадоў

Я першы раз так доўга жыла ў Амэрыцы, больш за год. Гэта быў маленькі гарадок Уінфілд у штаце Канзас. Мая мама працавала ў беларускім цэнтры ў каледжы, выкладала там беларускую мову. І я была зь ёй. І павінна была хадзіць у школу. Я пайшла ў звычайную дзяржаўную амэрыканскую школу.

Спачатку было вельмі страшна, бо я не размаўляла па-ангельску, зусім, і нічога не разумела. Але праз тыдзень ужо не было страшна. Амэрыканцы вельмі добра ставіліся да мяне. Я была першая замежная студэнтка ў гэтай школе (у амэрыканскай школе вучні — гэта студэнты). Мая настаўніца місіс Хартлі прынесла электронны перакладчык, і я ёй пісала ў ім, калі мне было штосьці трэба.

Калі я згадваю цяпер амэрыканскую школу — гэта падымае мой настрой. Беларуская школа вельмі адрозьніваецца ад амэрыканскай, таму што там школы новага пакаленьня. У іх ёсьць электронныя дошкі, клясная камп’ютарная лябараторыя, ды яшчэ кожны студэнт мае свой айпад і лаптоп. Калі працавалі над якімсьці творчым праектам ці рабілі дасьледаваньне (напрыклад, я рыхтавала рэфэрат пра Сынгапур, калі мы вывучалі краіны сьвету, або яшчэ пра знакамітага канзасца — фатографа, вядомага на ўвесь сьвет, Юджына Сьміта), мы бралі свае лаптопы, сядалі на мяккую канапу, настаўніца ўключала ціхую музыку, і мы пісалі свае працы. Было вельмі прыемна.

Яшчэ амэрыканскія дзеці ўсё робяць самастойна, бацькі не павінны ім дапамагаць, гэта нават забаронена. Не абавязкова, каб ты зрабіў шыкоўную працу — ты робіш тое, што можаш, як можаш. І гэта будзе твая праца. Калі ты зрабіў прэзэнтацыю, табе ня робяць заўвагі, нікога ня судзяць. Пасьля прэзэнтацыі дзеці могуць запоўніць спэцыяльную анкету, як апытальнік. Гэта ананімна. Яны там пішуць, ці спадабалася тая ці іншая прэзэнтацыя і чаму. Але гэтыя анкеты чытае толькі настаўнік.

Студэнтаў заўсёды падтрымліваюць, ад гэтага зусім ня страшна выступаць перад клясам, адказваць. Усе ахвотна цягнуць рукі, бо ніхто ня скажа: «Ты кепска сказаў» ці «Ты няправільна гэта зрабіў». У амэрыканскай школе кожны студэнт — добры студэнт, якога падбадзёрваюць і хваляць. Гэта падтрымлівае. Ты можаш свабодна дзяліцца сваімі думкамі.

Яшчэ я з прыемнасьцю згадваю, якая амэрыканская школа прыгожая. Сьветлыя калідоры, клясы яркія і вясёлыя. Усё для дзяцей, каб было прыемна прыходзіць і вучыцца.

Амэрыканская школа вельмі свабодная, дзеці могуць рабіць працу ў клясе паўсюль, дзе зручна, — і на дыване, і на парце, і на падлозе. У цябе там шмат прасторы. У Амэрыцы вельмі добрыя настаўнікі, і настаўнікамі часта могуць быць мужчыны.

Мой любімы ўрок быў музыка. Мы вельмі шмат сьпявалі разам. Сьпявалі ня нейкія нудныя песьні, а сучасныя прыгожыя, якія сьпяваюць знакамітыя сьпевакі і якія ўсе ведаюць.

Яшчэ, у адрозьненьне ад беларускай школы, у амэрыканскай вельмі шмат спорту і гульняў.

Я навучылася граць у сокер (футбол), у бэйсбол, у кікбол, навучылася плаваць, бо там усе добра плаваюць, навучылася езьдзіць добра на ровары на доўгія дыстанцыі, бо ў іх там папулярныя байк-вандроўкі на возера, на хутары.

Я асвоіла там добра камп’ютар. Мы працавалі ў праграме I-Station, Emaze (гэтую праграму мы практыкавалі ў клясе, у ёй мы рабілі прэзэнтацыі, гэта як PowerPoint).

Вядома, я добра вывучыла ангельскую мову, але яшчэ важней — я там палюбіла чытаць. Там вельмі шмат цудоўнай дзіцячай літаратуры. Кніжкі вельмі прыгожыя. Іх хочацца чытаць і чытаць. Я захапілася коміксамі. У нас тут такіх няма. Я нават прыдумала свайго героя і зрабіла свой комікс на ангельскай.

Надзея Шакун, дасьледчыца, выкладчыца

Надзея Шакун (у цэнтры) са сваімі амэрыканскімі студэнтамі
Надзея Шакун (у цэнтры) са сваімі амэрыканскімі студэнтамі

Я мела пэўныя стэрэатыпы пра амэрыканскую школу. Галоўны — нібыта амэрыканская школьная адукацыя больш прымітыўная і павярхоўная, чым беларуская. Зірнуўшы зь сярэдзіны — і як выкладчык, і як мама, і пабачыўшы вынік, які дачка мела праз паўтара года, — я гэты стэрэатып разбурыла.

Галоўнае адрозьненьне ад беларускай школы — прынцып даверу, на якім усё трымаецца. У нас дзецям мала даюць свабоды і магчымасьці быць адказным за свой выбар, паводзіны і меркаваньне. Дзіця не разглядаецца як асоба. У нас дзіця — гэта адзінка ў адукацыйным працэсе. Амэрыканская школа ад самога пачатку — з пачатковай школы — скіраваная на выхаваньне самастойнай і адказнай асобы. Мне здаецца, што гэта стаіць нават па-над адукацыйнымі мэтамі.

Амэрыканская пачатковая школа пачынаецца з 6 гадоў, у ёй 5 клясаў. Ева наведвала дзяржаўную школу (public school). Памер клясаў быў такі самы. У клясе Евы было 26 чалавек.

У нас ад самога пачатку разглядаюць дробныя аспэкты навучаньня: напрыклад, мова і літаратура вывучаюцца асобна. У амэрыканцаў ёсьць блёк «чытаньне», які ўключае ўсе моўныя аспэкты — і пісаньне, і артаграфію, і чытаньне тэкстаў з аналізам. Матэматыка адразу ўключае ў сябе геамэтрыю. Асобна ёсьць блёк «навука», «кампутарная лябараторыя», «мастацтва», «музыка», «фізычная адукацыя».

Сыстэмы кшталту «ўрок-перапынак» там няма. Напачатку я думала, што гэта вельмі зручна. Але амэрыканскія дзеці ня маюць дастаткова перапынкаў цягам дня. Напэўна, яны больш стамляюцца, але і больш занятыя. У іх адзін вялікі перапынак пасьля ланчу. Паміж урокамі ў іх толькі час на перацяканьне з аўдыторыі ў аўдыторыю.

Па выніках аказалася, што важна не чаму яны вучаць, а як. Іх мэтодыкі мне падаліся вельмі эфэктыўнымі, бо яны навучаюць дзяцей самастойнаму дасьледаваньню. Ева вучылася ў 3–4 клясах. Напрыклад, у 4 клясе былі «асновы навуковага дасьледаваньня». Іх вучылі самастойна шукаць інфармацыю на пэўныя праекты. Вучылі, як адказваць на пытаньні, як рэалізоўваць пастаўленыя мэты, як выбіраць патрэбную інфармацыю ў бясконцым сьвеце інфармацыі. У іх вельмі магутная антыплягіятная сыстэма. Іх вучаць разьмяжоўваць чужое і сваё, вучаць паняцьцям інтэрпрэтацыі і аналізу.

Бацькам не дазволена ўдзельнічаць у выкананьні хатніх заданьняў, творчых праектаў. Ёсьць крэатыўныя праекты, дзе ўдзел бацькоў прадугледжаны, і тады бацькам дасылаюць пра гэта інструкцыю. Але ва ўсіх іншых праектах дзеці ўдзельнічаюць самі, і яны адказныя за тое, што яны знайшлі і як гэта апрацавалі. Адсюль і разьвіцьцё адказнасьці за тое, што ты робіш. Дзяцей вучаць кіраваць часам, каб усё пасьпець, ёсьць акцэнт на тайм-мэнэджмэнт.

І на выхадзе гэта дзеці, якія не баяцца дасьледаваць, адкрываць новае і прэзэнтаваць гэта. Гэта яшчэ адзін важны аспэкт стылю адукацыі — стварэньне пазытыўнай атмасфэры. Няма жорсткай крытыкі, нэгатыву. У нас часта любяць раскрытыкаваць дзіця адкрыта, пры іншых, абясцэніць дзіцячую працу. Гэта робіцца не заўсёды наўпрост. Часам выстаўленая такая высокая плянка, што калі дзіця не дацягнулася, то само лічыць сябе лузэрам. Гэта стварае стрэсавы кампанэнт, дзіця нібыта вельмі высока кудысьці цягнецца ўвесь час.

Амэрыканцы ня ставяць аніякіх планак. Любы самастойны прадукт, які выдае дзіця, — гэта ягоная ўласная перамога. Дзіця разглядае свой прагрэс адносна свайго ўласнага разьвіцьця. Дзіця ніколі не знаходзіцца ў стане прэсінгу, стрэсу, што яно чагосьці не пасьпела, ня ўмее адносна або вонкавых патрабаваньняў, або аднаклясьнікаў. Кожны дасягае свайго.

У Амэрыцы разьвітая інклюзіўная адукацыя. У адным клясе вучацца розныя дзеці, з рознымі магчымасьцямі, асаблівасьцямі разьвіцьця. Гэта вельмі пазытыўны аспэкт, бо дзеці вучацца візуальна бачыць разнастайнасьць сусьвету. Яны вучацца прымаць гэта, разумець, што норма — гэта калі ўсе розныя. Яны тады і для сябе маюць іншыя крытэры. Гэта і ёсьць сапраўдная талерантнасьць у параўнаньні з намі.

Дысцыпліна вельмі строгая. Там не дазваляецца размаўляць на ўроку. Да тых, хто размаўляе, ёсьць пэўныя санкцыі. Не дазволена свабодна перасоўвацца па калідорах. Гэта зьвязана з сыстэмай бясьпекі. У амэрыканскай школе дзецям забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Калі нешта здарылася — з бацькамі зьвяжацца офіс.

Беларускі навучальны рэжым — 45 хвілін зь перапынкамі — гэта зручна. Бо ў Амэрыцы, бывае, матэматыка цягнецца паўтары гадзіны. І настаўнік мае права не рабіць перапынкаў, калі ён не ўкладаецца. Гэта цяжкавата мэнтальна для дзяцей.

Школьнай формы няма зусім. Але ёсьць, напрыклад, па пятніцах «піжамныя» дні. Каб прыйсьці ў школу ў піжаме, дзеці павінны заплаціць 15 цэнтаў. Гэтыя грошы ідуць або ў фонд школы, або ў дабрачынныя мэдычныя фонды.

Ланчы вельмі разнастайныя. Некаторыя дзеці атрымліваюць ланч бясплатна. Платныя ланчы даступныя па цане. У мэню ўлічваюцца асаблівасьці дзіцяці, ёсьць асобнае харчаваньне для вэгетарыянцаў, алергікаў. Усё гэта абмяркоўваецца, і адміністрацыя школы ў курсе ўсіх асаблівасьцяў і пажаданьняў.

Няма сыстэмы бацькоўскіх сходаў. Ёсьць індывідуальныя сустрэчы, гэта называецца «канфэрэнцыя бацькі-настаўнікі». Такая канфэрэнцыя цягнецца тыдзень. Прызначаецца сустрэча, бацькі наведваюць усіх настаўнікаў. Зь любым настаўнікам можна пагаварыць, ён будзе паказваць працы дзіцяці, камэнтаваць, усё можна абмяркоўваць.

Ёсьць бацькоўскі камітэт, але ён працуе на вырашэньне фінансавых пытаньняў. Таму што дзяржаўныя школы — гэта бедныя школы. Шмат якія пытаньні бацькі мусяць вырашаць саматужна, сваімі сродкамі. Час ад часу мы наракаем, што ў нас ёсьць сыстэма пабораў, гэта напружвае шмат каго, але ў Амэрыцы абсалютна такая самая сыстэма: на ўдасканаленьне тэхнічнага абсталяваньня, на мерапрыемствы бацькі зьбіраюць грошы. Усё гэта вельмі празрыста, бо амэрыканцы строга справаздачацца і бацькі абавязкова атрымліваюць рассылку са справаздачай.

Сыстэма кансалідацыі «бацькі-дзеці-настаўнікі» рэалізуецца празь мерапрыемствы, якіх досыць шмат. Гэта дзяржаўныя амэрыканскія сьвяты, Гэлаўін, Раство, Вялікдзень. Ёсьць яшчэ школьныя мерапрыемствы — спаборніцтвы, маратоны, ролевыя гульні, далёкія роварныя прагулкі, паездкі ў музэі.

Траўмы, алергічныя рэакцыі — гэта вельмі страшыць амэрыканскіх настаўнікаў, бо ў іх жорсткая судовая сыстэма, і такія выпадкі могуць мець для іх непрыемныя наступствы. Таму настаўнікі больш пільнуюць навучэнцаў.

Найперш Ева сумавала па сяброўскіх адносінах зь дзецьмі. Там дзеці маюць мала часу на перапынкі. Гэта зручна для амэрыканскай адміністрацыі, бо дзеці не пасьпяваюць пабіцца, атрымаць траўмы. Але няма прасторы для свабоднай камунікацыі і гульняў паміж дзецьмі. На ўроках размаўляць не дазваляецца.

Важна яшчэ разумець, што ў Амэрыцы колькі штатаў — столькі і сыстэм адукацыі. Няма адной унівэрсальнай праграмы на ўсю краіну. Я расказала пра канкрэтную школу ў адным правінцыйным гарадку з пратэстанцкім духам і старымі традыцыямі, дзе амаль няма імігрантаў. Але школа ў Канзасе і школа ў Каліфорніі, напрыклад, дакладна будуць адрозьнівацца, і ня толькі праграмай і мэтодыкамі, але і сыстэмай адносінаў вучань-настаўнік, стылем камунікацыі ў клясе. Так што тыя, каму давялося павучыцца ў Нью-Ёрку, магчыма, падзеляцца абсалютна іншымі ўражаньнямі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG