Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньні ўкраінскай тэлевізіі ў Беларусі і ўкраінскай мовы ў беларускіх школах вырашацца да верасьня — амбасадар Украіны


Амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у інтэрвію Naviny.by заявіў, што да верасьня 2017 году маюць вырашыцца пытаньні вяшчаньня ўкраінскага тэлеканалу на Беларусь, вывучэньня беларускай мовы ва ўкраінскіх школах і ўкраінскай — у беларускіх.

Лукашэнка чакае «альтэрнатыўны пункт гледжаньня на Ўкраіну і падзеі на Данбасе»

Паводле Кізіма, пытаньне ўкраінскага ТВ абмяркоўвалася ў тым ліку на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам 26 красавіка, «былі дадзеныя даручэньні канкрэтным людзям прапрацаваць пытаньне». Кізім кажа, што размаўляў у тым ліку зь міністаркай інфармацыі Беларусі Ліліяй Ананіч і быў зьдзіўлены тым, колькі ўжо зрабіў беларускі бок для вяшчаньня ўкраінскага ТВ:

у гэтым зацікаўлены якраз беларускі прэзыдэнт, які выразна сказаў, што хацеў бы бачыць у інфармацыйнай прасторы Беларусі альтэрнатыўны пункт гледжаньня на Ўкраіну, у тым ліку пра падзеі на Данбасе

«У маім разуменьні, у гэтай справе больш пытаньняў тэхнічнага характару, — тлумачыць Кізім. — Жаданьне ёсьць узаемнае, больш за тое — палітычная воля ёсьць таксама. І, як мне здалося, больш у гэтым зацікаўлены якраз беларускі прэзыдэнт, які выразна сказаў, што хацеў бы бачыць у інфармацыйнай прасторы Беларусі альтэрнатыўны пункт гледжаньня на Ўкраіну, у тым ліку пра падзеі на Данбасе».

Кізім кажа не чакаць, што тэлеканал запусьціцца адразу ў верасьні, але на той момант ужо маюць быць прынятыя ўсе адпаведныя рашэньні. Цяпер, кажа ён, абмяркоўваецца ў тым ліку фармат вяшчаньня (ці то супольны беларуска-ўкраінскі тэлеканал, ці то выключна ўкраінскі, як то ўжо дзейны міжнародны UA/TV), таксама адной з тэхнічных праблемаў ён называе ўмовы вяшчаньня дзяржаўных беларускіх каналаў ва Ўкраіне, дзе кабэльныя сеткі прыватныя і належаць розным уладальнікам.

Украінская і беларуская мова ў школах на мяжы: інтарэс ёсьць, даручэньні дадзеныя

Мы ўжо працуем зь Міністэрствам адукацыі па праграмах хоць бы факультатыўнага навучаньня ўкраінскай мове ў беларускіх школах

«Прынятае рашэньне і дадзеныя даручэньні, каб мы прапрацавалі пытаньне аб аднаўленьні выкладаньня ўкраінскай мовы ў навучальных установах, пакуль што ў памежных рэгіёнах Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей, — таксама распавёў Кізім. — Мы ўжо працуем зь Міністэрствам адукацыі па праграмах хоць бы факультатыўнага навучаньня ўкраінскай мове ў беларускіх школах.

У бліжэйшы час, думаю, мы ўжо будзем вырашаць на мясцовым узроўні канкрэтныя пытаньні, каб дзеці ўкраінцаў, якія пражываюць тут, мелі магчымасьць вывучаць і не забываць украінскую мову».

Паводле Кізіма, у беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне, ёсьць цікавасьць да вывучэньня беларускай мовы, таму праца вядзецца і над гэтым: беларускую мову ўжо выкладаюць у Кіеўскім унівэрсытэце, у раённых школах ужо ёсьць факультатывы беларускай мовы. У верасьні варта чакаць вынікаў, бо цяпер засталіся пытаньні тэхнічнага характару і шмат што залежыць ад актыўнасьці дыяспараў.

Кізім пашукае «160 тысяч украінскіх уцекачоў у Беларусі»

Кізім таксама нагадаў, што Парашэнка даў яму даручэньне больш актыўна працаваць з украінцамі, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку з тымі, хто перасяліўся ў Беларусь з «часова акупаваных раёнаў». Афіцыйны Менск заяўляе, што такіх на Беларусі нібыта 160 тысяч (насамрэч, 150 тысяч людзей з усёй Украіны зьвярталіся па від на жыхарства, мігрантаў жа 20-30 тысяч).

Парашэнка занепакоены, як кажа Кізім, такой колькасьцю ўкраінцаў на Беларусі і тым, што зь імі мала працуе ўкраінскі бок.
«Я сваёй задачай стаўлю знайсьці ўсіх гэтых людзей, высьветліць, колькі ўкраінцаў жыве ў кожнай вобласьці, дзе і як яны зарэгістраваныя, ці ёсьць у іх нейкія патрэбы, якім украінскае дзяржава павінна надаць увагу і дапамагчы чым-небудзь», — заявіў Кізім.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG