Лінкі ўнівэрсальнага доступу

AliExpress адмовілася ад самага таннага спосабу дастаўкі ў Беларусь


Найбуйнейшая ў Кітаі гандлёвая пляцоўка AliExpress (належыць карпарацыі Alibaba Group) адмовілася зь 7 лютага ад опцыі «Эканомная дастаўка» ў Беларусі і Ўкраіне, а ў Расеі пакінула такі спосаб дастаўкі толькі для тавараў, таньнейшых за 2 даляры.

Усім замоўленым таварам цяпер мае прысвойвацца трэк-нумар для адсочваньня перасоўваньня грузу. У «Эканомнай дастаўцы» пасылкі адсылаліся праз China Post і HongKong Air Mail. Для беларусаў засталіся опцыі «Стандартная дастаўка» (праз DHL, EMS, ePacket альбо Global Mail), якая пры пэўных умовах можа быць бясплатнай для пакупніка, і «Паскораная дастаўка».

Таксама зь 7 лютага запусьціцца даступная ў тым ліку беларусам опцыя «Спрошчаная рэгістраваная дастаўка», распрацаваная партнэрам Alibaba і поштай Расеі, піша РБК. Цана такой дастаўкі мае быць ніжэйшай за стандартную, хоць і вышэйшай за эканомную.

Кіраўнік Alibaba Russia заявіў РБК, што абсалютна бясплатнай дастаўкі не бывае, бо часьцей за ўсё бясплатная для атрымальніка дастаўка насамрэч уключаная ў цану тавару. Ён лічыць, што скасаваньне эканомнай дастаўкі, тым ня менш, ня выкліча падаражаньня тавараў.

Роўна год таму беларусы атрымалі іншую перашкоду ў куплі тавараў праз AliExpress: Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога за пасылкі з таварамі, даражэйшымі за 22 эўра (цану самастойна вызначае мытня) і цяжэйшымі за 10 кг, трэба плаціць дадатковы мытны збор. А годам раней беларускія ўлады плянавалі наогул спыніць у Беларусі продаж кітайскіх тавараў праз інтэрнэт.

Нягледзячы на абмежаваньні, AliExpress застаецца самай папулярнай гандлёвай пляцоўкай у Байнэце, сайт AliExpress займае 9-е месца паводле папулярнасьці сярод усіх сайтаў Беларусі, абганяе Mail.ru, «Вікіпэдыю» і Instagram.

Беларускія ўлады летась выказвалі жаданьне прасоўваць беларускія тавары на AliExpress, але не падобна, каб да гэтага прыкладаліся вялікія высілкі. Знайсьці беларускія тавары на AliExpress ці аналягічных пляцоўках на момант публікацыі праблематычна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG