Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня БХК Алег Гулак уключаны ў рэспубліканскую камісію назіраньня за турмамі. Чым ён там будзе займацца?


Алег Гулак

Старшыня адной з уплывовых праваабарончых арганізацыяў «Беларускі Хэльсынскі камітэт» (БХК) упершыню ўключаны ў рэспубліканскую грамадзкую назіральную камісію пры Міністэрстве юстыцыі Беларусі.

Камісія, паводле сайту міністэрства, ня толькі кантралюе выкананьне правоў асуджаных, але і ўдзельнічае ў розных сацыяльных праектах, у тым ліку дапамагае асуджаным атрымаць дадатковую адукацыю.

Чым Алег Гулак мае намер там займацца? Ці зможа наведваць калёніі, каб апэратыўна рэагаваць на сыгналы аб парушэньні правоў вязьняў? З праваабаронцам пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Наведваць — так, але што да апэратыўнасьці — з гэтым, відаць, будуць праблемы. Паводле паўнамоцтваў камісіі, яна мусіць узгадняць візыты з Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў МУС. Таму варта найперш спадзявацца, што падчас нейкіх экстрэмальных выпадкаў нам пойдуць насустрач і дадуць дазвол. Вельмі важна разуменьне кіраўніцтвам дэпартамэнту таго, што грамадзкая камісія хоча дапамагчы, а не наадварот. Але асноўнае — ёсьць магчымасьць наведаць установу, сустрэцца зь вязьнямі, выслухаць іх скаргі і думкі, паставіць пытаньне пра выпраўленьне праблемы.

— Былыя вязьні часта кажуць, што падобныя візыты — бутафорыя. Усё падмазваецца для зьнешняга выгляду, нават людзей адпаведных рыхтуюць. Як падвысіць эфэкт ад працы такіх камісій?

— Пра бутафорыю нам вядома. Тое, што ніхто не зацікаўлены нейкія свае язвы паказваць на публіку — гэта зразумела і чакана. Але само ўключэньне прадстаўніка БХК у такую камісію я разглядаю як сыгнал, што там усё ж разумеюць неабходнасьць паляпшэньня сытуацыі. Таму можна спадзявацца, што незалежная інфармацыя адтуль будзе карыснай. Дарэчы, гэта ў любой краіне дзейнічае: закрытая сыстэма зацікаўленая ў тым, каб прыхоўваць свае праблемы, але незалежныя крыніцы дапамагаюць паляпшаць становішча.

— Можаце акрэсьліць асноўныя выклікі, якія стаяць перад беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмай?

У БХК ёсьць цэлы набор рэкамэндацыяў, якія мы рыхтавалі цягам некалькіх гадоў

— Пытаньне пра тое, якога ўзроўню праблемы. Калі пра сыстэмныя, дык перад папраўчымі ўстановамі найперш стаіць задача рыхтаваць людзей да вяртаньня ў грамадзтва. Аднак гэтую функцыю нашы калёніі і турмы выконваюць мінімальна. І гэта ўжо ня толькі праблема дэпартамэнту. Варта гаварыць і пра тое, як людзі трапляюць за краты, за што, на колькі, якія ўмовы ў краіне для таго, каб чалавек сябе рэалізоўваў не на шляху злачынства. Але, канечне, ёсьць і праблема якаснай працы людзей унутры гэтай сыстэмы, тут таксама патрэбны кантроль звонку. Прынамсі, цяпер ёсьць разуменьне, што з гэтым таксама трэба працаваць разам. У БХК ёсьць цэлы набор рэкамэндацяў, якія мы рыхтавалі некалькі гадоў. За гэты час, агулам кажучы, нічога ў месцах зьняволеньня не зьмянілася. Цяпер будзе магчымасьць нешта ўдакладніць, скарэктаваць.

— Вы самі напрасіліся ў гэтую камісію ці вас запрасілі?

— Мы некалькі разоў падавалі ў Мінʼюст адпаведныя заяўкі, выконвалі пэўную працэдуру, але нязьменна атрымлівалі адмову. І вось — згода. Што зьмянілася? Можа, нейкая дэманстрацыя намераў перад кімсьці. Можа, стаіць задача сапраўды актывізаваць гэтую камісію. Ніхто ж нічога ня кажа. Праблема яшчэ ў тым, што камісію фармуе Мінʼюст, але працаваць нам давядзецца з установамі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў пры МУС. Наколькі магчымая такая міжведамасная каардынацыя і каапэрацыя, гэта для мяне яшчэ пытаньне. Але ў нас досьвед такой супрацы ўжо ёсьць. Пры канцы 1990-х БХК меў магчымасьць назіраць за сытуацыяй з правамі вязьняў ня толькі праз маніторынгі, але і ў калёніях. Я асабіста наведваў «Валадарку», Жодзінскі ізалятар, былі іншыя паездкі. Вядома, наведваньне вязьніцы і паўнавартасны кантроль — тут ёсьць вялікая розьніца. Але, спадзяюся, будзе магчымасьць рабіць паўнавартасныя захады пасьля такіх візытаў.

— Вас уключылі ў склад рэспубліканскай камісіі. А ёсьць жа яшчэ камісіі абласныя, якія таксама пакліканыя назіраць за сытуацыяй з правамі вязьняў у месцах зьняволеньня. Як ацэньваеце іх дзейнасьць?

— Інфармацыя пра іхную працу даходзіць, але, скажу так, зь яе мала што вынікае. Хіба заўважыў, што яны ня бачаць сурʼёзных праблемаў, больш-менш вострых пытаньняў асабліва не ўздымалі, і эфэкт той працы мне цяжка адсачыць. Але, відаць, ёсьць выключэньні. Вось ведаю пра камісію, якая дзейнічае ў Магілёўскай вобласьці. Там у камісіі ёсьць прадстаўнік мясцовага праваабарончага цэнтру, і, па ягоных водгуках, станоўчы эфэкт ад працы абласной камісіі ёсьць. Праблемы, якія выяўляюцца, неяк спрабуюць вырашыць. Паспрабуем і мы. Спадзяюся, што будзе магчымасьць з нашага ўзроўню крыху актывізаваць і іх. Кіраваць імі, відаць, наўпрост ня зможам, яны самастойныя, але ў рэспубліканскую камісію ўваходзяць арганізацыі, прадстаўленыя і ў абласных камісіях, таму ўскосны ўплыў магчымы. Можна будзе прааналізаваць досьвед іх працы, зрабіць высновы, рэкамэндацыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG