Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі актывіст Аксёнаў: «Прымушалі прылюдна здымаць трусы і прысядаць»


Алег Аксёнаў, архіўнае фота

29 сакавіка пасьля 15 сутак арышту выйшлі на волю магілёўскія актывісты — старшыня абласной філіі АГП Уладзімер Шанцаў і прадстаўнік БХД Алег Аксёнаў, асуджаныя за арганізацыю і ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся 17 лютага.

Алег Аксёнаў, магілёўскі актывіст БХД падзяліўся ўражаньнямі ад суду і сваёй адседкі ў магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня:

«Мяне забралі з дому а 9-й гадзіне — быццам бы запрасілі на размову да сьледчага, і дадому я больш ня трапіў. Але затрыманьне чамусьці аформлена з 14-й гадзіны — як сказала судзьдзя, «гэта вас падвозілі».

Асудзілі на падставе сьведчаньняў двух міліцыянтаў. Я задаў ім тры пытаньні, на якія яны адказалі станоўча. Але калі мы паглядзелі відэазапіс, было відавочна, што міліцыянты схлусілі. Я запатрабаваў прыцягнуць іх да адказнасьці паводле артыкула 401 — за ілжэсьведчаньні. Але судзьдзя гэта прапусьціла міма вушэй. Працэдурных памылак было шмат. Мне так і не перадалі матывіровачную частку рашэньня, я яе запатрабаваў толькі сёньня ў канцылярыі. У судзе кажуць: «Дык вы ж прысутнічалі на паседжаньні і ўсё чулі». Зараз зьбіраюся пісаць скаргі.

Прысуд 15 сутак быў добра пралічаны: трэба было ізаляваць нас ня толькі на 15 сакавіка, але яшчэ і на 25 сакавіка. Актывістаў, арганізатараў акцыі — Уладзімера Шанцава, Дзьмітрыя Люнтава і мяне — ізалявалі, трымалі ў розных камэрах. Нягледзячы на нашу ізаляцыю, мерапрыемства ў Магілёве 15 сакавіка адбылося. Суткі дарма не прайшлі — шмат аналізаваў, зрабіў «працу над памылкамі».

Што да ўмоваў утрыманьня, абыходжаньня з затрыманымі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, раскажу толькі самае яскравае, што наагул зьнішчае ўсе развагі пра правы чалавека. Гэта так званы «шмон» па раніцах. Спачатку ўсіх выводзяць з рэчамі ў калідор, абшукваюць усе камэры, а потым пачынаюць «шманаць» затрыманых. Прымушаюць прылюдна распрануцца да трусоў, ператрасаюць усе вашы рэчы. А потым паступае загад — зьняць трусы і прысесьці. Гэта кожную раніцу адбываецца. Некалькі раз пры гэтым прысутнічала жанчына — нібыта фэльчар. Пастаянна гарыць яркае сьвятло, спаць немагчыма, проста катаваньні сьвятлом... Дзённае сьвятло ў камэру не пранікае, паветра таксама — маленькія вокны заклеены плёнкай. Вэнтыляцыі няма.

Пра падзеі ў краіне звонку ніякай інфармацыі мы не атрымлівалі, поўная інфармацыйная блякада. Праўда, з раніцы да вечара гучала магілёўскае радыё. Прычым радыё выключыць нельга: яно барабаніць ад 6-й раніцы да 22-й вечара.

І за такія ўмовы я павінен яшчэ заплаціць: за 15 сутак — больш за 170 рублёў. Хаця ў судовым рашэньні напісана толькі пра 15 сутак, ні пра якія грошы нічога не пазначана».

У чацьвер увечары з магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня павінен выйсьці яшчэ адзін актывіст — Дзьмітры Люнтаў.

XS
SM
MD
LG