Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомая велічыня». Алесь Разанаў рыхтуе новы зборнік паэзіі


Алесь Разанаў праводзіць адкрытыя лекцыі ў «Лятучым унівэрсытэце»
Алесь Разанаў праводзіць адкрытыя лекцыі ў «Лятучым унівэрсытэце»

Другі год запар Алесь Разанаў праводзіць адкрытыя лекцыі ў «Лятучым унівэрсытэце». Свабода наведала імпрэзу і пагаварыла з паэтам пра маладую беларускую і паэзію і выдавецкія пляны Разанава.

«Невядомая велічыня: чытаем верш» — адкрытая лекцыя, якую ладзіць «Лятучы ўнівэрсытэт». Падчас лекцыі-чытаньня Алесь Разанаў гэтым разам разьбіраў верш Міхася Стральцова «Пад шоргат кропель дажджавых...»

Слухачы разам з майстрам чытаюць верш і шукаюць сэнсы, выбудоўваюць кантэксты і знаходзяць укрытыя асацыяцыі.

«Будзем чытаць і ўчытвацца ў вершаваны тэкст, вандраваць па мэтафізычных сусветах у пошуках адказаў на адвечныя пытаньні, спрабаваць зразумець Стральцова і адкрыць штосьці важнае пра сябе…», — тлумачыць Алесь Разанаў.



На пытаньне, чаму паэт для чытаньня і аналізу выбраў менавіта гэты верш Міхася Стральцова «Пад шоргат кропель дажджавых...», Разанаў адказаў, што гэты верш «паклікаў у размову»:

«„Лятучы ўнівэрсытэт“ гэтым займаецца — мы дбаем пра свае асновы, пра сваю філязофію. І яна ўжо ёсьць. Што нам застаецца? Дастаць яе і прачытаць. Гэта спроба чытаньня таго, што ў нас ужо ёсьць. Міхась Стральцоў — паэт патаемнай весткі. У яго вершах нішто да канца не дагаворана».

Свабода запытала, як Алесь Разанаў ацэньвае стан маладой беларускай паэзіі і ці можа назваць некаторыя імёны, на якія варта зьвярнуць увагу, якія таксама маюць глыбокі філязофскі.

«Ёсьць добрыя, прыгожыя і нават выдатныя вершы. Але зь імі ў размову ўступіць вельмі няпроста. Альбо яны не даюць падставы, ня твораць гэтай прасторы, але я яшчэ не гатовы знайсьці ключы да гэтай размовы. Вершы ёсьць. Але толькі некаторыя зь іх уводзяць у размову і даюць прастору гэтай размове. І цяпер, і раней трэба слухаць, чытаць і адгукацца на тое, што адгукаецца, — адказаў Разанаў. — Імёны маладых, таленавітых я называць ня буду.

Па-першае, далёка ня ўсё я прачытаў, таму ўстрымаюся ад адказу на ваша пытаньне і прозьвішчы не назаву, каб нікога не забыцца і не пакрыўдзіць. Так што ёсьць што чытаць, і павінны знайсьціся, апроч творцаў, такія чытачы, якія сёньня прыйшлі на гэтыя чытаньні — тонкія і пранікнёныя, здольныя на вершы адгукацца.

І я шчасьлівы, што тут сабралася менавіта такая аўдыторыя — уважлівая, зацікаўленая, у якой гараць вочы».

Што бліжэйшым часам чакаць ад Разанава, ці парадуе ён сваіх прыхільнікаў новымі творамі, новым зборнікам?

«Так, — кажа Разанаў. — І вось гэтую гермэнэўтычную паэму, што сёньня чытаў, я ўжо ўклаў у новы зборнік, які называецца „Невядомая велічыня“. Спадзяюся, ён сёлета выйдзе ў выдавецтве, зь якім я ўжо працяглы час супрацоўнічаю — у выдавецтве „Логвінаў“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG