Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Зьдзьвіжкоў: “У турме я ад усяго ізаляваны”


Аляксандр Зьдзьвіжкоў даслаў першы ліст з менскага сьледчага ізалятару, у якім распавёў і пра ўмовы ўтрыманьня.


Амаль праз тыдзень, 22-га лютага, ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі былога намесьніка рэдактара газэты “Згода” Аляксандра Зьдзьвіжкова, якога асудзілі на 3,5 гады за публікацыю карыкатур на прарока Мухамада. Журналіст не прызнае сябе вінаватым ў распальваньні рэлігійнай варожасьці і дамагаецца апраўданьня.

У пачатку студзеня пасьля працэсу ў Менскім гарадзкім судзе Аляксандра Зьдзьвіжкова перавялі з ізалятару КДБ у менскі сьледчы ізалятар. Амаль месяц лістоў адтуль ад журналіста не было. І вось днямі маці вязьня Ганна Зьдзьвіжкова атрымала ад сына ліст. Аляксандр Зьдзьвіжкоў напісаў, што яго перавялі ў іншую камэру, большую, дзе ўтрымліваюць некалькі чалавек. Гэтая камэра цяплейшая, у былой вязень вымушаны быў прасіць дадатковую коўдру. Гэтым разам скаргаў на ўмовы ўтрыманьня Аляксандр Зьдзьвіжкоў не выказваў, але паскардзіўся на сваё здароўе.

“Піша, што горш стаў бачыць і чуць, а з большага мае патрэбу ў лячэньні. Гэта зразумела, бо ўсе хваробы распаўсюджваюцца на нэрвовай глебе. Яшчэ піша, што ад усяго ў турме ён ізаляваны, кантактуе толькі з сукамэрнікамі, ад гэтага хоць крыху лягчэй”.

Шмат хто ў Беларусі і сьвеце лічыць надзвычай жорсткім прысуд, які атрымаў за публікацыю карыкатур Аляксандр Зьдзьвіжкоў, і патрабуюць вызваленьня журналіста.

Казуліну “паспрабуюць даць другі тэрмін”?

На гэтым тыдні адбылося кароткатэрміновае спатканьне Аляксандра Казуліна з дочкамі Вольгай і Юляй. Палітык распавёў пра ціск з боку адміністрацыі: яго надзвычай часта сталі абшукваць ахоўнікі, забралі ў яго электраплітку і сокавыціскалку, не перадаюць частку карэспандэнцыі. Паводле гэтых прыкметаў Аляксандр Казулін мяркуе, што ў блізкім часе ў яго “нулявыя шанцы” на датэрміновае вызваленьне.

Распавёў палітык і пра тое, што яго спрабавалі дапытаць ў якасьці сьведкі паводле нейкай крымінальнай справы, але ён адмовіўся. Якая гэта справа, Вользе Казулінай невядома.

“Тата на тысячу адсоткаў перакананы, што справу перакваліфікуюць і зробяць яго са сьведкаў абвінавачаным, каб паспрабаваць даць яму другі тэрмін”.

Паводле былога адваката Ігара Рынкевіча, крымінальная справа, у якой Аляксандр Казулін фігуруе як сьведка, нібыта заведзеная супроць былога супрацоўніка Белдзяржўнівэрсытэту і прыпадае на пэрыяд, калі рэктарам БДУ быў Аляксандр Казулін. У міліцыі падрабязнасьцяў гэтай справы не паведамляюць. “Безумоўна, гэта з шэрагу ціску на Казуліна, яго паспрабуюць гэтай справай скампрамэтаваць”, – мяркуе Ігар Рынкевіч.

Як пачуваецца Аляксандар Казулін? Дачка палітыка распавяла, што зараз ён важыць 88 кіляграмаў, гэта сярэдні паказчык паміж вагой палітыка да і пасьля галадоўкі ў канцы 2006-га году. “На здароўе ён ня скардзіцца, увогуле ня хоча пра гэта гаварыць, а вось настрой ў яго баявы”, – кажа Вольга Казуліна пра свайго бацьку.

“Той моцны і жорсткі Казулін, якім ён быў, калі пачынаў галадоўку, вось такі ён зараз. Ён гатовы да барацьбы, нават да вайны, якую супраць яго пачалі. Ён кажа, што толькі на сваім прыкладзе можа паказаць, што робіцца ня толькі ў калёніі, але і ва ўсёй краіне”.

14-га лютага Цэнтральны суд Менска пакінуў без зьменаў меру стрыманьня для маладзёвага актывіста Андрэя Кіма. Супраць яго завялі крымінальную справу пасьля мітынгу прадпрымальнікаў, які прайшоў у Менску ў студзені. За вызваленьне Андрэя Кіма пад падпіску пра нявыезд хадайнічала болей як 50 чалавек, але судзьдзя Валянціна Свістун вырашыла, што ў мэтах сьледзтва актывіста трэба трымаць пад вартай у менскім сьледчым ізалятары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG