Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеныя — прадмет торгу з Захадам?


Лукашэнка выступіў з прамоваю перад студэнтамі БДУ. Ці можна ўбачыць новыя акцэнты ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы Беларусі?


Удзельнікі: рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі і намесьнік галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч.

Дачыненьні Беларусі з Захадам

Валер Карбалевіч: “Упершыню Лукашэнка публічна прызнаў, што пытаньне вызваленьня палітвязьняў стала прадметам палітычнага торгу з Захадам. Зь ягоных словаў можна зразумець, што, вызваліўшы чатырох зьняволеных, свае крокі насустрач Беларусь зрабіла. Лукашэнка адзначыў, што “мы загарнулі гэтую хваравітую старонку і цяпер чакаем адказу ад Захаду”. Як можна пракамэнтаваць гэты своеасаблівы гандаль людзьмі?

Аляксандр Класкоўскі: “Сапраўды, палітвязьні сталі закладнікамі, разьменнай манэтай у торгу з Захадам. Цяпер Лукашэнка адкрытым тэкстам кажа: мы вызвалілі некалькі чалавек, цяпер вы павінны зрабіць крок у адказ. Але гэта спроба купіць прыязнае стаўленьне Захаду за паўцаны, бо некалькі палітвязьняў яшчэ сядзяць за кратамі.

Прычым улады не пасыпаюць галаву попелам, не прызнаюць перасьлед паводле палітычных прычынаў. І вызваленьне некалькіх чалавек падаюць як дагаджаньне заходняму капрызу. Пра сапраўдную палітычную лібэралізацыю гаворкі няма.

То бок існуе жаданьне наладзіць прагматычныя дачыненьні з Захадам пры мінімуме палітычных саступак. Нельга сказаць, што такая тактыка не дае плёну. Бо, па-першае, у ЭЗ няма моцнай стратэгіі ў беларускім пытаньні.

Па-другое краіны ЭЗ маюць эканамічныя інтарэсы ў дачыненьнях зь Беларусьсю. У Нямеччыны вялікі гандаль з нашай краінай. Францыя зацікаўленая паўдзельнічаць у будаўніцтве АЭС. Суседнія краіны зацікаўленыя ў беларускім транзыце празь іхнюю тэрыторыю. Таму, хоць Захад разумее, што зь беларускага боку гэта немудрагелістая гульня, але яна працягваецца”.

Віктар Марціновіч: “Я таксама зьвярнуў увагу не на прызнаньне самога факту торгу з дапамогай палітвязьняў, а на тое, што беларускі бок выканаў патрабаваньні па гэтым пытаньні, і цяпер слова за Захадам. Таксама не прагучаў сам выраз “палітвязьні”. Таму ня варта чакаць вызваленьня Казуліна і Клімава.

Гэтая тэма стала прадметам перамоваў таму, што ЗША ўвялі санкцыі супраць “Белнафтахіму”. А для ўладаў цяпер нязручны час, каб рабіць амністыю. Бо чакаюцца пратэстныя акцыі. Вызваленьне, напрыклад, Дашкевіча і Фінькевіча можа стаць сыгналам для актывізацыі моладзі. Яна ўпэўненая, што хутка вызваляць і Кіма, які сядзіць за ўдзел у прадпрымальніцкай акцыі. Таму ўлады імкнуцца запэўніць, што больш “адлігі” ня будзе”.

Хто цяпер галоўны хаўрусьнік Беларусі ў сьвеце?

Карбалевіч: “Як увогуле выглядае месца Беларусі ва ўсясьветнай палітыцы? Якія пэрспэктывы рэанімацыі праекту саюзнай дзяржавы пасьля дзьвюх загадкавых сустрэч Лукашэнкі і Пуціна? Увогуле, хто цяпер галоўны хаўрусьнік Беларусі ў сьвеце? Мне падаўся цікавым тэзіс, што “разам мы (Беларусь і Вэнэсуэла — В.К.) яўляем сабою сілу, зь якой ня могуць не лічыцца нават звышдзяржавы”.

Класкоўскі: “Раней афіцыйныя асобы Беларусі таксама казалі пра шматвэктарнасьць вонкавай палітыкі, але фактычна была цесная прывязка да Расеі, а ўсе астатнія вэктары існавалі дзеля дэкору. Цяпер набывае моц рэальная палітыка балянсаваньня паміж рознымі цэнтрамі сілы. Асобнае пытаньне, як доўга гэта магчыма рабіць.

Тэзіс Лукашэнкі, што Расея не гатовая да раўнапраўнага саюзу, можна расшыфраваць так: нам выкручваюць рукі, але мы нязгодныя на інкарпарацыю. Таму галоўным стратэгічным хаўрусьнікам нам прэзэнтуецца Вэнэсуэла”.

Карбалевіч: “То бок можна зрабіць выснову, што тыя перасьцярогі наконт небясьпекі незалежнасьці Беларусі, якія выказваліся пасьля апошніх сустрэч паміж Лукашэнкам і Пуціным, цяпер значна менш актуальныя?”

Марціновіч: “Ніякіх зьменаў у вонкавай палітыцы Беларусі няма. Асноўны геапалітычны партнэр Беларусі — Расея. І ўсе рухі Менску ў адносінах да іншых краінаў ужываюцца для ціску на Маскву. Нашая вонкавая палітыка будуецца паводле мэтаду ад процілеглага. То бок мы сябруем з Вэнэсуэлай дзеля таго, каб Расея сябравала з намі. Раней супрацьвагай Маскве быў Захад. Цяпер, пасьля заходніх санкцыяў, такой супрацьвагай стала Вэнэсуэла. Вось, напрыклад, тыдзень таму ўзьніклі размовы пра магчымасьць атрыманьня вэнэсуэльскага крэдыту. І яны зьявіліся акурат напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы”.

Класкоўскі: “Не абавязкова супрацьпастаўляць гэтыя кірункі вонкавай палітыкі. Жэсты ў бок Захаду адначасова маюць на мэце і дамовіцца з ЭЗ, ЗША, і напалохаць Расею. Таму гэта бяспройгрышны варыянт”.

Карбалевіч: “Што цікавага распавёў Лукашэнка пра ўнутраную палітыку? Былі закранутыя тэмы будаўніцтва АЭС, ільготаў, прыватных прадпрымальнікаў, разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, мэдыяў і інш. Ці можна ўбачыць тут нейкія новыя акцэнты?”

Класкоўскі: “Выказваньні Лукашэнкі пра ўнутраную палітыку сьведчаць пра тое, што ніякай лібэралізацыі ўлада ладзіць не зьбіраецца. Ён кажа, што ў Беларусі пабудаваная ўзорная грамадзянская супольнасьць, апазыцыя — гэта баявыя атрады варожых заходніх сілаў, прыватныя прадпрымальнікі — спэкулянты, мэдыі павінны кантралявацца дзяржавай у інтарэсах самой дзяржавы”.

Марціновіч: “Усе выказваньні Лукашэнкі не выходзяць па-за межы той палітыка-ідэалягічнай парадыгмы, якая існуе ў краіне. Але адбываюцца і перамены — пад узьдзеяньнем Лукашэнкавага атачэньня. Найперш маю на ўвазе тое будаўніцтва, якое ідзе ў Менску. Але афіцыйная рыторыка пра стабільнасьць засталася тая ж, як і ў 1996 годзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG