Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – галоўны спажывец грузінскай чачы


Беларусь зьяўляецца галоўным імпартэрам чачы – грузінскай вінаграднай гарэлкі.


Паводле апошніх дадзеных грузінскага дэпартамэнту “Самтрэст”, летась у Беларусь было пастаўлена амаль 28 тысячаў бутэлек альбо каля 14 тысячаў літраў гэтага алькагольнага напою. Сярод 11 краінаў-імпартэраў другое месца пасьля Беларусі заняў Казахстан (22 тысячы бутэлек ), трэцяе – Украіна (20 тысяч бутэлек). Чым вабіць беларусаў чача? Дзе і як можна пакаштаваць у Беларусі гэты напой?

Спачатку пра саму чачу. У Грузіі гэтую вінаградную гарэлку робяць у кожнай грузінскай вёсцы, кожная сям’я перадае з пакаленьня ў пакаленьне рэцэпты яе вырабу. Паводле традыцыі, грузінскія сяляне ўжываюць невялікі кілішак чачы раніцай, асабліва пры халоднам надвор’і дзеля добрага кровазвароту. Асновай для вырабу чачы зьяўляецца вінаград Ркацытэлі. Сама ж назва «чача» можа мець дачыненьне да напою, які выраблены выключна ў Грузіі.

У апошнія месяцы грузінская гарэлка зьявілася на паліцах многіх харчовых крамаў і супэрмаркетаў беларускай сталіцы, а таксама ў менскай рэстарацыі грузінскай кухні Натврыс Хе ( у перакладзе “дрэва мары”).

Паўлітровая бутэлька “чачы “ каштуе тут каля 64,5 тысячаў рублёў. Аднак, кажуць у Натврыс Хе, дзеля таго, каб адчуць аўтэнтычны смак гэтага напою, а таксама ўвесь калярыт грузінскіх традыцыяў, чачу лепш каштаваць тут. Абавязкова з такімі стравамі грузінскай кухні як хачапуры, сацыві, лобіё, харчо.

Адміністратар рэстарацыі зьвяртае ўвагу на наступныя акалічнасьці:

“Калі беларуская гарэлка – прадукт ачышчаны, ня мае водару, то ў чачы водар як у хатняй гарэлкі, скажам так, самагону. Многім нашым кліентам гэта падабаецца, як нашым, беларускім, так і грузінскім. Можа таму, што 50 градусаў. Але жанчыны чачу ня замаўляюць. У асноўным яны п’юць грузінскія віны”.

Як раіць адміністратар рэстарану, калі набываць грузінскія напоі ў крамах, трэба глядзець на марку пастаўшчыка. Паводле яго, давер можна мець да такіх пастаўшчыкоў як “Тамада”, “Марані”.

Сёньня ў беларускіх супэрмаркетах можна знайсьці самыя розныя маркі грузінскіх напояў, і толькі вельмі нямногія зь іх маюць грузінскі разьліў. “Тую ж Хванчкару могуць разьліваць у Барысаве ці Бабруйску”, – кажуць у Натврыс Хе.

Як вынікае са статыстыкі грузінскага дэпартамэнту “Самтрэст”, Беларусь у параўнаньні зь іншымі краінамі зьяўляецца аўтсайдэрам у імпарце грузінскага віна і брэндзі. Абсалютным лідэрам тут зьяўдяецца Ўкраіна. Потым ідуць Казахстан, краіны Балтыі, Армэнія, Азэрбайджан. Паводле беларускай статыстыкі, летась Беларусь істотна скараціла агульны імпарт вінаграднага віна – амаль на 1 мільён дэкалітраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG