Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дыпляматычная лібэралізацыя”


Заява Лукашэнкі ў БДУ пра вызваленьне палітычных зьняволеных як жэст, прапанову на адрас Захаду толькі пацьвердзіла здагадкі экспэртаў, якія менавіта так і тлумачылі апошнія дзеяньні беларускіх уладаў.


Сапраўды, вызваленьне аднаго за адным чатырох чалавек, якіх абвясьцілі палітычнымі вязьнямі (Аўтуховіча, Лявонава, Дашкевіча, Фінькевіча), немагчыма расцаніць ніяк інакш, як пачатак палітычнай кампаніі, дыпляматычнай гульні, разьлічанай на вонкавых суб’ектаў.

У гэтым сэнсе асабліва паказальная гісторыя з Артурам Фінькевічам. Жорсткі прысуд на падставе прыцягнутага за вушы абвінавачаньня адразу пасьля візыту Пуціна ў Менск быў дэманстратыўным выклікам, вялікім кукішам Захаду. Сэнс гэтага сыгналу быў такі: мы зноў дружым з Расеяй, вашы патрабаваньні нам да ліхтара, пэрыяд адлігі ў дачыненьнях з ЭЗ і ЗША скончыўся. Паралельна з ільготным крэдытам і льготнымі цэнамі на газ зьявіўся ня менш жорсткі прысуд журналісту А. Зьдзьвіжкову, прагучала пагроза Лукашэнкі выкінуць зь Беларусі амэрыканскага амбасадара. То бок беларускаму лідэру здалося, што можна вярнуцца да традыцыйнай палітыкі дружбы з Расеяй, вайны з Захадам, звыклага стылю кіраваньня ўнутры краіны. І стаўленьне да палітычных зьняволеных — гэта баромэтар палітычных паваротаў.

Але нездарма кажуць: толькі пачалі добра жыць, як скончыліся грошы. Не пасьпелі ў беларускім кіраўніцтве ўздыхнуць з палёгкай, як Масква запатрабавала плаціць па рахунках. Там нагадалі, што ўсе гэтыя расейскія льготы атрыманыя ня проста так.

Ня будзем цяпер гадаць, якія абяцаньні Лукашэнка даў у абмен на новыя расейскія субсыдыі. У дадзеным выпадку важна тое, што, гледзячы па ўсім, ён выконваць іх традыцыйна не сьпяшаецца, а можа і не зьбіраецца. І разьлік быў на тое, што ў Крамлі падчас трансфармацыі ўлады не да Беларусі. Выбары там у сакавіку, уступленьне Мядзьведзева на пасаду прэзыдэнта Расеі — у траўні, пасьля спатрэбіцца некалькі месяцаў, пакуль новы прэзыдэнт падзеліць паўнамоцтвы з “нацыянальным лідэрам” і прэм’ерам Пуціным. Тады стане зразумела, хто ў Крамлі прымае рашэньні, з кім патрэбна дамаўляцца. А за гэты час альбо шах памрэ, альбо ішак здохне.

Але, мусіць, Лукашэнкавы разьлікі аказаліся не зусім дакладнымі. Пуцін вельмі хутка зразумеў тактыку свайго хаўрусьніка і выклікаў яго “на дыван”, запатрабаваў справаздачу.

Лукашэнка ўбачыў, што справа пахне газай (дакладней, газам). Але ехаць у Маскву (ці Сочы) з пустымі рукамі, бяз зброі ня мае сэнсу, бо размажуць па сьценцы. Таму ён вырашыў, што спачатку трэба нагнаць палітычнай вагі, набраць ачкі, каб не выглядаць перад вачыма крамлёўскіх слабым. А адзіны сродак у цяперашняй сытуацыі, каб паказаць сілу, набыць інструмэнт шантажу, — гэта атрымаць сымбалічную падтрымку Захаду або хоць пагрозу такой падтрымкі.

Адсюль ліхаманкавы палітычны паварот да “дыпляматычнай лібэралізацыі”. Тут і вызваленьне чатырох палітвязьняў, і адмова ад намеру ліквідаваць ПКБ. Таго ж Фінькевіча гэтаксама раптоўна і дэманстратыўна вызвалілі, як і пасадзілі.

Але самы заўважны крок у гэтым кірунку — гэта сустрэча Лукашэнкі зь нямецкім амбасадарам Вайсам. Сам факт прыёму кіраўніком дзяржавы замежнага амбасадара, калі толькі гэта не пачатак і не канец дыпляматычнай працы апошняга, незвычайны. Ня царская гэта справа. Нават міністар замежных спраў сустракаецца з замежным амбасадарам рэдка, для гэтага павінна быць сур’ёзная нагода. Цяжка ўзгадаць, ці быў увогуле ў часы кіраваньня Лукашэнкі такі выпадак, каб ён прымаў амбасадара ў сярэдзіне ягонай дыпляматычнай місіі. Але тэрміновая патрэба прымусіла не зьвяртаць увагі на фармальны бок справы. І няважна, пра што гаварылі суразмоўцы, няхай сабе пра надвор’е, футбол ці жанчын. Нашмат важнейшы сам факт сустрэчы. Гэты сыгнал добра зразумелі і на Захадзе, і ў Маскве.

Толькі пасьля гэтага Лукашэнка паляцеў у Сочы. Паказальна, што на сустрэчу зь ім Пуцін запрасіў групу падтрымкі ў асобе кронпрынца Мядзьведзева і прэм’ера Зубкова, каб “гуртам бацьку біць”. Сэнс гэтай падтрымкі быў наступны: ня варта спадзявацца, што з заканчэньнем паўнамоцтваў цяперашняга расейскага прэзыдэнта дадзеныя яму абяцаньні трацяць сілу.

Але, вярнуўшыся з Сочы, Лукашэнка працягвае палітыку “дыпляматычнай лібэралізацыі”. Гэта азначае, па-першае, што сочынскія перамовы скончыліся ня мірам, а толькі перамір’ем, баявыя дзеяньні могуць аднавіцца адразу пасьля траўня. А па-другое, Лукашэнка зноў абвясьціў замежнапалітычны тэндэр, запрашаючы Расею і Захад да новага раўнду геапалітычнага торгу.

Самае жахлівае ва ўсёй гэтай гульні тое, што гандаль ідзе людзьмі, палітычнымі вязьнямі. Яны сталі жывым таварам, закладнікамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Але ўсе ўдзельнікі гульні неяк выносяць гэта за дужкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG