Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнку Эўропа?


Чым можна патлумачыць нядаўнія спробы беларускіх уладаў зрабіць крокі насустрач Эўропе? Як далёка ў гэтым руху насустрач могуць пайсьці абодва бакі? Ці мае Расея пляны палітычнага паглынаньня Беларусі? Над гэтымі праблемамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць палітолягі Вячаслаў Пазьняк і Андрэй Фёдараў і ўкраінскі палітычны аналітык Віталь Портнікаў. Прапануем Вашай увазе поўны тэкст перадачы.


Дракахруст: Чым можна патлумачыць новыя спробы Менску наладзіць дыялёг з Захадам, з Эўропай? Тут варта прыгадаць нечаканую сустрэчу зь нямецкім паслом, вызваленьне Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, якіх Захад лічыць палітзьняволенымі і на вызваленьні якіх увесь час настойваў. Як паведаміў нашаму радыё нямецкі палітоляг Аляксандар Рар, бліжэйшым часам павінен адбыцца візыт міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ў Бэрлін, дзе яго чакаюць сустрэчы з кіраўніцтвам Нямеччыны. Чаму адбываецца такая зьмена дачыненьняў і чаму яна адбываецца менавіта цяпер?

Пасьля сьнежаньскай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна здавалася, што паміж Менскам і Масквой наступіў новы "мядовы месяц", цана на газ узьнялася нязначна, быў дадзены доўгачаканы велізарны крэдыт і паабяцаны яшчэ большы. Здавалася, што праект паляпшэньня дачыненьняў з Эўропай страціў для Менску ўсялякую цікавасьць. Уласна сам эўрапейскі праект афіцыйнага Менску ўзьнік у разгар вострага канфлікту з Расеяй наконт газавых і нафтавых цэнаў. Цяпер канфлікт, здаецца, вычарпаны, а разам зь ім, здавалася б, і эўрапейскі праект таксама. Але менавіта цяпер Беларусь робіць крокі насустрач Захаду, на якія не ішла ўвесь мінулы год палітычных заляцаньняў. Чаму? Андрэй Фёдараў, як Вы мяркуеце?
Калі яны даюць такія паблажкі ў эканоміцы, дык значыць, трэба нечым адплачваць, і гэта можа быць толькі ў палітыцы.



Андрэй Фёдараў
Фёдараў: Па-першае, я б прыгадаў, што ня ўвесь мінулы год беларускае кіраўніцтва адмаўлялася ад такіх крокаў, можна прыгадаць такое ж вызваленьне Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча ўвесну мінулага году. Гледзячы па тым, што ўсё гэта пачало адбывацца ці напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, Мядзьведзевым і Зубковым, альбо адразу пасьля яе, падказвае, што менавіта гэтая сустрэча і тое, што ёй папярэднічала, і ёсьць галоўная прычына такіх дзеяньняў.

Хадзілі чуткі – падкрэсьліваю, што гэта пакуль на ўзроўні чутак – што з Масквы адбываецца нейкі ціск. Прычым гэта было яшчэ да паездкі Лукашэнкі ў Сочы. Які ціск можа адбывацца – калі яны даюць такія паблажкі ў эканоміцы, дык, значыць, трэба нечым адплачваць, і гэта можа быць толькі ў палітыцы. Што можа быць у палітыцы? Ну, хутчэй за ўсё гэта паглыбленьне інтэграцыі. Бо ўсё астатняе – прагнозы наконт адказу Злучаным Штатам на іх супрацьракетную абарону ў Польшчы і Чэхіі – на мой погляд, крытыкі не вытрымліваюць, бо ў Маскве выдатна разумеюць, што нічым гэта ім не пагражае і ўсё гэта толькі перадвыбарчы піяр.

Дракахруст: Віталь Портнікаў, а як бы Вы маглі патлумачыць гэтую загадку, што беларускае кіраўніцтва актывізавала рэалізацыю менавіта таго праекту, які нібыта павінен быў бы стаць для яго нецікавым?

Віталь Портнікаў
Портнікаў: Мне здаецца, што гэта як раз дастаткова лягічна. Аляксандар Лукашэнка цяпер ня можа быць упэўнены ў тым, што тыя дамоўленасьці, якія дасягнутыя з Уладзімерам Пуціным, доўгачасовыя, і што той клімат у беларуска-расейскіх дачыненьнях, які ўсталяваўся ў апошнія месяцы, захаваецца.

Насамрэч таму, што цяпер у самой Расеі ніхто ня ведае на 100%, як будуць складацца ўладныя дачыненні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Можа, усё застанецца як цяпер, Уладзімер Пуцін стане прэм'ер-міністрам і будзе рэальна кіраваць краінай, а прэзыдэнт будзе постацьцю для прыёму даверчых лістоў.

А можа, і таго таксама ніхто ня выключае, самая моц пасады прэзыдэнта будзе такой, што рэальным кіраўніком дзяржавы за кароткі час стане Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімер Пуцін так ці інакш, як чалавек, які ня мае рэальных рычагоў улады, адыйдзе ў цень.

А якой будзе палітыка Дзьмітрыя Мядзьведзева на постсавецкай прасторы – гэта таксама пытаньне, якое цяпер задае сабе ня толькі Аляксандар Лукашэнка. Мы чулі, як Іслам Карымаў падчас свайго нядаўняга знаходжаньня ў Расеі адкрыта выказаў неразуменьне, чаму Ўладзімер Пуцін не пайшоў на наступныя прэзыдэнцкія выбары. Карымаў сказаў, што яму прыкра з гэтай нагоды.

У такой сытуацыі Лукашэнка намагаецца "частку грошай пакласьці ў іншы банк".
Калі за месяц да выбараў пра гэта так адкрыта гаворыць кіраўнік іншай дзяржавы, гэта гаворыць не пра тое, што ён неяк павязаны з кантэкстам расейскай палітыкі, а пра тое, што ён баіцца за свае ўласныя дачыненьні з Крамлём. А Аляксандар Лукашэнка значна больш сур'ёзна павязаны з Крамлём, чым Іслам Карымаў, ён разумее, якімі будуць наступствы таго, калі гэтыя дачыненьні будуць сапсаваныя, калі спадару Мядзьведзеву ня будзе патрэбны той вялікі міт пра саюзную дзяржаву так, як ён быў патрэбны Ельцыну і нават Пуціну, калі расейскі кіраўнік будзе заняты іншай міталёгіяй, у межах якой Беларусь будзе проста нецікавая.

Калі так адбудзецца, то Аляксандар Лукашэнка рызыкуе, па-першае, эканамічнай стабільнасьцю ў сваёй краіне, па-другое, сваёй ўладай, па-трэцяе, сваёй роляй такога эканамічнага пасярэдніка, словам, усім, з чым зьвязаны міт аб Беларусі, як сябра Расеі.

Натуральна, што ў такой сытуацыі Лукашэнка намагаецца па меншай меры "частку грошай пакласьці ў іншы банк". А той "банк" знаходзіцца ў Эўропе".

Дракахруст: Вячаслаў Пазьняк, а якое Вашае рашэньне гэтай загадкі? Чаму цяпер гэты эўрапейскі праект набыў новае жыцьцё?

Вячяслаў Пазьняк
Пазьняк: Адзін разумны чалавек сказаў калісьці, што зьмены – гэта спасьціжэньне нязьменнага. У цяперашніх зьменах дачыненьняў Менску з ЭЗ і Расеяй мы можам убачыць як канстанты, так і зьмены рэгіянальнага кантэксту. Для Эўразьвязу і для Нямеччыны ў прыватнасьці гэта – камфартызацыя свайго асяродзьдзя, прасоўваньне сваёй палітыкі добрасуседзтва. Эўразьвяз непакоіць стабільнасьць паставак энэрганосьбітаў і іх дывэрсыфікацыя, правілы гульні ў гэтай сфэры як на эўрапейскай гэтак і на ўсясьветнай прасторы.

Для Менску канстанта на працягу ўжо многіх гадоў – гэта выхад з палітычнай і эканамічнай ізаляцыі ад Захаду, у якую ён сам сябе і завёў.

Працяг ізаляцыі, апроч таго што непрыемна і раніць годнасьць, перашкаджае і цалкам канкрэтна і чым далей, тым будзе перашкаджаць больш. Асабліва гэта адчувальна ў эканоміцы. Што ж зьмянілася? Пакуль рэальных зьменаў дачыненьняў па восі Менск-Бэрлін-Брусэль не назіраецца. Зьявіліся толькі некаторым магчымасьці. Для Менску яны бачацца ў тым, што Бэрлін у пэрспэктыве будзе займаць менш крытычную і больш прагматычную пазыцыю адносна Беларусі. Кошт энэрганосьбітаў мае тэндэнцыю да росту. Гэта ўжо велізарны цяжар для беларускай эканомікі, і неабходны пераход на энэргаёмістыя тэхналёгіі. А гэта запатрабуе маштабнага тэхналягічнага пераўзбраеньня.

Эўрапейскі праект афіцыйнага Менску – гэта яшчэ адна канстанта. Можна прыгадаць, што падобны праект разглядаўся яшчэ ў 1994 годзе ў першыя месяцы першага прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Мы ведаем, што ён быў адкінуты на карысьць інтэграцыі з Расеяй. Але потым эўрапейскі праект рэанімаваўся кожны раз, калі ўскладняліся дачыненьні з Расеяй. Рабілася гэта пераважна ў прапагандысцкіх мэтах, каб пераканаць Маскву ў каштоўнасьці адзінага саюзьніка на заходнім накірунку.

Можна прыгадаць і іншы паводле характару прэцэдэнт. У 2002 годзе, у пэрыяд пацяпленьня дачыненьняў Расеі з Захадам, калі абмяркоўвалася нават магчымасьць уступленьня Расеі ў ЭЗ і НАТА, на пасяджэньні беларускай Рады бясьпекі была агучаная задача нармалізацыі дачыненьняў з Захадам.

Цяпер, у адрозьненьне ад ранейшых эпізодаў, назіраецца нешта новае. Цалкам магчыма, што гэта вынік досьведу мінулага году і прагнозаў будучых тэндэнцый у сьвеце, у Эўропе, у Расеі і ў самой Беларусі.

Дракахруст: Зараз я хацеў бы вярнуцца да той вэрсіі, якую выклаў Андрэй Фёдараў. Сапраўды, яшчэ напярэдадні сьнежаньскай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна хадзілі ўпартыя чуткі, што на ёй будзе абвешчаны амбіцыйны інтэграцыйны праект. Гэтага не адбылося.
Сёньня казаць пра тое, што ў Расеі думаюць пра аб'яднаньне – гэта не ўсьведамляць, якая рэальнасьць складаецца цяпер у гэтай краіне.
Днямі адбылася нечаканая сустрэча ў Сочы Лукашэнкі з Пуціным, Мядзьведзевым і Зубковым. На наступны дзень калі Лукашэнка прыляцеў з Сочы, дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА распаўсюдзіла вынікі апытаньня, праведзенага прэзыдэнцкім дасьледным цэнтрам. Паводле гэтага апытаньня, беларусы зусім ня схільныя да аб'яднаньня з усходнім суседам. Ці ня стаў гэты інфармацыйны “выкід” адказам на нейкія інтэграцыйныя прапановы Масквы? На Ваш погляд, на якім месцы ў расейскім палітычным парадку дня знаходзіцца пытаньне палітычнага аб'яднаньня зь Беларусьсю, калі яно там наагул ёсьць? Віталь, які Ваш адказ?

Портнікаў: Мне здаецца, што сёньня наагул казаць пра тое, што ў Расеі думаюць пра аб'яднаньне з кімсьці – гэта не ўсьведамляць, якая палітычная рэальнасьць складаецца цяпер у гэтай краіне.

Гэта вырашэньне самай складанай праблемы – праблемы перадачы ўлады, праблема, як будзе функцыянаваць сыстэма ўлады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта самая складаная задача за ўсю найноўшую гісторыю Расеі.

Мядзьведзеў выступае як прадстаўнік "сямейнага" клану , клан "сілавікоў" энэргічна змагаецца з гэтым выбарам, і мы зьяўляемся сьведкамі "ціхай вайны" паміж крамлёўскімі і калякрамлёўскімі групоўкамі за будучы кантроль за фінансавымі патокамі, і невядома, які будзе вынік гэтага змаганьня. Гэта першае. Адна з галоўных задачаў расейскай улады – гэта падтрыманьне рэгіянальнай стабільнасьці, асабліва ў момант, калі адбываецца пераход улады да новых людзей. І хто з гэтых людзей будзе кантраляваць рэгіёны – абсалютна невядома. І гэта другая праблема.

Мы разумеем, што глябальны эканамічны крызыс, які цяпер адбываецца на заходніх рынках, як правіла, праз 3-6 месяцаў даходзіць да постсавецкай прасторы, да Расеі і ўжо летам мы будзем сьведкамі сур'ёзных праблемаў у гэтай краіне з банкаўскай сфэрай, з іпатэкай, з крэдытам і г.д. Гэта трэцяя праблема.

Наступны крызыс – гэта крызыс ідэалягічнай абслугі. Мы бачым, што цяпер ліквідуецца ўвесь апарат прапаганды, які быў патрэбны расейскай уладзе апошнія гады, ліквідуецца рух "Нашы", з расейскага ТБ зьнікае Глеб Паўлоўскі, расфармоўваюцца ідэалягічныя рэдакцыі, якія былі зьвязаныя зь дзейнасьцю пэўных паліталягічных цэнтраў. І гэта чацьвёртае.

Пятае – гэта праблема зьнешняй палітыкі. Яе таксама давядзецца вырашаць, бо ў сытуацыі зьмены ўлады абсалютна незразумела, як будуць будавацца дачыненьні з Захадам.

А цяпер Вы, Юры, самі мне скажыце – дзе тут Беларусь і на якім яна месцы?

Дракахруст: Віталь, я з Вашага дазволу пераадрасую Вашае пытаньне Вячаславу Пазьняку.

Пазьняк: Я больш схільны меркаваць, што дакладнай стратэгіі з боку Масквы як не было, так і няма. Больш таго, у цяперашняй сытуацыі адбываецца ў большай ступені палітыка-дыпляматычная гульня ў тым сэнсе, што адбываецца задаваньне сытуацыі, меркаваньняў. І сустрэчу Лукашэнкі з расейскім кіраўніцтвам варта разглядаць ня столькі як спробу Крамля зрабіць ціск на Лукашэнку, колькі высьветліць ягоныя настроі і далейшыя намеры. Хутчэй за ўсё, калі пытаньне аб ягоных інтэграцыйных чаканьнях і плянах і ставілася, то ў самай агульнай форме. А ўскосным адказам стала абнародаваньне вынікаў апытаньня. Пакуль Менск не гатовы да радыкальных дзеяньняў у гэтым накірунку і хоча пакінуць за сабой свабоду дзеяньняў, абмяжоўваючыся тым, што ёсьць на сёньняшні дзень.

Дракахруст: Андрэй, як Вы чулі, абодва нашых калегаў у той ці іншай ступені выказалі нязгоду з Вашай вэрсіяй. Вам слова для адказу.

Фёдараў: Я магу пагадзіцца і з адным і з другім, але з пэўнымі карэктывамі. Па-першае, я цалкам згодны са спадаром Портнікавым, што для Масквы гэта зараз далёка ня першы нумар на парадку дня – аб'яднаньне з Беларусьсю і наагул адносіны з Беларусьсю, што там зараз хапае сваіх праблемаў.
Ня трэба блытаць дзяржаўныя інтарэсы, інтарэсы ўсёй эліты (хаця яны там вельмі розныя) і пакідаць па-за ўвагай прыватныя інтарэсы Пуціна.


Але, на мой погляд, ня трэба блытаць дзяржаўныя інтарэсы, інтарэсы ўсёй эліты (хаця яны там вельмі розныя) і пакідаць па-за ўвагай прыватныя інтарэсы спадара Пуціна. Уявіце сябе, чалавек быў 8 гадоў быў кіраўніком дзяржавы, якая зараз імкнецца стаць супэрдзяржавай. Пасьля гэтага ён робіцца прэм’ер-міністрам, Канстытуцыю ён не мяняе, пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў не адбываецца. Хіба ў яго не застанецца пачуцьця, што ён нешта губляе? А тут яму з розных бакоў прапаноўваецца варыянт, пры якім ён публічна захоўвае за сабой больш высокую пасаду, фармальна больш высокую, чым нават прэзыдэнт Расеі, хаця на практыцы гэта напэўна будзе ня так.

Ну добра, Беларусь проста жадае палепшыць адносіны з Захадам, з-за гэтага тут выпускаюцца палітзьняволеныя, Мартынаў нібыта едзе ў Бэрлін. Але прабачце, Захаду непатрэбныя вынікі сацыялягічнага апытаньня, якое было зробленае прэзыдэнцкай службай. Захаду цікава, што Менск робіць у галіне дэмакратызацыі і паляпшэньня становішча з правамі чалавека. Тое, што літаральна на наступны дзень пасьля сочынскай сустрэчы былі надрукаваныя гэтыя вынікі апытаньня, сьведчыць, што ціск на Беларусь рабіўся. Я не кажу , што гэта быў ціск кшталту – сёньня альбо ніколі, гэта можа адбыцца праз паўгода, Пуцін пабудзе прэм’ер-міністрам, а потым адбудзецца рэфэрэндум.

Заўважце, што і Чаргінец нядаўна заявіў, што сёлета можа быць прыняты канстытуцыйны акт, той самы Чаргінец, які летась усяляк абвяргаў такую магчымасьць.
Я прапаную раз і назаўжды забыць пра аб'яднаньне Расеі і Беларусі, не казаць пра гэта нават прыватна сваім дзецям, я ўжо не кажу пра слухачоў і гледачоў.


Портнікаў: "Я наагул не разумею, навошта так складана, калі можна проста. Па-першае, мы ня ведаем, ці сапраўды Ўладзімір Пуцін будзе прэм’ер-міністрам Расейскай Фэдэрацыі. Трэба яшчэ пачакаць выбараў.

Па-другое, калі Ўладзімір Пуцін сапраўды такая самастойная постаць, якая хоча ўлады, якая хоча, каб яна кіравала вялікай дзяржавай, а не была чалавекам, які адказвае за пэўны ўчастак працы, на які яго паставіў той клян, якому Ўладзімір Пуцін абавязаны сваёй ўладай. Чаму ўсе забылі, што ў адрозьненьні ад Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімір Пуцін ніводнага дня не змагаўся за ўладу, а стаў прэзыдэнтам толькі таму, што ягонае імя назваў Барыс Ельцын. І таму ён і зараз ня будзе змагацца за ўладу.

Але калі так сапраўды было, чаму нельга было зьмяніць Канстытуцыю РФ і балятавацца на трэці тэрмін, як тое зрабілі многія з цэнтральнаазіяцкіх прэзыдэнтаў і Аляксандар Лукашэнка? Навошта трэба прыдумляць нейкі канстытуцыйны акт, нейкую зьмену дзяржаўнай пабудовы Расеі, дапускаць Лукашэнку да пасады віцэ-прэзыдэнта саюзнай дзяржавы, займаць незразумелую пасаду зь незразумелымі паўнамоцтвамі, калі можна проста быць прэзыдэнтам РФ?

Ну нават калі Ўладзіміру Пуціну не спадабаецца быць прэм’ер-міністрам Расеі і ён будзе сядзець і мроіць пра пасаду прэзыдэнта Расеі, і калі кланы расейскія будуць хацець, каб прэзыдэнтам быў ён, а не Мядзьведзеў – ну дык праз паўгады Мядзьведзеў выступіць па тэлебачаньні, скажа:" Шаноўныя грамадзяне, я зразумеў, што прэзыдэнтам павінен быць наш любімы Ўладзімір Уладзіміравіч", ідзе ў адстаўку, прэм’ер Пуцін робіцца выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, абвяшчае абсалютна легітымныя выбары і абіраецца прэзыдэнтам Расеі. Вось і ўся гісторыя.

Пуцін – ізноў прэзыдэнт без ніякіх лукашэнак, канстытуцыйных актаў і аб'яднаньняў зь Беларусьсю.

Я наагул прапаную беларускім калегам раз і назаўжды забыць пра аб'яднаньне Расеі і Беларусі, не казаць пра гэта нават прыватна сваім дзецям, я ўжо не кажу пра слухачоў і гледачоў. Аб'яднаньня Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі ня будзе ніколі”.

Дракахруст: "І напрыканцы я прапаную пагаварыць пра тое, з чаго мы пачалі – пра эўрапейскі праект. Як далёка ў гэтым гатовыя пайсьці бакі? Размова ж не ідзе пра тое, што Беларусь прымуць у Эўразьвяз. Ідзе размова ў самым лепшым выпадку пра паляпшэньне адносінаў. А ў чым рэальна гэтае паляпшэньне можа палягаць?"
Адмыслова стваралася напружаная сытуацыя зь перасьледам палітычных актывістаў, каб потым іх вызваліць, але па сутнасьці абмежавацца толькі гэтым.


Пазьняк: "У пляне вырашэньня энэргетычных праблем, для Менску вельмі актуальных, інтарэс беларускага боку палягае ў тым, каб супрацоўнічаць з Эўразьвязам як у тэхнічнай галіне, гэтак і ў праўнай. Мы ведаем, што пачатковыя тэхнічныя кансультацыі ўжо адбыліся напрыканцы 2007 году, чакаўся іх працяг. Відавочна, што гэтая паўза зроблена для таго, каб можна было пераканацца, што пазытыўная палітычная дынаміка паміж бакамі існуе.

Што тычыцца энэргасфэры, што Менск праз паляпшэньне адносінаў з Бэрлінам і Эўразьвязам у цэлым спадзяецца пры іх дапамозе ўзьдзейнічаць на Маскву, каб захаваць і нарошчваць транзыт энэргарэсурсаў у Эўропу празь беларускую тэрыторыю. Гледзячы па крытыцы Менскам праекту газаправоду "Паўночны паток" – гэта вельмі вострая тэма. Беларусі патрэбныя інвэстыцыі, у тым ліку і з Эўразьвязу, шмат інвэстыцый для тэхналягічнай мадэрнізацыі, для дасягненьня эканамічнай устойлівасьці патрэбныя перадавыя тэхналёгіі. Але без палітычных карэкціровак атрымаць іх немагчыма.

Акрамя таго, інтарэс Менску – і ў пашырэньні гандлю з Эўразьвязам. Мы ведаем, што ягоная доля ў зьнешнегандлёвым абароце Беларусі ўжо ўражвае. Адпаведна пачынае складвацца пэўная эканамічная залежнасьць Беларусі. На думку Менску, гэтая залежнасьць не павінна спалучацца зь неспрыяльнай палітычнай каньюнктурай, санкцыямі эканамічнымі і палітычнымі.

Хаця санкцыі па выключэньню Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый ЭЗ і не былі катастрафічнымі, але яны паказалі, што эканамічныя адносіны ў значнай ступені залежаць ад палітычных.

Менску патрэбная пазытыўная стабільнасьць, бяз санкцый, бяз вострай крытыкі на свой адрас, шмат інвэстыцый, шмат перадавых тэхналёгіяў, і ў пэрспэктыве – адкрыцьцё ўнутранага рынку Эўропы. Эўразьвязу, са свайго боку, патрэбная пазытыўная стабільнасьць больш шырокага пляну, якая ўключае і дэмакратычныя рэформы, і гарантыі бясьпечнага транзыту энэргарэсурсаў. Асаблівы акцэнт робіцца на радыкальнае паляпшэньне становішча з правамі чалавека.

Абодвум бакам патрабуюцца новыя ўмовы для супрацоўніцтва. Плата, калі ставіць пытаньне такім чынам, Эўразьвязам даўно вызначаная і вядомая – гэта значныя сродкі, якія можа атрымаць Беларусь у межах палітыкі добрасуседзтва. Што тычыцца Беларусі, то можна ня надта рызыкаваць памыліцца, сказаўшы, што Менск разьлічвае абысьціся мінімальнымі саступкамі са свайго боку.

Цікавае меркаваньне выказваюць некаторыя беларускія палітыкі: паводле іх, у апошнія месяцы афіцыйны Менск ствараў свайго роду лінію абароны на дальніх подступах, адмыслова стваралася напружаная сытуацыя зь перасьледам палітычных актывістаў апазыцыянэраў, каб потым можна было іх вызваліць, прадэманстраваць жаданьне лібэралізаваць абстаноўку, але па сутнасьці абмежавацца толькі гэтым і не ісьці на радыкальныя зьмены ў сфэры свабоды друку і зьменаў выбарчага заканадаўства".

Фёдараў: "Я не зусім згодны з калегам Пазьняком. Інвэстыцыі, безумоўна, патрэбныя, але гэта справа ня столькі дзяржаўная, колькі прыватная. У Кітаі становішча з правамі чалавека, на мой погляд, яшчэ горшае, чым у Беларусі, але інвэстыцыі туды ідуць такім патокам, што кітайцы ўжо ня ведаюць, што зь імі рабіць. Калі б у Беларусі былі адпаведныя эканамічныя ўмовы, то не спыніла б прыватны бізнэс тое палітычнае становішча, якое тут ёсьць.
У Кітаі становішча з правамі чалавека яшчэ горшае, але інвэстыцыі туды ідуць такім патокам, што кітайцы ўжо ня ведаюць, што зь імі рабіць.


Мяркую, што плянаваны візыт Мартынава ў Бэрлін, на які Вы, Юры, спасылаліся – гэта як быццам дэманстрацыя беларускаму насельніцтву, што паляпшаюцца адносіны з Нямеччынай, і адначасова спроба праз Бэрлін націснуць на іншых сябраў Эўразьвязу, маўляў, немцы на гэта ідуць, – можа, і вы пойдзеце. Тым ня менш, заходзячы з таго, што ў ЭЗ рашэньні прымаюцца альбо кансэнсусам, альбо вялікай большасьцю, я ня думаю, што адносінамі з асобнымі краінамі, нават такімі магутнымі, як Нямеччына, беларускае кіраўніцтва здолее зьмяніць стаўленьне Эўразьвязу ў цэлым да Беларусі.

На што можа пайсьці Беларусь? Я згодны са спадаром Пазьняком, што, магчыма, адносна вызваленьня вязьняў тут і была такая тактыка – пасадзіць 10, а потым выпусьціць 9 і падаць гэта, як лібэралізацыю. Што да іншых умоваў, то ў мяне ёсьць вялікія сумневы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG