Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зробяць апазыцыю вінаватай у менскім тэракце?


Ускосна ўлада зрабіла яе вінаватай літаральна ў першыя гадзіны пасьля выбуху, калі Аляксандар Лукашэнка загадаў дапытаць у справе тэрактаў менавіта апазыцыянэраў. А ў пасланьні да народу і нацыянальнага сходу ён сказаў, што менавіта атмасфэра лібэралізацыі была адным з чыньнікаў тэракту. Але зь іншага баку, тады ж прэзыдэнт сказаў, што не атрымалася знайсьці ніякага крымінальнага ці палітычнага сьледу ў злачынстве.

Аднак ужо пасьля пасланьня ён заявіў, што "застаецца без адказу пытаньне пра саўдзельнікаў і замоўцаў, калі яны, вядома, ёсьць”. Формальна фраза бездакорная, у нармальных умовах нават і цалкам рацыянальная. Але ў скрыўленым сьвеце беларускай палітыкі і юстыцыі можа мець зусім іншы, злавесны сэнс.

На мінулым тыдні ў Менску была затрыманая група грамадзкіх дзеячоў і праваабаронцаў, на аднаго зь іх – праваабаронцу Паўла Левінава, быў складзены пратакол аб падазрэньні ў датычнасьці да тэракту. Праўда, адпаведнае абвінавачаньне выстаўленае не было, Левінаў і яго калегі былі асуджаныя на адміністрацыйны арышт па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве.

Аднак ні з чаго не вынікае, што справа аб датычнасьці праваабаронцы да тэрору не ўсплыве падчас ці пасьля яго арышту.

Бо праглядаецца аднолькавы почырк. У ноч з суботы на нядзелю ў Гомелі быў затрыманы Алесь Каліта, сакратар управы партыі БНФ. Алесь служыў у той жа вайсковай частцы пад Лепелем, што і меркаваны выканаўца тэракту ў менскім мэтро. Асуджаны да адміністрацыйнага арышту па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве – бруднай лаянцы.

Нарэшце, на мінулым тыдні ў Смаргоні быў дапытаны ў справе тэракту ў мэтро сябра «Моладзі БНФ» Уладзімер Шульжыцкі. У яго дома канфіскавалі пнэўматычную зброю, але адпусьцілі. Аднак сёньня, калі ён прыехаў у Менск, ён быў затрыманы і паўстаў перад судом таксама па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве.

Можа, гэта проста звычайная падступная практыка цкаваньня апазыцыі, каб не забывалі, у якой краіне жывуць. Урэшце па справе выбуху 2008 году затрымлівалі шмат людзей, у тым ліку і апазыцыянэраў, але абвінавачаньне нікому выстаўленае не было. Але можа быць і інакш, і тут варта зьвярнуць увагу на словы прэзыдэнта пра замоўцаў.

Бо калі размова ідзе пра выканаўца ці выканаўцаў, то па ідэі павінна быць хоць нейкая аб'ектыўная фактура: адбіткі пальцаў, запісы відэакамэр у мэтро, выбуховыя прыстасаваньні і г.д. А чаму, напрыклад, не пафантазіраваць, што Алесь Каліта, пазнаёміўшыся ў войску з меркаваным тэрарыстам, замовіў яму выбух? Ці ня мог жыхар Віцебску Павал Левінаў, сустрэўшыся з жыхаром таго ж гораду, «унікальным хімікам», падбіць яго на злачынства?
І тут ужо ня сьледзтва павінна даказваць віну, а падазраваны – сваю невінаватасьць.

Трызьненьне? Хацелася б спадзявацца. Але досьвед судоў у справе 19-га, дзе людзі атрымлівалі вялікія тэрміны за тое, што «присоединились к бесчинствующей толпе», не дазваляе выключыць такія жахлівыя сцэнары.

Ці зробяць апазыцыю вінаватай у менскім тэракце?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:15 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG