Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Шульжыцкім правялі сьледчыя дзеяньні і адпусьцілі


Уладзімер Шульжыцкі
Уладзімер Шульжыцкі
Сьледчыя дзеяньні зь сябрам «Моладзі БНФ» Уладзімерам Шульжыцкім праводзілі супрацоўнікі КДБ у Маладэчне. На кватэры, дзе ён жыў, зрабілі ператрус.

Уладзімера Шульжыцкага яшчэ 20 красавіка дапыталі ў пракуратуры Смаргоні ў справе тэракту ў Менску. А днём раней ў ягонай кватэры канфіскавалі дзьве пнэўматычныя стрэльбы і пнэўматычны пісталет.

Пасьля размовы ў пракуратуры пачаўся допыт у КДБ. І таксама ў справе тэракту. Але сам Шульжыцкі кажа, што ня можа распавесьці падрабязнасьці, бо даў падпіску пра неразгалошваньне.

Шульжыцкі: «Пыталіся адносна маёй старонкі ў інтэрнэце, былі таксама пытаньні іншага аспэкту, якія датычаць выбуху ў метро, але пра большае я гаварыць не магу».

Што датычыць старонкі ў інтэрнэце, то яшчэ ў пракуратуры Ўладзімер Шульжыцкі тлумачыў сьледчым паходжаньне здымкаў, якія зацікавілі сьледзтва — на іх ён пазіруе са зброяй часоў Другой усясьветнай вайны. Гэтыя здымкі Шульжыцкі зрабіў у час, калі здымаўся ў кіно.

Сёньня яго вывозілі на сьледчыя дзеяньні ў Маладэчна, дзе ён апошнім часам працуе і жыве.

Шульжыцкі: «Пры мне там правялі ператрус на партыйным офісе, бо я там жыў, праўда, усяго тры дні. Канфіскавалі літаратуру, дыскі. Я даў тлумачэньні, а па канфіскаванай у мяне зброі і ноўтбуку будуць праводзіць экспэртызы, пра астатняе я казаць не магу».

Смаргонскі праваабаронца, Алесь Дзергачоў, зьдзіўлены тым, што Шульжыцкага дапытвалі ў справе тэракту ў Менску, паколькі ўжо неаднойчы было заяўлена, што вінаватыя затрыманыя.

Дзергачоў: «У прынцыпе матывы іх зразумелыя, хаця і ім вядома, што ён ніякага дачыненьня да выбуху ня мае. Ну а тое, што чалавек выставіў у інтэрнэце нейкія ўласныя здымкі і з-за гэтага рабіць праверкі — несур’ёзна. Зрэшты, гэта парушэньне яго свабоды на распаўсюд інфармацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG