Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень трагедыі ў менскім мэтрапалітэне


Тыдзень таму, 11 красавіка, на станцыі «Кастрычніцкая» менскага мэтрапалітэну адбыўся выбух, ахвярамі якога сталі 13 чалавек, яшчэ больш за 200 атрымалі фізычныя і псыхалягічныя траўмы. Два дзясяткі пацярпелых дагэтуль застаюцца ў цяжкім стане. Выканаўцаў тэракту, як запэўніваюць улады, затрымалі, іх чакае пакараньне. Але як хутка загояцца раны трагедыі?

Аляксандар Лукашэнка, абвясьціўшы 13 красавіка пра затрыманьне падазраваных, прызнаў: пры выбуху людзі спадзяваліся перадусім на сябе:

«Паглядзіце на дзеяньні людзей падчас гэтага злачынства. Ніякай панікі, адзін за аднаго, паранены сам, але нясе, як з поля бою, свайго таварыша, які проста апынуўся побач; у дыме і попеле ён ня бачыў ні твару, нічога. Але яны выносілі і ратавалі людзей. Падкрэсьліваю: самі знаходзячыся ў найскладанейшым становішчы. Гэта яшчэ адзін штрых да аблічча нашай нацыі».

І хоць выратавальныя службы прыклалі максымум намаганьняў, каб уратаваць пацярпелых, нельга не адзначыць тых, хто ня быў прадстаўлены да дзяржаўных узнагародаў, каму не паабяцалі вырашыць жыльлёвую праблему і хто застаўся ў цені.

Таксіст са шматгадовым стажам Мікалай Гладкоў кажа, што шмат хто зь ягоных калегаў увечары 11 красавіка добраахвотна развозіў пацярпелых ад выбуху. Ніякай адмысловай каманды наконт гэтага не паступала. Паводле Гладкова, нельга сказаць, што гэта было масава — бальшыні патрабавалася мэдычная дапамога, і іх развозілі на «хуткай» па шпіталях. Але сытуацыя, ягонымі словамі, палярна розьніцца ад Расеі, дзе падчас надзвычайных здарэньняў шмат хто намагаецца зарабіць, заломваючы за падвоз трайныя кошты:

Калі хтосьці з тварам акрываўленым падыходзіў і прасіў адвезьці дадому, я думаю, не адмовіў ніхто.
«Калі хтосьці з тварам акрываўленым падыходзіў і прасіў адвезьці дадому, я думаю, не адмовіў ніхто. Я не кажу, што яны вазілі кагосьці ў Віцебск ці ў Смаленск, але з цэнтру гораду на ўскраіну маглі адвезьці без праблемаў. Таму для Беларусі такая сытуацыя цалкам рэальная і цалкам характэрная, што і паказаў досьвед. Дарэчы, падобныя выпадкі — у нашмат спакайнейшай сытуацыі — былі і ў маёй практыцы. Насамрэч здаралася такое, што падыходзіць чалавек, просіць — вельмі трэба ў нейкае месца, а грошай няма. І нават не абавязкова быць у крыві. Выпадкі бываюць абсалютна розныя».

Псыхоляг Дыяна Комлач цяпер дапамагае тым, хто трапіў у складаную псыхалягічную сытуацыю. Прычым грунтуецца на ўласным досьведзе, бо сама апынулася ў ролі пацярпелай — прынамсі, маральна:

«…Спачатку самой з гэтым усім справіцца. Увогуле па сабе назіраю, якія я праходжу фазы, этапы; што адбываецца пасьля шоку, адрэналіну. То бок спачатку ідзе адрэналін, а потым, наадварот, апускаесься ў стан, блізкі да нуды, самоты, бліжэй да дэпрэсіі. Раніцай 12-га, прыкладам, прачнулася, сядзела і плакала; хацелася схавацца ў якое-небудзь месца, каб ніхто ня чуў, ня бачыў. І гэта таксама нармальна. Тут увогуле галоўнае, каб чалавек быў адкрыты гэтым пачуцьцям, каб ён не заціскаў іх у сабе, ні ў якім разе не адварочваўся ад сваіх блізкіх і не перажываў іх у адзіноце.
Тут увогуле галоўнае, каб чалавек быў адкрыты гэтым пачуцьцям, каб ён не заціскаў іх у сабе, ні ў якім разе не адварочваўся ад сваіх блізкіх і не перажываў іх у адзіноце.
Абавязкова трэба мець плячо, на якім можна і паплакаць, і з кім можна пра ўсё гэта пагаварыць. Каб нехта проста быў побач, бо вельмі важны ў тым ліку фізычны кантакт, каб вярнуць чалавека да жыцьця».

Спадарыня Дыяна, як і многія пасажыры мэтро ўвечары 11 красавіка, гэты дзень успрымае неадназначна. Па-першае, наўрад ці ўдасца хутка пазбавіцца ад малюнку той трагедыі. Па-другое, дзякуе лёсу, што асабіста для яе ўсё скончылася, на дзіва, без асаблівых наступстваў:

«Мне вельмі моцна пашчасьціла, у мяне засталася толькі драпіна на калене. Я апынулася на дарозе да цэнтру выбуху, і, шчыра кажучы, літаральна хвіліна мяне ўратавала ад таго, каб туды дайсьці. Я была бліжэй да эскалятара, які выходзіць да Цэнтральнага ўнівэрсаму. То бок ужо пасьпела спусьціцца з эскалятара, які быў цалкам разбураны — там, дарэчы, мяне таксама нічым не парэзала, — але яшчэ не дайшла да самога месца, была на палове шляху. Таму ў гэтым сэнсе мне пашэнціла. Хоць вушы — так, у вушах зьвініць, кантузія, але, у прынцыпе, прэпараты прымаю, усё будзе добра. Таму мая парада — абавязкова людзям трэба да лекараў зьвяртацца. Дакладна гэтак жа, як і ў сэнсе псыхалягічнай дапамогі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG