Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці “гойсаюць” па Беларусі “сэксуальныя эксплюататары”?


Гісторыі аб прыгодах беларусаў на заробках у Расеі перасталі ўжо зьдзіўляць сваёй экстрэмальнасьцю. Але досьвед іншых мала ўражвае тых, у каго няма іншай альтэрнатывы, як паспрабаваць зарабіць больш за той мізэр, які яны маюць у Беларусі. Наш карэспандэнт пагаварыў з жанчынаю, якая, яе словамі, трапіла ў Маскве ў “сэксуальнае нявольніцтва”, а цяпер хаваецца ад былога сужыцеля: той абяцае зарэзаць ня толькі яе, але й дачку.


На Радыё Свабода патэлефанавала праваабаронца Кацярына Садоўская і расказала, што ў яе доме хаваецца 32-гадовая сваячка Натальля з 12-гадовай дачкой зь вёскі Вужанка Нясьвіскага раёну. На жанчыну “палюе” былы сужыцель-армянін. Двойчы пляменьніца ўцякала ад навязьлівага “казановы”, зь якім пазнаёмілася падчас працы ў Маскве, а цяпер ён абяцае “разабрацца:

“Мы зьвярнуліся ў органы МУС 11 студзеня, але яны ня робяць ніякіх захадаў. Той армянін ужо ўступіў у змову зь нясьвіскай міліцыяй, крычыць “падавай яму Наташку”, а яны бегаюць і шукаюць яму Наташку. Дагэтуль сілай яе чатыры месяцы ў Маскве ўтрымліваў, а пасьля яна ўцякла, дык вось ён прыехаў сюды. Пагражае ўсіх забіць, спусьціць без парашута з паверхаў і г.д. Трэба гэта перадаць па радыё: у Беларусі дзейнічае армянская злачынная групоўка, якая адлоўлівае жанчын для сэксуальнага нявольніцтва. А Навумаў езьдзіць па “заграніцах” і крычыць, што змагаецца са злачыннасьцю”.

Пацярпелыя: нам пагражаюць “усё адрэзаць”


Нам удалося пагаварыць з самой Натальляй Яўстаф’евай. Яна расказала, што, працуючы на будоўлі ў Маскве, пазнаёмілася з этнічным армянінам Аваджанам. Той паабяцаў падшукаць працу, якая лепш аплачваецца. Дзяўчына паверыла і сышла ад ранейшага працадаўца:

“Калі я звольнілася, ён прымусіў мяне жыць зь ім. Зьбіваў, вены рэзаў, пагражаў вушы адрэзаць. Чатыры месяцы гэта цягнулася, пакуль я не падманула яго – сказала, што дачку трэба тэрмінова пакласьці ў шпіталь. Я не вярнулася. А 26 сьнежня ён сам прыехаў у Беларусь: праслухоўваў тэлефонныя размовы, у прыбіральню сьледам хадзіў, кроку не магла ступіць. Потым у Кацярыны Пятроўны памёр муж, мы паехалі на пахаваньне, і ён мусіў зьехаць. Я перастала здымаць тэлефон, бо ён пагражаў забіць мяне, дачку зарэзаць: “Паадрэзваю пальцы і вушы, будзеш на памяць атрымліваць...” Дзіцё ў школу ня ходзіць, баімся, хаваемся. Заявы пакідалі і ў МУС, і ў пракуратуры, і ў Саўмін хадзіла, у расейскую амбасаду. Ніякага выніку”.

Натальля расказвае, што яе былы сябра ў суправаджэньні трох землякоў спрабаваў уварвацца ў дом: грукалі ў дзьверы і вокны, але, пабаяўшыся залішняй увагі, зьехалі. Натальля абураецца, што гэтыя факты ніяк ня ўзьдзейнічаюць на міліцыю. Такое ж стаўленьне было і дома ў Нясьвіскім раёне, куды ў апошнія дні 2007-га каўказцы прыехалі разам зь міліцыяй:

“Добра, што дачка пасьпела схавацца пад вешалкай у адзеньні. Міліцыянт стаяў на дзьвярах, а Аваджан бегаў і шукаў мяне па доме. У мамы здарыўся прыступ, а дачку ён дакладна забіў бы, бо лічыць яе вінаватай, што мы рассталіся. Гразіўся: маўляў, яе згвалчу, а потым паадразаю пальцы, вушы, сэрца дастану і, пакуль яшчэ будзе біцца, у рот засуну. Карацей, такія жахі! І такія пагрозы рэальныя. У свой час ён ваяваў, як ваявала Армэнія. І быў карнікам – палонным горла пераразаў, хваліўся гэтым неаднаразова”.

Міліцыя: інфармацыя пра закладнікаў моцна ўтрыраваная

Міліцыянты на расповеды, якія больш нагадваюць трылер, чым жыцьцёвыя рэаліі, рэагуюць стрымана. І нараканьні – чаму няма рэакцыі, калі на найвышэйшым узроўні абвешчана татальнае змаганьне з праявамі і фактамі сэксуальнай эксплюатацыі і гвалту, успрымаюць як недарэчны жарт.

Гутару зь дзяжурным ўпраўленьня ўнутраных справаў Першамайскага раёну сталіцы:

“Пагражаюць? Зразумела... Першы раз чую такую інфармацыю. Але ведаеце, калі будуць матэрыялы праверкі, то ўся гэтая інфармацыя ўсё роўна не належыць разгалошваньню. Гэта ідзе як канфідэнцыйная інфармацыя. Пасьля праверкі, калі хочаце, мы вас паінфармуем. Першасна рэагуе на сыгнал участковы, хто потым будзе займацца, нават ня ведаю”.

Учора стала вядома, што ўчастковы сустрэўся з кампаніяй Аваджана і прыгразіў: яшчэ раз убачу на сваёй тэрыторыі – нічога добрага не чакайце. А позна ўвечары Кацярына Садоўская паведаміла, што армяне прыехалі ў Вужанку, дзе да перадысьлякацыі ў Менск жыла й Натальля, і ўзялі ў закладнікі яе сястру з 6-гадовым дзіцем. Патрабаваньне – каб Яўстаф’ева вярнулася ў Маскву для “далейшай сэксуальнай эксплюатацыі”.

У дзяжурным аддзяленьні ўнутраных справаў Нясьвіскага раёну інфармацыі не пацьвердзілі:

“У прынцыпе, я такія пытаньні з вамі не павінен абмяркоўваць, але хачу адно сказаць: сытуацыя не такая, як яе абмалявалі. Усё вельмі утрыравана. Вось усё, што магу патлумачыць з гэтай нагоды. У любым выпадку там больш надуманага, чым папраўдзе. А інфармацыя пра закладнікаў ня мае ніякага пацьвярджэньня”.

Карэспандэнт: “То бок усё пад кантролем?”

“Вядома...”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG