Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікоў мадэльнага бізнэсу пакаралі турмой


Алег Грузьдзіловіч, Менск 23 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе закончыўся працэс над кіраўнікамі мадэльных агенцтваў Менску, Гомелю, Віцебску і Полацку.

Паводле суду, яны пастаўлялі беларускіх дзяўчат у багатыя краіны Ўсходу для занятку прастытуцыяй.

Разам асуджана дзесяць чалавек. Гэта былыя кіраўнікі агенцтваў “Зара”, “Грацыя”, “Мэдысон” ды іншых структураў мадэльнага бізнэсу, якія пакараныя на тэрмін ад 8 да 12 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці й выплатай вялікіх кампэнсацыяў пацярпелым.

Прыкладам, з асуджанай Кіры Атаевай, вінаватай у стварэньні злачыннай арганізацыі, суд пастанавіў спагнаць у бюджэт болей за 1 мільярд 800 мільёнаў рублёў.

Назіральнікі, аднак, адзначаюць, што працэс быў закрытым. Паводле заяваў некаторых абвінавачаных, пацярпелых ніхто не прымушаў займацца за мяжой прастытуцыяй.

Дзяўчат нібыта набіралі для эскорт-паслугаў заможным арабам, і прыгажуні запісваліся ў чэргі, каб атрымаць гэтую працу. Паводле сьледзтва, сярод пацярпелых былі й непаўналетнія.

Беларускія ўлады некалькі гадоў актыўна распрацоўваюць тэму гандлю людзьмі, што трапляюць у сэксуальнае нявольніцтва. Нядаўна ў ААН з ініцыятывы Беларусі прайшла міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная гэтай праблеме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG