Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І на чужы Сьвяты́ не кідáй у ніты́ …


(Пра кросны і талеранцыю)


Гадоў да 12 я рос, як бы цяпер сказалі, у шматэтнічнай вёсцы. Усе пісаліся беларусамі і гаварылі аднолькава па-нашаму, на полацка-ветранска-ушацка-празароцкай гаворцы, але ж звычаі і побытавая арыентаванасьць былі шмат у чым адрозныя. Адсюль, пэўна, пайшлі мясцовыя жартаўлівыя азначэньні ды прозьвішчы: латышы, шведы, зарачане, зарэцкая шляхта, гарадоцкія пасялкоўцы, ліцьвіны… Латышамі, шведамі ды зарэцкай шляхтай нас называлі прышлыя “зарачане”, што атабарыліся каля “ліцьвіноў”, паціху перасяліўшыся з расфармаванага вайсковага гарадка на лепшую вясковую зямлю. Называць нас так, праўда, было за што, бо імёны і прозьвішчы на нашым баку ракі былі “нянаськія”: Карл Бруквін, Альфрэд Шніткэ, Вальдэмар Шніткэ, Адольф Падзява, Якаў Фрыдрых, Марта Фрыдрых, Вольдат Кімстач … І цэлая сявенька “шляхтаў”: Барманскі, Жахоўскі, Шпілецкі, Садоўскі… Сярод “ліцьвіноў” былі Мароз, Глебка, Прыстаўка, Сіськевіч, Барэйка … Мая маці мела дзявоцкае прозьвішча Фрыдрых і была замужам за Садоўскім Вінцэнтам Казіміравічам, таму звалася Вінчыха, бо бацька быў Вінцэнты, або Вінка. Нярэдкімі гасьцямі былі ў нас габрэйскія дробныя гандляры зь недалёкіх вёсак і мястэчкаў Бабынічы, Празарокі, Шаньдзялы. Вось такое ВКЛ у мініятуры …

У загаловак я вынес нашу мясцовую прымаўку, якая вымаўлялася як рыфмаванка з націскамі на апошніх складах у словах “сьвяты́” і “ніты́”. “Сьвяты́” значыла тут “сьвятая асоба”. “На Сьвяты́” значыла: на Мікола, на Юр’я, на Язэп… Зь нітáмі складаней. Гэта -- тэрміналягічнае словазлучэньне. Калі “навівалі кросны”, то частка працэсу называлася “кідаць у ніты́” – злучаць ніткі петляў у кроснах для падыманьня “асновы” -- па чатыры, па 12, а то і па 16. Тады казалі: ткаць у 4, у 12, у 16 нітоў. У 16 нітоў магла ткаць ня кожная ткальля. Гэта ўжо было нешта накшталт стварэньня “шэдэўру”, які рабіў вучань у сярэдневечным цэху рамесьнікаў, каб атрымаць тытул майстра.

“Кіданьне ў ніты́” было самай складанай і карпатлівай справай, і рабіць гэта не было прынята на “крывыя вечары” ды сьвяты. Ня толькі на свае, але і на чужыя, асабліва суседзкія. Тут да звычак, перанятых яшчэ з паганства, прымешвалася вельмі прыгожая этыка суседзтва, што склалася ў нашай, падобна, здаўна шматэтнічнай і шматканфэсійнай мясцовасьці, якая знаходзілася ў полі “полацкага прыцягненьня”. Суседзі дакладна ведалі, хто што і калі сьвяткуе. Каталік Жахоўскі мог прынесьці на свой Вялікдзень праваслаўнаму Марозу на пачастунак кавалак свайго “сьвянцонага” пірага, а невядома якога вызнаньня Фрыдрых ня грэбаваў пачаставацца мацой ад Шмэркі Шаньдзялоўскага. На вялікае суседава сьвята стараліся не рабіць надта шумную працу, стукаць, грукаць, распачынаць вялікае мыцьцё, разьвешваць сушыць бялізну, паліць дымныя кастры … Наша маці была ня надта набожная, але нам заўсёды казала, каб менш бегалі “на сяло” да суседа, калі той трымаў пост. Вось ад маці і пачуў я прымаўку: “І на чужы Сьвяты́ не кідай у ніты́”. Калі хто-небудзь з праваслаўных ў “свой” пост весела бавіў час, тутэшыя без асаблівага зьдзеку маглі заўважыць, што ён “спраўляе нямецкую масьленіцу”.

Мне здаецца, каб цяпер была жывая мая маці, яна па-свойму на народнай мове рассудзіла б некаторых сучасных публічных ды духоўных асобаў. Журналісту, асужданаму за публікацыю карыкатураў на мусульманскага Прарока “з інфармацыйнымі мэтамі”, яна б сказала: “Сынок, а ты нічога не малюй, а проста ўсё словамі раскажы, чаго яны там у Эўропе сварацца. Можа, тут каму непрыемна будзе глядзець на тыя глумныя малюнкі…”

Пачуўшы пра тое, што ў Беларусі зьявіцца праваслаўнае радыё, мітрапаліту Філарэту і прэзыдэнту яна, магчыма, сказала б: “Уладыка ды прэзідэнт, давайце зробім царкоўнае радыё для ўсіх. У нас жа здаўна ўсякая вера жыла. Вунь і апостал Паўла з рымлянамі лагодна гаварыў. А то пасварыце людзей. Веру чалавек павінен сам выбраць… Калі Міхалкаў сын, той што з Масквы, кажа, што праваслаўе – гэта больш, чым рэлігія, то чаго вам баяцца?”.

Шмат чаго зь сёньняшняга штодня яна б магла ацаніць у кароткіх прымаўках. “Новым рускім бабкам”, бясполым травэстытам, якія праз расейскія каналы прыйшлі ў кожную беларускую хату, яна б параіла: Пабойся Бога, не глуміся са старога! Тым, што пацяшаючыся змагаюцца з п’янствам са сцэны, магчыма, ўзгадала б яшчэ адно наша выслоўе: На людзях з грэшніка глуміцца – чыстых у грэх зводзіць.

Пачуўшы, як наш рускамоўны прэзыдэнт публічна глуміцца з мовы сваёй маці, ужываючы беларускае слова толькі ў злосьці да іншадумцаў, яна, пэўна, толькі б разьвяла рукі і, схапіўшыся за скроні, прашаптала б: “А маё ты дзіцятка, ці ж быў у цябе бацька на радзінах?!”. Так шкадавалі ў нас самага няшчаснага і грэшнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG