Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларуская літаратура пераўтвараецца ў субкультурную"


Як можна ацаніць сёньня стан выдавецкай справы ў Беларусі? Чаму падаюць наклады беларускамоўных кніг? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар часопіса “Архэ” Валер Булгакаў.


Цыганкоў: “Якая дынаміка разьвіцьця беларускага кнігавыданьня за апошнія гады? Сытуацыя зьмянілася, пагоршылася, палепшылася?”

Булгакаў: “У Менску ёсьць 5—6 адносна буйных выдавецтваў, якія спэцыялізуюцца на выпуску беларускамоўнай літаратуры, і колькасьць тытулаў выдадзенай прадукцыі ў год можа сягаць 30—50 назваў. Дагэтуль таксама застаюцца дзяржаўныя выдавецтвы, якія знаходзяцца ў адным будынку з міністэрствам інфармацыі і паводле традыцыі выпускаюць літаратуру, прызначаную для школьнага ды іншага афіцыйнага ўжытку на беларускай мове.

Разам з тым гэтую сытуацыю нельга назваць паўнавартаснай, бо, паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі зарэгістравана 460 зь лішкам выдавецтваў, так што толькі 10 працэнтаў зь іх выдае прадукцыю на беларускай мове. Разам з тым апошнімі гадамі нарадзілася такая зьява, як непадцэнзурныя выданьні, якія ня ўлічваюцца Міністэрствам інфармацыі. Мяркую, што праз пэўны час дасьледчыкі цяперашняй культурнай сытуацыі ацэняць, наколькі сур’ёзным быў унёсак рынку гэтых непадцэнзурных беларускамоўных выданьняў у фармаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці ў беларускім грамадзтве”.

Цыганкоў: “Наколькі рэнтабэльная гэта справа — выдаваць беларускія кнігі?”

Булгакаў: “Тут характэрны прыклад — “Беларускі кнігазбор”, які пачынаў працаваць у другой палове 90—х гадоў з накладам 5—6 тысячаў асобнікаў. Цяпер гэты наклад зьніжаны да 1—1,5 тысячы асобнікаў, прычым такімі аб’ёмамі выходзяць творы клясыкаў беларускай літаратуры. Тое ж самае зь дзяржаўнымі выдавецтвамі. Першая два тамы твораў Якуба Коласа выдадзеныя накладам паўтары тысячы асобнікаў.

У гэтай сытуацыі бессэнсоўна гаварыць пра самаакупнасьць. Яна можа зьявіцца пры двух сцэнарах: альбо калі выдавецкая літаратура прызначаная для школьнага ўжытку, і шэраг камэрцыйных выдавецтваў акурат на гэтым спэцыялізуюцца, тады наклады сягаюць да 4 тысячаў, і тады можна казаць пра самаакупнасьць. Другі варыянт — калі выдавецтва нейкім хітрым чынам умантаванае ў сыстэму разьмеркаваньня дзяржаўных датацыяў”.
Органы дзяржаўнай улады робяць усё, каб беларускамоўных чытачоў было менш.


Цыганкоў: “Зьніжэньне зацікаўленасьці чытачоў беларускай кнігай вы тлумачыце агульным зьніжэньнем колькасьці тых людзей, якія ўвогуле чытаюць кнігі, ці гэта зьніжэньне колькасьці чытачоў менавіта беларускамоўных кніг?”

Булгакаў: “Я б сказаў, што органы дзяржаўнай улады робяць усё, каб беларускамоўных чытачоў было менш. Сытуацыя, калі беларуская сыстэма асьветы не прадукуе носьбітаў беларускай мовы, калі ўвогуле беларуская мова вышпурнутая ў нейкія рэзэрвацыі, гета. Беларускамоўная літаратура пераўтвараецца ў субкультурную літаратуру.

Другі чыньнік, які ўплывае на падзеньне накладаў, — глябалізацыя і ўваходжаньне Беларусі ў інфармацыйны век. Кніга ў інфармацыйным стагодзьдзі перастае быць нейкім падставовым носьбітам інфармацыі і сродкам засваеньня мастацкай літаратуры, галоўным інструмэнтам школьнай асьветы. Адпаведныя рынкі прапануюць значна больш альтэрнатывы”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG