Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Беларусі, наадварот: больш забяруць, чым вернуць…”


Ва Ўкраіне ўлады паабяцалі вярнуць страчаныя ўклады насельніцтва. Ці магчыма гэта ў Беларусі? Вось што пра гэта думаюць гарадзенцы.


Спадар: “Дзяржава падманула людзей у свой час, калі грашовыя ўклады згарэлі. Няважна, што цяпер падзяліліся на некалькі дзяржаваў, кожная дзяржава павінна вярнуць грошы. Канечне, гэта рэальна”.

Спадар (з усьмешкай): “Тут, у Беларусі, наадварот: больш забяруць, чым вернуць. У мяне таксама былі ўклады, тысяч дзесяць рублёў, на той час гэта была нармальная сума...”

Сталы спадар: “Былі ў нас уклады, мы іх страцілі, але я думаю, што ў бліжэйшай пэрспэктыве, яшчэ энную колькасьць гадоў мы нічога назад не атрымаем, вось і ўсё. І вы самі гэта ведаеце, правільна?”

Спадар: “У мяне былі ўклады, дзесяць тысяч рублёў”.

Карэспандэнт: “Ці спадзеяцеся вы, што іх можна яшчэ будзе вярнуць? Ці рэальна гэта ў Беларусі?”

Спадар: “На дадзеным этапе пакуль не”.

Карэспандэнт: “Вы пра гэта ўжо ня думаеце? Ці ўсё ж такі ў глыбіні душы яшчэ надзея застаецца?”

Спадар: “Няма ніякай надзеі”.

Сталая спадарыня: “Я ж усё жыцьцё на Савецкі Саюз працавала, і паўсюдна былі мізэрныя заробкі, а цяпер яшчэ такія пэнсіі… Я толькі мару, каб хаця б палову грошай аддалі. За мае грошы я магла тады дзьве машыны купіць, я па дзясятачцы адкладала. Яны цяпер кажуць, што трыццаць шэсьць, здаецца, тысяч мне дадуць за тыя грошы, я хадзіла, цікавілася. Я кажу: не, няхай гэтая ашчадная кніжка ў мяне на памяць застанецца, каб унукі ведалі, што ўсё жыцьцё нас падманвалі. А ў Беларусі цяпер увогуле немагчыма жыць, зайдзіце ў краму... Такога непарадку, як у нас у краіне, напэўна, ва ўсім сьвеце няма”.

Спадар: “Вярнуць уклады нідзе не рэальна: ні ў Расеі, на ва Ўкраіне, ні ў Беларусі. Цалкам уклады ніхто ніколі ня верне. А ва Ўкраіне, я лічу, гэта проста трук і ня больш за тое. У мяне асабіста ўкладаў як не было, так і няма і, верагодна, ужо ня будзе, таму сумаваньня няма”.

Сталы спадар: “На сёньняшні дзень я сумняюся, што ў нас рэальна могуць вярнуць страчаныя грошы. Я думаю, сродкаў на гэта ня знойдзецца. Хоць усе пра гэта думаюць, але вяртаньне ўкладаў зусім не рэальна. Я страціў шмат, тысяч сорак на тыя грошы. Даводзіцца зьмірыцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG