Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія жывёлы і расьліны - пад пагрозай зьнікненьня?


Фэдэральнае ведамства па ахове прыроды Нямеччыны б'е трывогу: зьмяненьне клімату можа прывесьці да страты 30% відаў жывёльнага і расьліннага сьвету краіны.


А ўплывовы навуковы часопіс “Nature” піша, што праз 50 гадоў з-за зьменаў клімату зьнікне каля мільёну відаў жывёл і расьлін (каля 20%). Беларусь гэтыя зьмены таксама закрануць, кажуць навукоўцы. Якія жывёлы і расьліны знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня? Ці зьяўляюцца нейкія новыя?

У Чырвонай кнізе Беларусі -- 189 відаў жывёл і 274 расьліны

Нядаўна выйшла трэцяе выданьне Чырвонай кнігі Беларусі - афіцыйнага даведніку аб стане рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, відаў фаўны і флёры Беларусі. Для параўнаньня: у першае выданьне ў 1981 годзе было ўключана 80 відаў ахоўных жывёл і 85 відаў расьлін. Трэцяе выданьне складаецца ўжо з двух тамоў, у ім 189 відаў жывёл і 274 расьліны.

Што да флёры, у Чырвоную кнігу заносяццца толькі дзікарослыя віды. Былі выпадкі, калі заносілі проста рэдкія віды – да прыкладу, цюльпан лясны, які знайшлі ў раёне блакітных азёр у Мядзелскім раёне. Калі вывучылі, высьветлілася, што гэта дэкаратыўны від, які занесьлі ў лес. Тлумачэньне супрацоўніка Інстытуту батанікі Аркадзя Скуратовіча:

“Тое, што ў нас нейкае экстравагантнае, экзатычнае дрэва альбо іншая расьліна расьце, гэта яшчэ не падстава занесьці яго ў Чырвоную кнігу. Падстава для занясеньня ў Чырвоную кнігу – рэдкасьць, але дзікарослай расьліны. Рэдкасьць і, самае галоўнае, непрыстасаванасьць”.

Зуброў і баброў стала вельмі шмат

Тое самае і з прадстаўнікамі жывёльнага сьвету: падстава для занясеньня ў Чырвоную кнігу – малалікасьць папуляцыі. Але колькасьць жывёлаў мяняецца штогод, кажа намесьнік дырэктара Інстытуту заалёгіі па навуцы Аляксандар Пленін:

“Вось, да прыкладу, воўк. У Эўропе гэта вельмі рэдкі від, бо там няма вялікіх масіваў лясных. У Беларусі яго стала дастаткова шмат, а ў Расеі, наагул, вельмі шмат. А бабёр у нас унесены ў Чырвоную кнігу, але яго стала вельмі шмат, і ён пачынае ўжо шкодзіць. Маса праблем цяпер з бабром”.

Сымбаль Беларусі – зубар – таксама ўнесены ў Чырвоную кнігу, а яго зараз больш за 700 асобінаў. У Белавескай пушчы і Бярэзінскім запаведніку яму ўжо стала цесна, зуброў расьсялілі, каб не было пагаршэньня віду, кажа Аляксандар Пленін:

“Зубр ужо па ўзгадненьні зь Мінпрыроды атрымаў падвойны статус. То бок, ён унесены ў Чырвоную кнігу, але ў шэрагу выпадку зуброў можна адстрэльваць для трафэйнага паляваньня. Ужо прайшоў той час, калі трэба было захоўваць усіх, каб выжыла папуляцыя. То бок, Чырвоная кніга – гэта дынамічны дакумэнт”.

Да птушак – эўрапейскі падыход

Птушак у Чырвонай кнізе Беларусі 75 відаў. Іх зьмяшчалі па новых падыходах: улічвалася ня толькі рэдкасьць віду ў Беларусі, а ў цэлым статус па Эўропе, кажа дырэктар грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктар Пінчук:

“Дзякуючы гэтаму падыходу, у Чырвоную кнігу трапіў дзяркач, які для Беларусі звычайны, але занесены ва ўсе Чырвоныя кнігі краінаў Эўразьвязу. У кнігу трапіў вялікі грыцук. Зь кнігі выйшла паўночная качка, яе статус у Эўропе вельмі добры”.

Экспансія новых відаў небясьпечная

Таму ў Чырвонай кнізе зьяўляюцца новыя віды, а некаторыя зь яе выдаляюцца. Апошнім часам з розных прычынаў, а перш за ўсё, з-за глябальнага пацяпленьня ў Беларусі зьяўляюцца новыя віды флёры і фаўны, якія раней тут не сустракаліся. З флёры часьцей за ўсё гэта сорныя віды расьлінаў, якія трапляюць з грузамі, зернем, птушкамі. І некаторыя зь іх пачынаюць рабіць экспансію, што не заўсёды добра. Распавядае супрацоўнік Інстытуту батанікі Аркадзь Скуратовіч:

“Да прыкладу, баршчавік Сасноўскага – каўкаскі жыхар, і гэты “каўкаскі гарачы хлопец” нарабіў у Беларусі шмат непрыемнасьцяў і працягвае пашыраць свае межы. І супраць яго няма пакуль ніякіх насякомых, грыбкоў. Выдзіраць яго вельмі складана”.

Праз 100 гадоў Беларусь пакінуць глушцы і цецерукі

Што да глябальнага пацяпленьня, то фаўна Беларусі таксама значна зьменіцца. Міжнародная арганізацыя аховы птушак “Bird Live International” літаральна ўчора выпусьціла Кліматычны атлас птушак. Якія зьмены чакаюць пярнатых, распавядае арнітоляг Віктар Пінчук:

“Праз 100 гадоў арэал птушак пасунецца на поўнач прыкладна на 500 кілямэтраў. Тыя птушкі, якія цяпер жывуць на Беларусі – глушэц, цецярук , чачавіца, арабак, якія зьвязаныя з хваёвымі лясамі, у Беларусі праз 100 гадоў ня будуць гнездаваць. Зьмяненьні арэалу назіраюцца ўжо зараз – напрыклад, малой белай чаплі, нават на зімоўцы застаўся гэты від”.

У прэсе пэрыядычна можна прачытаць сэнсацыйныя паведамленьні, што ў Беларусі зьяўляюцца экзатычныя віды жывёл, птушак, рыб, кшталту піраньняў ці амэрыканскага шчупака. Тлумачэньне заоляга Аляксандар Пленіна:

“Амэрыканскі шчупак – гэта нейкая блытаніна. Амэрыканскі паласаты рак – так. І піраньні зьяўляліся. Але гэта ж акварыюмісты выпускаюць. Ну як можа піраньня з Паўднёвай Амэрыкі трапіць да нас? Натуральна, сюды завозяцца некаторыя віды, падпольна альбо афіцыйна. А потым яны трапляюць у прыроду з прычынаў чыста чалавечых. Але яны тут не выжываюць. Як піраньня можа тут выжыць?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG