Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра клясавую салідарнасьць, аналітычную безадказнасьць і здані гданьскай сточні

  • Віталь Сіліцкі

Адмяніўшы льготы і пачаўшы кампанію фактычнай ліквідацыі індывідуальнага прадпрымальніцтва, улады зрабілі нашмат больш для таго, каб у штодзённае жыццё беларускага грамадзтва вярнулася палітыка, чым, магчыма, усе патугі апазіцыі за некалькі гадоў. Прынамсі, дыскусіяў на палітычныя тэмы ў лазьнях я ня чуў дзесьці з пачатку тысячагодзьдзя.


Прычым, такая палітызацыя засьпела, здаецца, зьнянацку як улады так і апазыцыю. Улада, выглядае, разьлічвала, што атака на “ўшывых блох” справакуе паглыбленьне да іх клясавай нянавісьці з боку вытворцаў айчынных лядоўняў, тэлевізараў і трыкатажу “Хіт Дажынак”, якія паўстануць супраць ждановіцкага гандляра гэтаксама, як паўсталі французы і галяндцы супраць польскага сантэхніка. Дарэчы, адзін незалежны журналіст у інтэрвію на Радыё Свабода прыкладна паўгода таму зь пенай у роце даказываў вашаму пакорнаму, што меркаваньні аб тым, што пратэсты прадпрымальнікаў выклічуць грамадзкі рэзананс, сьведчаць пра тое, што аналітык “ня ведае жыцьця”. Ну-ну – каб даведацца пра жыцьцё, дастаткова было прашмыгнуцца ў базарны дзень па Камароўцы ці Жданах і паслухаць, што кажуць людзі ля пустых прылаўкаў...

Наконт апазыцыі, дык, нягледзячы на падрыхтоўку сацыяльнага маршу, многія яе лідэры ў прыватным парадку выказвалі меркаваньне, што “лавіць” на гэтым пытаньні няма чаго, бо закранутыя будуць у асноўным не мабілізуемыя на вулічныя акцыі сацыяльныя групы. Дарэчы, тут мушу прызнацца, незалежныя аналітыкі, разам з вашым пакорным, збольшага падзялялі гэты пункт гледжаньня. І, мушу прызнацца, дзесьці аблажаліся ў прагнозах. Не, выбуху з-за льготаў сапраўды не адбылося, тут усё правільна. Але тое, што адзін ільготаатрымальнік або сядзеў на шыі ў двух нельгатуемых бацькоў, або сам кагосьці падкормліваў, аналітыкі неяк не акцэнтавалі. Думалі, што пакрыўдзіцца на ўлады дзесьці чвэрць насельніцтва, аказалася, прыкладна ўтрая больш....

Але памылкі незалежных аналітыкаў не ідуць ні ў якае параўнаньне з дубовым палітычным менэджмэнтам эканамічных навацый апошняга часу. Кажучы сьцісла, біць адначасова па тых, хто выбудоўвае незалежнае ад дзяржавы існаваньне і тых, хто знаходзіцца ад гэтай дзяржавы ў поўнай фінансавай залежнасьці – гэта ствараць тую самую сытуацыю, калі нізы ўжо не захочуць ды яшчэ, глядзі, і актыўнічаць пачнуць... Нават ужо Беларусь дасягнула неверагоднага для цывілізаванай Эўропы ўзроўню клясавай салідарнасьці – дзе яшчэ акулы капіталізму выходзяць на маршы дармаедаў, а спэкулянты і жулікі перакрываюць галоўную магістраль сталіцы з плякатам, патрабуючы адмены льготаў...

Некалькі месяцаў таму я спрачаўся зь некаторымі апазыцыйнымі актывістамі, якія былі ўпэўненыя, што на выбарах яны ня мусяць размаўляць зь людзьмі пра лямпачкі і заробкі, а прапагандаваць “каштоўнасную альтэрнатыву”. Вось, калі ласка, прапагандуйце. Растлумачце пэнсіянэркам, навошта ім патрэбны паўнавартасны парлямэнт і чаму свабода прадпрымальніцтва падвысіць пакупніцкую здольнасьць іхняй пэнсіі. Растлумачце прадпрымальнікам, што пакуль у краіне захоўваецца сыстэма, пры якой адным росчыркам пяра адной асобы можна цалкам памяняць умовы гульні на рынку ці нават скасаваць яго, іхнія паходы з пэтыцыямі да ўраду застануцца толькі карцінкай для ТВ. Растлумачце і тым і другім, што яны адзін аднаму патрэбныя, а значыць, у іх агульныя інтарэсы. Тады, магчыма, і зьявяцца агульныя альтэрнатыўныя каштоўнасьці.

І ўсё такі, як аналітыку мне нешта сьвярбіць... Кансультаваўшы аднаго з апазыцыйных дзеячоў у пытаньні льготаў, я прыгадаў дасьледаваньні, якія паказваюць, што большасьцю зь іх насамрэч карыстаюцца людзі адносна заможныя. Гэта ня значыць, канешне, што яны ў захапленьні ад адмены льготаў, аднак тое, што гэтую сыстэму трэба было мяняць, пытаньняў не ўзьнікала. Мой візаві, эканаміст, адказваў, “ведаю, згодны, але ты ведаеш, што такое палітыка”. Ведаю, таму, пэўна, і ня лезу.

Гэтак сама з прадпрымальнікамі. Не, я іх вядома, падтрымліваю і адабраю ў нялёгкай барацьбе. Аднак пражыўшы гады за мяжой, магу цудоўна распавесьці пра тое, як у Варшаве і Будапэшце, Вільні і Празе проста вымяталіся як кляса дробныя лавачнікі з прыходам вялікіх на кожнае буйное скрыжаваньне гіпэраў і дробнагуртовых гігантаў. Прынамсі па Штатах магу сказаць, што адно працоўнае месца ў гіпэрмаркеце нішчыць шэсць-восем у дробным бізнэсе. Так, у іх Валмартызацыя, у нас драпежніцкі рэжымны дзяржкапіталізм. Так, у іх прыватны бізнэс настолькі моцны а рынак працы гнуткі, што можна без праблемаў пачаць нешта новае ці знайсьці іншую працу. Так, нашым людзям, акрамя гэтых шапікаў і шопікаў, проста няма куды пайсьці (застаецца хіба эміграцыя або тыя самыя гіганты, якія ляснуцца, калі кошт на газ павялічыцца яшчэ ўдвая)... Так, мы мусім прапанаваць і прасоўваць альтэрнатывы, улічваючы гэтыя акалічнасьці. Але...

Але здань палітычнай калыскі Леха Валэнсы, гданьскай сточні, якая спачатку парадзіла Салідарнасьць, а потым загнулася пасля падзеньня камунізму, неяк лунае злавесным ценем перад вачыма. Гданьскую сточню, здаецца, урэшце рэшт выкупілі ўкраінцы. На Жданы пакупнік, напэўна, знойдзецца таксама...

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG