Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня: 150-е месца з 157 краінаў сьвету


Такая пазыцыя Беларусі паводле індэксу эканамічнай свабоды, які ўжо 14 гадоў запар падлічваюць амерыканскі дасьледны фонд "Heritage Foundation" і газэта “The Wall Street Journal”.


Паводле ўзроўню эканамічнай свабоды Беларусь займае апошняе месца ў Эўропе, а ў сьвеце знаходзіцца побач з такімі краінамі, як Іран, Туркмэністан, Бірма, Лівія, Зымбабвэ, Куба і КНДР.

У рэйтынгу краіны ацэньваюцца паводле 10 паказчыкаў: ступені эканамічных, гандлёвых свабодаў, інвэстыцыйнай адкрытасьці, умяшаньня дзяржавы ў эканоміку, ступені карупцыі і г.д. Кожны зь іх вымяраецца па стобальнай шкале – 100 балаў адпавядаюць максымуму свабоды, 0 – мінімуму.

Першае месца ў рэйтынгу займае Ганконг (90,3 бала), другое – Сынгапур (87,4 бала), трэцяе – Ірляндыя (82,4 бала). У дзесятку лідэраў увайшлі таксама Аўстралія, ЗША, Новая Зэляндыя, Канада, Чылі, Швэйцарыя і Вялікабрытанія.

Суседка Беларусі – Літва , апынулася на 26-м месцы, Расея – на 134-м, паміж Украінай і Віетнамам. Кітай знаходзіцца на 126-й пазыцыі.

Краіны, якія маюць значэньне індэксу ад 80 да 100, трапляюць у катэгорыю свабодных, ад 70 да 80 – збольшага свабодных, ад 60 да 70 – часткова свабодных, ад 50 да 60 – збольшага несвабодных, і ніжэй за 50 – рэпрэсіўных. Індэкс Беларусі – 44,7.

Беларусь сёлета заняла 150 месца, такое ж, як і летась, але значэньне яе індэксу свабоды за год паменшылася, яна апынулася на ўзроўні трохгадовай даўніны.

Індэкс эканамічнай свабоды Беларусі, 1995-2000

2008

2007

2006

2005

2004

2003

2002

2001

2000

1999

1998

1997

1996

1995

44,7

46,45

46,85

46,31

43,07

39,72

39,01

38,01

41,29

35,4

37,99

39,78

38,66

40,38


Паводле справаздачы, асабліва заўважна эканамічная свабода зьменшылася ў Беларусі за мінулы год паводле свабоды гандлю (з 67,2 да 52,2), свабоды ад урадавага ўмяшаньня (з 60,3 да 35.5), свабоды ад карупцыі (з 26 да 21). У той жа час, крыху палепшылася сытуацыя зь бізнэс кліматам (з 55,7 да 58,6) і са свабодай у сфэры грашовай палітыкі (з 61,5 да 66,2). Але балянс у цэлым стаўся адмоўным.

Калі казаць пра сьвет у цэлым, то істотна за год сытуацыя не зьмянілася. Экспэрты адзначаюць істотнае паляпшэньне сытуацыі ў Эгіпце і Манголіі. Паводле рэгіянальнага падзелу, рэгіёнам найбольшай эканамічнай свабоды зьяўляецца Эўропа, другі рэгіён, дзе індэкс вышэй за сярэдні ў сьвеце, – Амэрыка. Яе высокія паказчыкі забясьпечваюцца такімі краінамі, як ЗША, Канада, Чылі і Сальвадор, аднак паказчыкі Аргентыны, Балівіі, Вэнэсуэлы і Кубы цягнуць паказчык кантынэнту ўніз.

У артыкуле ў “The Wall Street Journal”, прысьвечаным публікацыі сёлетняга індэксу, адзначаецца цікавая закамернасьць: даход на душу насельніцтва ў краінах, якія займаюць першыя 20% месцаў у індэксе эканамічнай свабоды, удвая большы, чым у тых, што знаходзяцца ў другіх 20% сьпісу, і ў 5 разоў болей, чым ў краінах, якія замыкаюць сьпіс. На думку газэты, гэта відавочная сувязь паміж эканамічнай свабодай і багацьцем.

Да сёлетняй справаздачы па індэксу свабоды прыкладаецца дасьледваньне амэрыканскага эканаміста Карла Шрама, у якім паказваецца што эканамічныя посьпехі залежаць ня толькі ад разумнай макраэканамічнай палітыкі ўраду, але і ад дынамізму і здольнасьцяў прадпрымальнікаў краіны. Газэта цытуе францускага палітоляга і эканаміста Гі Сармана, які нагадвае, што гандлёвы бум, які дазволіў Эўропе падняцца з каленяў пасьля Другой Усясьветнай вайны, быў плёнам дзейнасьці не дыпляматаў, а прадпрымальнікаў. “Сёньняшнія прадпрымальнікі ва ўсім сьвеце маюць такія ж памкненьні і здольнасьці. Каб толькі палітыкі дазволілі ім быць свабоднымі!”, – піша францускі навуковец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG