Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра абсурд, веру і давер



На пачатку сваіх запісаў на блогу “Свабоды” я дакляраваў сам і заклікаў сяброў-беларусаў дарэчна карыстацца беларускім словам, паводле сутнасьці ды існасьці зьявы, пра якую мы гаворым. Кшталту таго, як мы лексычна слушна даводзім: “Рэч у тым, што …”. Карыстаючыся такой моўнай фігурай, мы дакляруем, што будзем выкладаць сваё бачаньне на прадмет ці зьяву па сутнасьці і без суб’ектывізму. Ужываючы, напрыклад, выраз “справа ў тым, што …”, мы выходзім на іншы ўзровень разважаньняў – выкладаем зьнешні зьбег абставінаў.

Засвоіўшы фармальна беларускую (дзе няма лексычнай кадыфікацыі) і прыблізна расейскую мовы і валодаючы фрагмэнтамі мультыкультуральных ведаў (замежная філязофія, сацыялёгія, тэорыя бізнэсу і г. д.) мы, нават тыя, хто лічыць сябе гуманітарна зацікаўленым – я не ўжываю словы “эліта” ці “інтэлігенцыя” – лёгка і без сумневу ў межах аднаго прадмета гаворкі пераскокваем з аднаго ўзроўню лёгікі на суседні, хапаем адно слова з адной мовы, потым з другой, пазычаем сацыялягічны ці філязофскі тэрмін (ня сэнс!) дзе-небудзь у Амэрыцы, працягваем праз расейскі modus vivendi і моўныя штампы, садзім на сваю глебу, палемізуем … І нярэдка прыходзім да абсурдных высноваў.

***

Паставіўшы ў загаловак побач словы “абсурд” і “вера”, я ня меў на мэце разважаць у калядныя ды “крывыя вечары” пра тэртуліянаўскае сredo, quia absurdum est. Падумалася пра зямное: дзяржаву, дэмакратыю, масмэдыі, навуковыя дасьледаваньні. У дзяржаўным фармаце абсурду – хоць яндоўкай сёрбай. Кліпы, кліпы, кліпы абсурду. Начальник БТ Зімоўскі, якому чытачы “Нашай нівы” некалі прысвоілі тытул “ганаровы крумкач”, уганараваны мэдалём Францыска Скарыны… Любімец публікі, Калдун-малодшы, што вядзе на БТ “Один против всех”, пытаецца ў гульца: “Какой режиссёр отечественного кинемотографа поставил фильм “Морозко”? (Перад гэтым палова залы ня ведала, што такое батлейка)… Расейскі доктар, які важыць кілаграм 120, на тэлеканале, што без купюр рэтрансьлюецца на Беларусь, разважаючы пра тлустае, скаромнае і выпіўку, раіць маладым перад Новым годам і Калядамі: “Когда идете на ночь в гости, берите с собой несколько упаковок панкреатину и презервативов”… Гэтыя прыклады абсурду і публічнага цынізму лёгка прачытваюцца.

Аднак адносна пары “вера – давер” я б хацеў паразважаць пра глыбока схаваны абсурд. Слова “вера” я ўжываю тут у тэалягічным сэнсе. Журналісты, у тым ліку і свабодаўскія, ахвотна ўжываюць дзеяслоў “верыць” з размытай сэмантыкай. Апытваюць людзей на вуліцах у тэматычнай рубрыцы “У што я веру?”. Зянон Пазьняк кажа, што верыў і верыць у Бога і сьветлую будучыню Беларусі. Мінак каля цырку верыць у каханьне, прадавачка на Камароўцы – што дзеці выйдуць у людзі. Слухач з Брэсту – верыць Богу, а ня ў Бога

Выгнаны зь Беларусі Інстытут сацыялягічных дасьледаваньняў прафэсара Манаева правёў апытаньне пра тое, каму грамадзяне Беларусі больш давяраюць: прэзыдэнту, апазыцыі, войску, царкве, мэдыям…? Атрымалі адказ: царкве. Тут запаўзае ў мяне разумова-эмацыйны дыскамфорт. На жаль, анкету сацыёлягаў я ня бачыў, як дакладна там гучалі пытаньні ня ведаю. Адно зразумела, прафэсар Манаеў ня першы, хто праводзіць апытаньне пра давер грамадзкім інстытутам. Такое робяць шмат у якіх краінах. Але ж там царква – свая, нацыянальная. Хрэстаматыйны прыклад – каталіцкая царква ў Польшчы. У манаеўскім выпадку мае месца, на мой погляд, неразьмежаваньне дзьвюх рэчаў: Бог, Царква як агульныя паняткі і беларуская царква як складнік беларускага грамадзтва. Наколькі я чуў самога Манаева, чытаў папулярныя публікацыі ягонага Інстытуту, мне здалося, што яны фармулююць Беларусь як сувэрэнную дзяржаву. Але ж якая царква, акрамя хіба незарэгістраванай аўтакефальнай, як цяпер кажуць, артыкулявала сябе ў казанях, зваротах да вернікаў як выразьнік беларускіх інтарэсаў? Касьцёл на Беларусі, больш-менш прыхільна ставячыся да беларускай мовы ды імплікуючы дэмакратыю і талеранцыю вуснамі лепшых прадстаўнікоў кшталту Тадэвуша Кандрусевіча, – яшчэ не беларуская царква. Нашы спрэс рускамоўныя ды прагматычныя баптысты – яны што, пратэставаць супраць нашага умаскоўленьня будуць? Пра РПЦ – я маўчу. Тут 99-адсоткавы цэзарапапізм.

І паводле лукашэнкаўскіх сацыёлягаў зараз большасьць грамадзян РБ – за сваю дзяржаўнасьць. Дык якой жа царкве давяраюць беларусы? Той, што абрабаваных пэнсіянэраў, чарнобыльцаў ды “аўганцаў”, што жывата свайго дзеля дзяржавы не бераглі, нават словам ня ўцешыла? Той, што плачу мацярок ды жонак зьніклых палітыкаў не пачула? Той, што лядовыя палацы ды капліцы ў вайсковых гарадках амапу кадзілам сьвеньціць? Той, што супраць татальнага грэху лжэсьведчаньня ЦВК ды цынізму БТ голасу не падае? Мусіць, сацыёлягі нешта пераблыталі.

Паняткі Бог, царква, вера, давер для нашага змардаванага дзяржавай народу – што чорна-белае маніхейства. Дзяржава – зло. Бог і царква – дабро. Беларусы любяць Бога і давяраюць Царкве як правадніку боскага слова. Нашай калядзяржаўнай царкве можна давяраць толькі як віртуальнаму субстытуту Хрыстовай Царквы. Адна надзея на нэафіцкую харызматыку Севярынца... Тут я трошкі іранізую.

Калі царква нясе сапраўды слова Хрыста і жыве паводле Хрыста, ставіць пытаньне пра давер да яе – абсурд. Хто прыйшоў да веры, той карыстаецца Хрыстовай лёгікай: па пладах спазнаеце ісьціну (Мац. 7, 16). Давер да абсалютнай ісьціны заўсёды павінен быць 100%. Сапраўднай царкве нельга не давяраць, як нельга не любіць чыстае паветра і дасканалы сьпеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG