Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ТБМ зладзіла “Беларускае пяціборства”


У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя А.Куляшова прайшло інтэлектуальнае спаборніцтва “Беларускае пяціборства-VII”.

У сёмы раз яго арганізавалі і правялі актывісты гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы на чале з рэпэтытарам матэматыкі Міхасём Булавацкім.
Як і ў мінулыя гады, удзельнікі пяціборства меліся разьвязаць матэматычную задачу, а таксама адказаць на пытаньні зь гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і адной з дысцыплін цыклю “Прырода і Сусьвет”. Рашэньні ды адказы спаборнікі меліся падаваць на беларускай мове, якасьць якой таксама ўлічвалася падчас падвядзеньня вынікаў.
У сёлетнім пяціборстве ўдзельнічаў 21 вучань. Гаварыць Міхась Булавацкі:
“Прыемна тое, што сярод удзельнікаў былі шырока прадстаўленыя рэгіёны. Былі ўдзельнікі з Быхаўскага раёну, Бабруйскага, Чэрыкаўскага, Мсьціслаўскага, Чавускага, Горацкага. Большасьць былі магілёўцы”
Сярод удзельнікаў пяціборства былі пераможцы школьных матэматычных, моўных і іншых алімпіяд.
Перамог у сёлетнім інтэлектуальным спаборніцтве Андрэй Дарожкін зь вёскі Гарбавічы Чавускага раёну, цяпер ён вучыцца ў адзінаццатай клясе магілёўскага ліцэю №1. Юлія Чардакова з магілёўскага ліцэю №3 заняла другое месца, а Андрэй Калашнікоў з гэтага ж ліцэю заняў трэцяе месца.
Акрамя таго, Андрэй Калашнікоў атрымаў спэцыяльны прыз за лепшае вырашэньне матэматычнай задачы. Магілеўчанку Юлію Цітакова ўганаравалі прызам за лепшы адказ па беларускай літаратуры, а Сьвятлану Дзенісевіч з Дрыбіна за ўзровень веды беларускай мовы.
Міхась Булавацкі зазначае, што на сёлетнім спаборніцтве пераможца змог зарабіць 95 балаў з 300 магчымых. І гэта дужа нізкі паказньнік у параўнаньні зь вынікамі мінулых спаборніцтваў, тады пераможцы зараблялі да 170 балаў.
“Пра матэматыку тут можна ня дужа гаварыць. Па мове паказваюць усё больш нізкія вынікі. Ня толькі ў Магілёве, але па Магілёўшчыне ўвогуле і ў вясковых школах і гарадзкіх школах школьнікі пачынаюць усё слабей валодаць роднай мовай. Гэта дзяржаўнае неспрыяльнае нашай мове, наша мова выціскаецца з усіх сфэраў ужытку і людзі адчуваюць, што гэта мова як бы не патрэбная і менш прыкладаюць намаганьняў, каб яе ведаць”, - мяркуе Міхась Булавацкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG