Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачатак году: рост коштаў на энэргарэсурсы


Ад пачатку 2008 году адкарэктаваныя кошты на цэлы шэраг энэрганосьбітаў, якія Беларусь набывае ў Расеі.


Амаль на 20% падвышаныя цэны на прыродны газ; на 14% вырасла мыта на сырую нафту. На думку спэцыялістаў, такія эканамічныя ўмовы запатрабуюць ад дзяржавы пошуку новых крыніцаў фінансаваньня.

Ад 100 да 119 даляраў за тысячу кубамэтраў павялічаны з 1 студзеня кошт расейскага прыроднага газу для Беларусі. Ня выключана, што ў хуткім часе і гэты кошт зьменіцца, паколькі беларуска-расейская дамова вызначае згаданую суму толькі для першага кварталу 2008 году. У адпаведнасьці з дакумэнтам, пакуль што цана газу для Беларусі складзе 67% ад кошту для эўрапейскіх спажыўцоў, аднак ужо ў 2009-м яна дасягне 80%, у 2010 — 90%, а ў 2011 — усіх 100%. Варта нагадаць, што ў 2006 годзе кошт газу для Беларусі складаў 46,68 даляра за тысячу кубамэтраў.

Беларусь будзе вымушаная плаціць, як усе

Эканаміст Станіслаў Гусак ня лічыць сытуацыю ў энэргетычнай галіне крызіснай. Ён перакананы: становішча Беларусі значна больш выгаднае, чым у заходнеэўрапейскіх краін і ў бліжэйшых суседзяў:

“Для беларускай эканомікі гэта не сьмяротна. У нас той жа ўзровень эканомікі, што, прыкладам, і ва Ўкраіне. Тэхналёгіі Ўкраіны ня вельмі адрозьніваюцца ад тэхналёгій, якія існуюць у Беларусі, яны аднолькавыя па цэлым шэрагу галін прамысловасьці. Дык вось, Украіна абвясьціла: калі тысяча кубоў газу каштуе 180 даляраў, то гэта для прамысловасьці нармальна. А вось калі болей, то гэта ўжо становіцца нерэнтабэльным, ня будзе прыбытку. Асабліва што да тых заводаў, дзе газ ідзе не як паліва, а як сыравіна для атрыманьня нейкай прадукцыі. І мне здаецца, што ўрэшце мы таксама прыйдзем да ўкраінскіх коштаў. Бо так не бывае, каб адной дзяржаве па адной цане давалі, іншай — па прынцыпова завышанай”.

Спэцыяліст у галіне энэргазьберажэньня, кандыдат тэхнічных навук Алесь Клышка перакананы: так ці інакш падвышэньне коштаў на імпартаваныя энэргарэсурсы адрэзануе на ўсіх жыхарах Беларусі, якім давядзецца болей плаціць за камунальныя паслугі. Адпаведна, падаражэюць тавары, прадукты харчаваньня і г.д. І ў гэтым зьвязку навуковец лічыць, што беларускім уладам трэба імкнуцца пазбавіцца ад расейскай манаполіі:

“Трэба быць рэалістамі: думаю, што, безумоўна, усё гэта на нас яшчэ адаб’ецца, прычым на кожнай беларускай сям’і. Такі пэрыяд перажылі ў свой час прыбалтыйскія краіны, такія ж складанасьці перажылі закаўкаскія краіны. Нікуды не падзецца: на сёньняшні дзень мы залежым ад “Газпрому”, увогуле ад Расеі паводле шмат якіх паказьнікаў. І, я перакананы, трэба рабіць усе магчымыя захады, каб зьменшыць гэтую залежнасьць. Бо гэтая залежнасьць — пагроза нашай дзяржаўнай незалежнасьці”.

Ці можна пазбавіцца ад расейскай залежнасьці?

Між тым альтэрнатыўныя крыніцы энэргапаставак пакуль або даюць неістотныя аб’ёмы, або ўвогуле застаюцца на ўзроўні дэкляраваных намераў. Расея тым часам заявіла пра новае падвышэньне мыта на сырую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. Так, да канца мінулага году стаўка для нафты, якая ўвозіцца ў Беларусь, была крыху болей за 80 даляраў за тону. Ад 1 студзеня 2008 году яна вырасла да 92,26 даляра, або на 14%.

Эканаміст Тацяна Манёнак лічыць, што ў такіх умовах варта чакаць чарговага падвышэньня коштаў на прадукцыю, якую рэалізуе канцэрн “Белнафтахім”. Перадусім гэта тычыцца коштаў паліва, якія, дарэчы, летась уздымаліся кожны квартал:

“Відавочна, што спэцыялістам канцэрну “Белнафтахім” хацелася б падвышаць кошты часьцей і, напэўна, значна больш, бо гэтага патрабуе эканоміка беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Рэч у тым, што сёньня яны працуюць на ўнутраны рынак, маючы страты дзесьці каля ста даляраў у сярэднім на тону нафтапрадуктаў. І нязначныя падвышэньні прынцыпова не вырашаюць сытуацыі, бо праблема існуе ня толькі на ўнутраным рынку: на зьнешнім рынку канцэрн апошнім часам таксама нясе вялікія страты. І падвышэньне дзяржаўных субсыдый, кампэнсацыя на 90% ад спэцпошліны на нафту, якая паступае ў Беларусь, таксама прынцыпова сытуацыі не вырашае”.

На перакананьне эканаміста Леаніда Заікі, у 2008 годзе Расея канчаткова “пасадзіць” Беларусь на фінансавую “наркатычную іголку”. На думку экспэрта, расейцы зацікаўленыя даваць Беларусі пазыкі (як у выпадку зь нядаўнім крэдытам у 1,5 мільярда даляраў), каб потым прэтэндаваць на стратэгічныя беларускія прадпрыемствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG