Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымала 1,5 мільярда расейскага крэдыту


Cёньня ўрад Расейскай Фэдэрацыі пералічыў Беларусі 1,5 мільярда даляраў дзяржаўнага крэдыту.


Лёс яшчэ аднаго крэдыту — на 2 мільярды даляраў — няпэўны і ва ўладных структурах не камэнтуецца.

Сёлета ў лютым беларускі ўрад зьвярнуўся да Расеі з просьбай выдаць крэдыт у памеры 1,5 мільярда даляраў на аплату паставак расейскіх энэргарэсурсаў. Адпаведнай дамоўленасьці дасягнулі ў сярэдзіне сьнежня, падчас візыту ў Менск прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Тады ж акрэсьлілі і ўмовы пазыкі: 15 гадоў з адтэрміноўкай на 5 гадоў, працэнты паводле стаўкі 0,75% гадавых. 20 сьнежня ў Маскве з умовамі крэдытаваньня пагадзіліся віцэ-прэм'ер Расеі Аляксей Кудрын і міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут.

Усьлед за крэдытам — эканамічны шантаж


Аляксей Кудрын заявіў, што цягам 2008 году Расея разглядзіць магчымасьць падтрымаць беларускую эканоміку яшчэ адным стабілізацыйным крэдытам у суме 2 мільярды даляраў. Ён паведаміў, што ад Беларусі атрыманы запыт на рэгістрацыю такой пазыкі і цяпер ідуць падрыхтоўчыя працы. Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць: Расея канчаткова “прывязала” эканоміку Беларусі да сваёй і цяпер у кожны момант можа пачаць “эканамічны шантаж”:
Адбываецца “перадпродажная падрыхтоўка” Беларусі, прычым цалкам пасьпяхова

“У гэтым выпадку можна казаць пра сыстэму сазлучаных сасудаў. Падвысілі тарыфы на газ, загналі ў кут кіраўніцтва Беларусі, а цяпер можна і шантажаваць: маўляў, прадавай завод, калі нічога ня можаш зрабіць, калі такі слабы. Такім чынам адбываецца “перадпродажная падрыхтоўка” Беларусі, прычым цалкам пасьпяхова”.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты кандыдат эканамічных навук Уладзімер Ганчарык літаральна днямі вярнуўся з Масквы, дзе меў сустрэчы з расейскімі эканамістамі і палітыкамі. Паводле яго, у расейскай сталіцы погляды на крэдытаваньне беларускай эканомікі розныя:

“Я сустракаўся і з палітычнымі, і з грамадзкімі дзеячамі. І павінен сказаць, што для многіх гэта было нечаканасьцю. Прынамсі, пазыцыі бакоў падзяліліся. Адны кажуць, што гэта “падарунак”, і крэдытаў беларусы не аддадуць. Іншыя схільныя лічыць, што гэта той шлях, які вядзе да поўнай эканамічнай залежнасьці ад Расеі. Што да мяне, то я перакананы: гэта пераацэнка цяперашняй палітыкі, і другая думка больш рэальная. З прыходам да ўлады ў Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева яшчэ мацнейшаю стане эканамічная экспансія ў адносінах да Беларусі”.

Карэспандэнт: “То бок калі аналізаваць заявы, што Беларусь зьбіраецца шукаць альтэрнатыўныя энэрганосьбіты ў Вэнэсуэле, у Іране і г.д., то залежнасьць ад Расеі застаецца ў любым выпадку?”

“Безумоўна. І я думаю, што падыход да гэтых пытаньняў з боку Расеі будзе яшчэ больш прагматычны. Аддадуць крэдыты ці не аддадуць – гэта нават ня першаснае. Яны ж на доўгі час выдаюцца, і вельмі на льготных умовах. Але эканамічная залежнасьць будзе ўзмацняцца, гэта факт”.

Любы расейскі крэдыт застанецца ў Расеі

Экспэрт у беларуска-расейскіх дачыненьнях Андрэй Суздальцаў прычыну эканамічнай ляяльнасьці Расеі да Беларусі тлумачыць перадусім тым, што акрэсьленыя міжурадавымі пагадненьнямі крэдытныя сумы застануцца ў Расеі: Беларусь ад пачатку незалежнасьці ў пытаньнях паставак энэргарэсурсаў цалкам прывязаная да ўсходняга суседа:
У любым выпадку гэтыя грошы застаюцца ў Расеі

“Трэба ўлічваць, што ў любым выпадку гэтыя грошы застаюцца ў Расеі. Расейскі ўрад паўтарае сытуацыю першага паўгодзьдзя 2007 году: тады таксама далі льготу на паўгодзьдзе, пасьля чаго Расея запатрабавала грошы вярнуць у поўным аб'ёме. У гэтым выпадку ўлічваецца тое, што коштавая планка падвышаецца яшчэ больш, уводзіцца паняцьце другога, трэцяга, чацьвёртага кварталаў.

У Маскве цяпер інфармацыя ходзіць вельмі розная, у тым ліку наконт вельмі саліднай сумы, якую зьбіраецца паставіць Расея ў другой палове 2008 году. То бок у любым выпадку грошы будуць запатрабаваныя, і ў прынцыпе такі крэдыт патрэбны. Але трэба ўлічваць: крэдыт пераважна пойдзе “Газпрому”. Праблема ў тым, каб ня зьнізіць капіталізацыю “Газпрому”, вось у гэтым зацікаўленасьць расейскага боку. І ўрэшце крэдыт аказаўся выгадны: беларусы бяруць яго ад безнадзейнасьці, расейцы — дзеля таго, каб перадусім зьберагчы сваю капіталізацыю. Так што яго трэба было выдаваць”.

Напярэдадні сёньняшняга паседжаньня Савету міністраў Саюзнай дзяржавы было паведамлена, што 1,5 мільярда даляраў расейскага крэдыту мяркуецца скіраваць на фінансаваньне дэфіцыту беларускага бюджэту, які на 2008 год вызначаны ў памеры 1,9% валавога ўнутранага прадукту, альбо 1,2 мільярда даляраў. Адрасная скіраванасьць тэарэтычных 2 мільярдаў даляраў пакуль удакладняецца. Вядома, што для Беларусі магчымыя 3,5 мільярда даляраў крэдыту складуць блізу 7% гадавых выдаткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG